Якую мову лічыш роднай?

Культура Новости

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Асноўная мэта гэтага свята — у чарговы раз звярнуць увагу на прыгажосць розных нацыянальных моў. Напярэдадні гэтай даты мы пацікавіліся ў жыхароў і гасцей сталіцы,на якой мове яны размаўляюць і якую лічаць роднай.
Дзіяна Берасневіч,студэнтка:

Фота аўтара

— У маім асяроддзі амаль ніхто не размаўляе па-беларуску, таму і мне зручней выкарыстоўваць рускую. Беларускую мову добра разумею, шаную, люблю, калі на ёй чытаюць лекцыі ва ўніверсітэце. І, канечне, лічу яе роднай: гэта мова нашых дзядоў і прадзедаў, наша спадчына.

Наталля Варачаева, таргетолаг:

Фота аўтара

— Я вельмі люблю сваю родную мову, люблю беларускія песні, вершы, апавяданні. Аднак у паўсядзённым жыцці часцей усё ж такі выкарыстоўваю рускую, бо гэтага патрабуе работа. Атрымліваю вялікую асалоду, калі дапамагаю сыну рабіць хатнія заданні па беларускай мове і літаратуры, разам з ім зноўку вучу вершы (апошняе – “Хлопчык і лётчык” Янкі Купалы). Безумоўна, родную мову трэба ведаць, размаўляць на ёй, помніць яе. Гэта наша гісторыя, наша багацце!

Міраслаў Варачаеў, школьнік:

Фота аўтара

— Тата і мама з самага маленства вучылі мяне беларускім словам, таму зараз асаблівых цяжкасцей пры яе вывучэнні няма. Яшчэ ў дзіцячым садку неаднаразова ўдзельнічаў у конкурсах з нагоды дня роднай мовы і нават атрымліваў узнагароды. У школе, з сябрамі размаўляю на рускай, бо ўсе навокал гавораць на ёй. Так зручней.

Ангеліна Дзямешка, страхавы агент:

Фота аўтара

— Паколькі мае бацькі з Азербайджана, то часцяком дома гучаць адразу тры мовы. Аднак руская пераважае. Большасць маіх знаёмых размаўляюць па-руску, яна гучыць на вуліцах, у крамах, банках, кафэ… Напэўна, так уплывае асяроддзе. Вельмі добра, што у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы і ёсць выбар.

 Апытанне правяла Дзіяна Бычкова.



1 комментарий по теме “Якую мову лічыш роднай?

  1. Прыемна чытаць матэрыялы на беларускай мове! Наша мова самая мілагучная, пяшчотная, ласкавая, самая прыгожая!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *