
«Sunday League» гэта не проста назва футбольнага турніру, які праводзіцца ў Англіі кожны год — гэта сімвал усяго сусветнага аматарскага і паўпрафесійнага футболу. З’ява, якая аб’ядноўвае мільёны зацікаўленых людзей, якія граюць у футбол не з-за таго, што гэта іх праца, а праз любоў да гэтага віду спорту.
У Беларусі на роль так званай «Sunday League» можа прэтэндаваць «Другая Ліга», якая праводзіцца вясной і летам ў фармаце чэмпіянатаў абласцей і горада Мінска, а восенню лепшыя каманды з сямі рэгіёнаў змагаюцца за тытул чэмпіёна і прамоўшэн ў «Першую» — цалкам прафесійную лігу. У маім родным Прынямонні, у чэмпіянаце вобласці сёлета прымаюць удзел ажно 18 калектываў, размеркаваныя на 2 групы па 10 і 8 каманд. У адрозненні ад мінулага сезона, размеркаваны яны не па геаграфічнаму прынцыпу, а выпадкова, таму матчы «Астравец-2» — «Бераставіца» ды «Мядзведзі Смаргонь» — «Факел Навагрудак» не выглядаюць чымсьці незвычайным.
Але мне пашанцавала патрапіць на матч каманд, якія знаходзяцца менш чым у 100 кіламетрах адна ад адной, гэта быў матч «Ліда-2» — «Масты». Тут трэба зрабіць невялікую рэмарачку. «Sunday League» таму і сандэй, бо граюць яны ў асноўным толькі ў нядзелю праз тое, што большая палова гульцоў — працаўнікі розных прадпрыемстваў і ў нядзелю адпачываюць. Гэта датычыцца і нашага дывізіёну. Асноўная каманда «Ліды» — прафесіяналы, «Ліда-2» — звычайныя аматары футболу, плюс выхаванцы мясцовай футбольнай школы. Каманда «Масты» з аднайменнага горада зараз з’яўляюцца галоўнымі фаварытамі чэмпіянату, яны дзеючыя пераможцы суперкубку вобласці, таму нават ў гасцях яны праглі гуляць «першым нумарам» і перамагаць супернікаў.
Першы тайм сустрэчы складваўся вельмі сумна, было нават жаданне завітаць у суседнюю «Алімпію», дзе адначасова адбываўся фінал жаночага Кубка Беларусі па гандболе. Але я прагнаў падобныя думкі і сканцэнтраваўся на футболе. Адразу маю ўвагу зачапіў Альберт Капыціч, футбаліст, які літаральна ў прошлым сезоне забіваў за Нафтан у «Вышцы», цяпер бегае ў «Другой Лізе», ды, забягаючы на перад, у нашым матчы забітым голам ён не адзначыўся, хаця на маю думку мусіў забіваць некалькі.
Так шмат разважаць, не звяртаючы ўвагі на поле, мне дазволіла вельмі павольная першая палова сустрэчы, у якой амаль нічога не адбывалася. Але, нават такое «катэнача» не пакінула сотню (так напісана ў пратаколе) гледачоў без забітага гола. На 35 хвіліне Даніл Копач, які таксама мае вопыт гульні ў вышэйшым дывізіёне, неадбівальна пацэліў у «дзявятку» варот «ільвоў» і адправіў каманды на перапынак з лікам 0-1 на карысць гасцей.
Адразу пасля перапынку ў складзе лідчан адбылася замена: замест Іваноўскага на поле выйшаў Хамутоўскі. Уладзіслаў Хамутоўскі, наогул, мне падабаўся больш за ўсіх. Стваралася ўражанне, што фланг літаральна гарыць, настолькі яго «выжыгаў» мазыранін. Але, ужо праз 7 хвілін пасля пачатку другой паловы «Масты» забілі неверагодны гол.
Такой цудоўнай «бісіклетай» адзначыўся паўабаронца Ілля Анішчык. Пасля гола мастаўчане пачалі яшчэ больш кантраляваць гульню, а памылка аднаго з маладых апорнікаў «Ліды-2» прымусіла Кулакоўскага кінуцца ў падкат ззаду, каб не дапусціць хуткай контратакі супернікаў. Вердыкт рэферы, Дзмітрыя Дубатоўкі, быў фатальным: чырвоная картка лідчаніну. У гэты момант ўсё нібыта вырашылася само сабой, мала хто думаў, што «Ліда-2» за 25 хвілін у меншасці адыграецца з 0:2. Але я не дарма казаў пра Хамутоўскага — на 76 хвіліне ён забіў «алімпійскі гол» прамым ударам з корнэра. І на гэтым «рыцары» не астанавіліся — той самы малады паўабаронца выправіў сваю памылку. Ужо праз пяць хвілін пасля першага гола ён зраўняў лік дакладным стрэлам з-за межаў штрафной пляцоўкі — 2:2.
Раз’юшаны такім ходам падзей, коўч мастаўчан Кацко так моцна крычаў на сваіх гульцоў, што яны «з языком на плячах» панесліся вяртаць сваю перавагу. Час паджымаў, Ліда «села» ва ўласнай штрафной, што рабіць? Адказ на гэтае пытанне ведаў Максім Дарамейчык, які на 89 хвіліне моцна прабіў у бліжні верхні вугал варот Янушкі з мяжы штрафной і ідэальна патрапіў куды хацеў. «Масты» не хацелі спыняцца і, падганяемыя фанатамі, забілі яшчэ адзін на першай даданай хвіліне: моцна прабіў галавой Карпенка. Ужо на трэцяй даданай, стаміўшыся ад пастаянных атак «Мастоў», ужо адзначаны раней малады паўабаронца Лукашун, проста «скасіў» Анішчыка перад сваёй штрафной. Ілля за такія фалы не даруе, вынік на відэа.
Такім чынам каманда з берагоў Нёмана забіла тры пасля 89 хвіліны і моцна задаволіла заўзятараў, якія масава прыехалі ў Ліду падтрымаць любімцаў.
Мне ўдалося задаць пару пытанняў аднаму з хлопцаў, які моцна радаваўся выніку матча:
Віншую з перамогай! Якія эмоцыі вы атрымалі ад такой шыкоўнай гульні?
— Эмоцыі выдатныя, нашыя хлопцы дастойна змагаліся да апошняга. Мы мелі фору ў два мячы, страцілі яе, але ўрэшце рэшт праявілі свой характар і «Масты» забілі тры прыгожых гола.
Такі выдатны старт, перамога ў першым туры 5-2 супраць сур’ёзнага суперніка, «Ліды-2». Ці гэта ўмацоўвае шансы паўтарыць вынік мінулага года, а то і болей? Убачым вас у плэй-оф «Другой Лігі»?
— Безумоўна, гэта наш прыярытэт — перамагаць такіх супернікаў, шмат новых гульцоў у складзе каманды, якім патрэбна набірацца вопыту, каб у значных матчах вырываць гульні на маральна-валявых якасцях. Сёння мы забілі тры пасля 80 хвіліны, і гэта таксама частка нашага характару, будзем выхоўваць пераможны дух.
Ну і апошняе пытанне. Вы выправіліся на гасцявую гульню «Мастоў», ці плануеце яшчэ наведваць гульні команды удалечыні ад дома?
— Канешне, бо ўвесь горад падтрымлівае каманду. Нашу адзіную каманду, якая носіць імя горада і мы ёю ганарымся. Адчуваем падтрымку Райвыканкама, у нас ёсць барабан, у нас ёсць усё неабходнае, каб каманда адчувала сябе як дома ў любым горадзе Гродзенскай вобласці. Толькі Масты, толькі перамога!
Дзякуй!
Такім чынам, «Масты» пасля крупнай перамогі ў гасцях займаюць другое месца ў групе «А» (на першым «Шчучын», які ў суботу перамог «Свіслач» — 6:0). Дзякуй за прагляд! Любіце спорт, любіце беларускі футбол!
