Памяць пра герояў: як гісторыя сям’і і Вялікай Перамогі звязвае пакаленні

Новости

У 80-ы раз зазірнула святло вялікай Перамогі яркім сонечным праменьчыкам у кожны дом не толькі па ўсёй Беларусі, але і ў многіх іншых краінах. Яно нібы заклікае людзей ушанаваць памяць сваіх бацькоў і дзядоў, а таксама ўсіх тых, хто паклаў сваё жыццё і здароўе на алтар Вялікай Перамогі.

Мы – праўнукі пераможцаў, нашчадкі воінаў-вызваліцеляў і на нашых плячах ляжыць адказнасць за захаванне гістарычнай памяці. Мы памятаем урокі гісторыі і добра ведаем, што заклад захавання міру — гэта гатоўнасць абараніць, калі спатрэбіцца, інтарэсы сваёй краіны, свой дом і сям’ю.

Мне важная гісторыя майго роду, біяграфія членаў маёй сям’і. Яшчэ ў дзяцінстве я любіла слухаць апавяданні маёй любімай прабабулі Клыбік (Кабзова) Галіны Ефімаўны аб мінулым, яе ўспаміны пра галоднае дзяцінства. Ёй было ўсяго два з паловай гады, калі Вялікая Айчынная вайна застала іх сям’ю на Віцебшчыне, у Суражскім раёне, в.Задуброўе. Цяпер ўжо няма такой вескі. Немцы яе знішчылі, амаль ўсю спалілі, сведкаў у архівах пра яе мала, толькі ўзгадваецца ў “Кнізе памяці”. Нямецка-фашысцкае камандаванне надавала велізарнае значэнне захопу Віцебска і Віцебскай вобласці, паколькі адтуль адчыняліся шляхі на Смаленск і Маскву.

 

Клыбик Галина Ефимовна в молодости

У мірныя гады ў Задуброўі быў ваенны аэрадром. З першага дня вайны немцы пачалі бамбіць яго днём і ноччу. Людзі сядзелі ў скляпах і не маглі нават выйсці за ежай ці коўдрай. Дзеці пухлі з голаду. Затым у веску прыйшлі немцы і адразу занялі пад штаб хату маёй прабабулі, таму што яна была новая, прыгожая і вялікая. Яны да вайны добра жылі. А іх выгналі жыць у склеп з малымі дзецьмі.

Положение д. Задубровье на карте во время её существования

Бацькі маёй прабабулі Кабзоў Яфім Міхайлавіч (1914г.н. – 1941г.с.) і Кабзова (Гаршкова) Варвара Якаўлеўна (1913г.н.- 18.02.1979г.с.) гадавалі на пачатку Вайны трое дзяцей: Генка (1933г.н), Галіна (12.01.1939г.н. – 08.01.2025г.с.) і толькі што народжанага на свет маленькага Шурку (17.06.1941г.н. – 1957г.с.).

Яфім Міхайлавіч быў удзельнікам савецка-фінскай вайны, дзе страціў шмат здароўя. Працаваў кіравальнікам МТС (механа-трактарнай станцыі), быў чалавекам адукаваным. Яго не ўзялі на фронт, а пакінулі змагацца ў падполлі. Яфім быў камуністам. Калі немцы прыйшлі ў веску – яны ужо ведалі пра яго. Аказалася, што выдаў Яфіма немцам яго сябар і калега, сусед. Немцы, калі забіралі Яфіма, знайшлі ў хаце дакументы на яго, і ўжо трымалі ў руках, як падскочыла Варвара Якаўлеўна, вырвала з рук і кінула іх у вогнішча, у печ. За гэта ёй немцы выбілі амаль усе зубы, моцна білі нагамі, а потым адзін з іх наставіў аўтамат на малога Генку, які хаваўся пад печчу з маёй прабабуляй, хацеў застрэліць. Але Варвара Якаўлеўна так галасіла і прасіла, што ён апусціў аўтамат. Праз пару месяцаў Яфім здолеў уцячы, калі яго везлі ў канцлагер, у Германію. Потым зноў злавілі, але ўжо не паспелі адправіць у Германію – Яфім быў зусім слабы і памер.

У вёсцы стаяў фронт. Сям’я маёй прабабулі жыла ў склепе да поздняй восені. Потым немцы дазволілі ім перабрацца ў стары будынак, нешта падобнае на летнюю кухню, дзе стаяў кармазапарнік і яго можна было паліць, каб стала цяплей. Таксама дазволілі ўзяць нейкае цёплае адзенне. Калі пачыналася бамбёжка – зноў беглі ў склеп. Так было амаль два гады.

Усіх жыхароў адтуль, з Дуброўна, гналі на Гродзеншчыну, каля чатырох месяцаў, з ліпеня па лістапад 1943г. Людзі памятавалі, што немцы вельмі спяшаліся, бо нашыя наступалі, выганялі сем’і на дарогу і тут жа падпальвалі хаты. Мая прабабуля разам са сваёй матуляй, старэйшым братам і маленькім брацікам Шуркам, ехалі босыя на возе, які цягнула іх карова. Дзякуючы ёй, яны не памерлі з голаду. Карова давала малако ўсю дарогу. Прабабуля казала, што на Мінскай трассе нашы самалёты лёталі нізка-нізка, а бамбіць не маглі: немцы вялі вельмі блізка да сябе людзей.

Па дарозе каля Мінскай вобласці адбывалася нешта страшнае. Немцы пачалі лічыць падводы: адну напраўлялі прама, другую – направа. Людзі зразумелі, што тыя падводы, якія адпраўлялі направа, былі для смерці. Недалёка знаходзіўся лагер смерці – Малы Трасцянец. Маёй прабабулі вельмі пашанцавала – іх падводу з каровай адправілі прама. А падводу са здраднікам-суседам, які выдаў Яфіма, немцы адправілі направа, не пашкадавалі яго, як ён спадзяваўся. Перад гэтым ён падыходзіў да Варвары і працягнуў кусочкі цукру і хлеба, каб яна дала дзецям. Ён, мабыць, адчуваў віну за свой учынак. Але Варвара Якаўлеўна плюнула яму ў твар і адкінула яго пачастункі.

Маёй прабабулі пашанцавала потым яшчэ раз. Недзе пад Баранавічамі немцы сагналі ўсіх людзей у старую лазню, мазалі ім галовы нечым чорным (каб патравіць вошай), а потым сталі паліваць халоднай вадой, голых, восенню, і там пакінулі на нач. А на раніцу многія ляжалі мёртвыя, асабліва дзеткі. Але мая прабабуля, разам са сваімі братамі, нейкім цудам выжылі! Яе матуля, Варвара, плакала і скардзілася на Бога: “Чаму ён пакінуў іх у жывых, лепш бы яны гэтай ноччу памерлі”, — так было ёй цяжка глядзець на пакуты маленькіх дзяцей. Немцы пагналі застаўшыхся ў жывых далей…

На Слонімшчыне немцы (старасты) рассялялі людзей па вёсках, у чужыя хаты. Так сям’я маёй прабабулі і апынулася ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.

Вельмі шмат потым выпала цяжкіх выпрабаванняў на лёс маёй прабабулі Галіны і яе сям’і: голад, чужы край, непасільная праца за гнілую, мерзлую бульбу. Месныя жыхары не любілі іх, не спачувалі, называлі “васточнікамі”. За куточак у хаце і кавалак хлеба давалі самую цяжкую працу Варвары Якаўлеўне. Гэта была маленькая, худзенькая жанчына з вельмі вялікай сілай волі, характарам і цягавітасцю. Яна змагла пасля вайны ўладкавацца на працу падсечніцай на цагельны завод, зарабіць крыху грошай і выкупіць невялікую хату каля лесу, каб спакойна жыць і гадаваць дзяцей. Потым працавала на свінарніку, прабабуля Галя дапамагала ёй там, будучы яшчэ дзяўчынкай. Нажаль, толькі ў маленькага Шуркі пасля перагону так і засталіся застуджаныя ножкі, хвароба на адзёр яшчэ больш паўплывала на яго здароўе. Ён не мог хадзіць (яго доўга лячыла Варвара Якаўлеўна), а таксама да яго прыходзіў настаўнік. Шурка быў вельмі разумны і таленавіты хлопец. Цэлы сшытак з яго вершамі захаваўся да нашых дзён. Але памёр ў 16 год.

З цягам часу прабабуля Галя атрымала адукацыю і працавала загадчыцай фермы да самай пенсіі. Выйшла замуж і нарадзіла дзвюх дачок. Муж працаваў у калгасе брыгадзірам. Бабуля мела павагу на рабоце і ў вёсцы ад людзей. У яе ёсць медалі і ордэн “Трудового Красного Знамени” за плённую працу, таксама была выбрана ў Абласны Савет працоўных дэпутатаў. Будучы дарослай, яна са сваёй матуляй вярталіся ў родную вёску, якую спалілі немцы. Яны знайшлі там падмурак сваёй хаты. Ён быў зусім зарослы. Яны пазналі сваё месца толькі па кусту бэзу на вуглу. Ці можна перадаць усе тыя пачуцці, якія яны там адчулі?

Фото из семейного архива

Прыклад маёй прабабулі — яркае сведчанне таго, як вайна перакручвае лёсы людзей. Толькі на тэррыторыі Віцебскай вобласці за час аккупацыі знішчана (разбурана і спалена) не менш 4225 населенных пунктаў – гэта каля 30% ад агульнай колькасці населенных пуктаў, знішчанных па ўсёй рэспубліцы, многія вёскі так і не змаглі адрадзіцца пасля вайны…

Галина Ефимовна с дочерями Светланой и Тамарой

Варвара Якаўлеўна памерла у 1979г., калі ёй было 65 год. Яна яшчэ дапамагла маёй прабабулі Галі выгадаваць унучак, пакуль тая увесь час аддавала працы на ферме. Старэйшы брат Генка таксама атрымаў адукацыю, служыў на флоце ў Латвіі, жаніўся і меў трох дачок. Цяпер яны жывуць ў Брэсцкай вобласці.

Нажаль, 08.01.2025г., на 85 годзе жыцця, прабабулі Галі не стала… Яна крыху не дажыла да 80-годдзя Вялікай Перамогі. У прабабулі было 8 праўнукаў, і ў яе на ўсіх хапала часу і цяпла, яна ва ўсіх была любімая. Лепшыя летнія канікулы прайшлі ў яе вёсцы Хадзявічы, каля лесу. Прабабуля Галя складала вершы. У тоўсты сшытак яна запісвала ўсе песні са сваёй маладосці, іх больш за сотню. Яе памяці можна было пазайздросціць. Яна памятала ўсе вершы, што вучыла яшчэ ў школе. Прабабуля Галя для нас прыклад стойкасці, мужнасці, працаздольнасці, дабрыні.

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *