Што ж гэта такое? Давайце, даражэнькія, прыслухаемся, а чый жа гэта спеў гучыць увышыні? Людцы, родненькія, — гэта ж жавароначкі прыляцелі, радасць нам вялікую прынеслі: вясна-красна прыйшла, шчасце, мір і надзею нам дала.
Мы, сучаснае маладое пакаленне, можам толькі уяўляць, як жа наш беларускі народ чакаў прыход вясны ў далёкіх 1942, 1943, 1944 гадах…
78 гадоў прайшло з тых жудасных дзён ваеннага ліхалецця, калі спеў жавароначкаў у паднябессі змяняўся выбухам гарматаў, калі хаты, ды што там хаты, цэлыя вёскі палалі агнём, храмы гарэлі, як паніхідныя свечкі, за пакой і вечную памяць загінуўшых немаўлят, жанчын, старых і ўсіх людзей, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне Беларусі. Жыхары спаленых вёсак адзначалі дзень трагедый чорным колерам у сваёй памяці.
Вы, паважаныя Ветэраны, многа разоў чулі плач чалавечых душ, якія заўчасна пайшлі з зямнога жыцця. Гэты боль душы немагчыма забыць, як нельга забыць тых трохгадовых, дзесяцігадовых, пятнаццацігадовых дзяцей, юнакоў і дзяўчат, для якіх не надышло заўтра. Гэтае заўтра для іх спыніла свой рух, а на гранітных скрыжалях яны назаўсёды засталіся маладымі.
Маці-зямліца да гэтага часу стогне ад невыноснага цяжару, так як яна, родненькая, была асноўным сведкам тых страшэнных дзён.
78 гадоў – гэта многа ці мала? Вайна прыйшла – вайна скончылася, засталася ў мінулым. Але нашчадкам пакінула сваё балючае рэха, якое адбілася ў сэрцы кожнага беларуса.
Мы схіляем галовы, апускаемся долу на калені, каб выразіць, дарагія Ветэраны, Вам шчырыя словы падзякі і ўдзячнасць за мірнае неба, за наша шчаслівае жыццё. Вы смерці глядзелі ў твар, вы не маглі ў той час атрымліваць адукацыю, кахаць, нараджаць дзяцей. У той час у Вас было іншае прызначэнне – абараняць сваю малую радзіму, нашу Бацькаўшчыну.
Вялікі Вам дзякуй за сонейка, дзякуй за дзень, дзякуй за ноч, дзякуй за лета, за восень, за дождж, дзякуй за збожжа, за бульбу і хлеб, дзякуй за мір, за вясновае ранне і за незабыўнае першае каханне, дзякуй за дом і за работу ў калгасе, на фабрыцы і на заводзе, у бальніцы, у школе і вышэйшай навучальнай установе, за паветра, за кветкі, за лес, за блакітныя стужкі рэк і азёр, за спеў птушак і водар ільноў, за адноўленыя храмы і за вадзіцу з чыстае гаючае крыніцы…
Я прасціраю рукі ўвысь, каб быць хоць чуць бліжэй да Бога і малітоўным голасам душы прашу: жывіце доўга, Ветэраны!
Мы будзем удзячны Вам заўжды!