Любоў да дзяцей перадаецца генетычна!

Новости

Некаторыя памылкова сцвярджаюць, што любві ў шматдзетнай сям’і заўсёды не хапае. Маці-гераіня Марына Малахава з аграгарадка Шашкі дапамагла развеяць гэты міф:

Я шчаслівая маці пецярых дзяцей. З радасцю і любоўю выхоўваю дзвюх дзяўчат і траіх хлопчыкаў. Магу з упэўненасцю сказаць, што мацярынскай пяшчоты хапае ўсім: і самаму маленькаму Ільюшы, якому хутка споўніцца два гады, і самай старэйшай Дар’і, якая зусім нядаўна дасягнула свайго паўналецця.

Восенню Марыне Васільеўне ўрачыста ўручылі  Ордэн Маці. Атрыманне такой узнагароды лічыцца прызнаннем здзяйснення вялікага подзвіга – мацярынства. Марына Васільеўна сапраўдная гераіня, бо ўсю сябе аддае дзецям:

Я і сама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. Ведаю, што цяжкасці бываюць заўсёды, але іх нельга баяцца. Побач са мной заўсёды любы муж Сяргей Віктаравіч. Цікава, што і ён таксама з шматдзетнай сям’і. Менавіта таму мы часта жартуем, што любоў да дзяцей перадаецца генетычна.

Але такі цікавы жарт сям’і Малахавых ужо нават цяжка назваць жартам. На тое ёсць свае прычыны. Дар’я, самая старэйшая дачка, таксама з вялікай любоўю і пяшчотай ставіцца да дзяцей. Менавіта таму пасля сканчэння школы падала свае дакументы ў БДПУ імя Максіма Танка. Дзяўчынцы падабаецца праца настаўніцы. Сама Дар’я каментуе гэта так:

Мне падабаецца размаўляць з людзьмі, кантактаваць з імі. Менавіта таму я некаторы час марыла стаць псіхолагам. Але хутка ўсё змянілася. У нашай школе пачалі праводзіцца дні самакіравання. Дзякуючы ім, я зразумела, што дзеці цягнуцца да мяне. Яны пачалі падыходзіць да мяне на перапынках, абдымалі, размаўлялі. Мне здаецца, што дзеці заўсёды вельмі шчырыя і не умеюць хлусіць. А любоў… Яна адчуваецца. Цяжка зразумець як, але я ведаю, што гэта так.

Сёння Даша навучаецца на філалагічным факультэце БДПУ імя Максіма Танка. Дзяўчынка с пяшчотай ставіцца не толькі да дзяцей, але і да роднай мовы. Яна старанна вучыцца і верыць, што ўсе яе мары хутка здзяйсняцца. Як і ў кожнага члена яе сям’і.

Нельга адказаць дакладна на тое, ці дзеліцца любоў у шматдзетнай сям’і, але ў сям’і Малахавых гэта любоў ажно прымнажаецца!

 

 



1 комментарий по теме “Любоў да дзяцей перадаецца генетычна!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *