Родная мова! Колькі казачнага, чароўнага, роднага сэрцу і блізкага душы можна пачуць у гэтых словах. У кожнага на планеце ёсць свая любімая мова, мая любімая — беларуская. Больш за ўсё яна цягне сваёй мілагучнасцю і жывасцю! Нездарма амаль што кожны мастак слова беларускай літаратуры звяртаецца да гэтай тэмы ў сваіх творах. Адна з адметных рыс роднай мовы, на мой погляд, заключаецца ў тым, што яна заўсёды побач з чалавекам: калі на сэрцы добра, утульна і цёпла, калі дрэнна, калі на душу ўпаў цяжар. Мова падтрымлівае нас у цяжкіх абставінах, дзе б мы не знаходзіліся.
Сёння, 21 лютага, па ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Свята было заснавана рашеннем 30-й сесії Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА у лістападзе 1999 года і адзначецца штогод, пачынаючы з 2000 года.
Сёння у свеце існуе каля 7 000 моў. Але ніколі раней мовы не знікалі так хутка.
Па дадзеных ЮНЕСКА, кожны месяц у свеце знікаюць дзве мовы. Таму Міжнародны дзень роднай мовы набывае асаблівае значэнне, стварае магчымасці для разгортвання ініцыятаў па падтрымцы і абароне ўсіх моў.
І ў мэтах таго, каб дзеці не саромеліся сваёй мовы і не баяліся на ёй размаўляць, мы з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Пратасенка Алай Уладзіміраўнай вырашылі правесці ў школе невялікае мерапрыемства для вучняў 4-7 класаў. Яно прайшло ў фармаце дыялогу, які змяшчаў у сабе інфармацыю аб свяце, цікавыя звесткі аб мовах свету, інтэрактыўныя гульні і рэфлексіі. На мой погляд, такія мерапрыемствы і ўрокі спрыяюць захаванню і распаўсюджванню беларускай мовы, эфектыўна выхоўваюць у рабят пачуццё любові не толькі да мовы, але і да Радзімы, беларускай культуры.
Падчас таго, як я расказвала і паказвала прэзентацыю, узгадала знакаміты выраз беларускага класіка Ф. Багушэвіча: «…нават і трэба знаць суседскую мову, але наперш трэба знаць сваю». Тады спытала юных слухачоў аб тым, якое іх любімае слова ў беларускай мове. Адказы пачуліся з мяккай цеплынёй, а ў вочках іх быццам палалі агеньчыкі:
— Буслік!
— Кветка!
— Вясёлка!
— Прыгожы!
Такім чынам, жыццё нашай роднай мовы – вынік выбару беларускага народа. Мы, сучасная моладзь, зробім усё, каб пранесці скрозь прызму часу нашу каштоўную скарбніцу і садзейнічаць яе развіццю і росквіту!
Фота Мікіты Панамарчука