Сёння, 25 студзеня ў Раўбічах скончыўся 4 этап Кубка Садружнасці. На старт эстафеты выйшлі 10 камандаў, у іх ліку 3 беларускія. Канешне, асноўная стаўка рабілася на зборную Беларусь-1, у складзе якой былі: Дзінара Смольская, Ганна Сола, Сцяпан Данілаў і Антон Смольскі. 
Родныя сцены Раўбічаў гналі сваіх атлетаў, якія не мелі права іх расчараваць, асабліва пасля срэбра Солы і неверагоднага золата Смольскага ў пасьютах у суботу. Уся гонка праходзіла ў абставінах барацьбы паміж першымі зборнымі Расіі і Беларусі, і першы этап, на якім «зарубіліся» Халілі і Смольская, выключэннем ня стаў. Дзінара закрыла 10/10, не выкарыстаўшы ніводнага доп. патрона, але «нагамі» алімпійская чэмпіёнка сёння прайграла шмат, 21 секунда ў мінус за апошнія 2 кіламетры — не той вынік, які мы чакаем ад Смольскай.

Але на другім этапе ў пагоню за Наталляй Шаўчэнкай паляцела наша Ганна Сола, якая ўжо за першае кола здолела дагнаць расіянку. У той жа момант у сонечных Раўбічах падняўся вецер, які насцігнуў дзяўчат падчас стральбы стоячы. Ганна справілася лепей сваёй візаві ды ў выніку перадала эстафету Сцяпану Данілаву на 20 секунд раней, чым Шаўчэнка Канавалаву.

Сцяпан Данілаў. Сапраўднае адкрыццё для тых, хто не вельмі пільна сочыць за біятлонам. Ураджэнец Міёр літаральна правёў ідэальны этап — 10/10 на агнявым рубяжы і выдатная работа на дыстанцыі. У Савелія Канавалава як і ў ва ўсёй расійскай зборнай шанцаў не было, татальная дамінацыя. Пад гукі шчаслівых трыбун Сцяпан перадаў эстафету лідару зборнай — Антону Смольскаму.
Дзякуючы партнёрам па камандзе, Антон ішоў амаль з паўхвіліннай перавагай над расіянінам Кірылам Бажыным, які ў выніку прывёў сваю зборную да срэбра. Антону не перашкодзіў нават промах на яго ўлюбленай «стойцы». Чарговае золата для Смольскага і ўсёй зборнай — так трымаць! У пылу барацьбы мала хто заўважыў, але за 5 месца таксама развярнуліся не жартоўныя баталіі — у фінішным спурце Мікіта Лабастаў з Беларусі-2 абыйшоў расіяніна Алега Домічака з Расіі-3. 
У такіх абставінах вельмі шкада, што беларускія біятланісты пралятаюць міма Алімпіяды ў Мілане. Антон Смольскі і каманда пэўна б пазмагаліся за найвышэйшыя месцы і атрымалі добры вопыт барацьбы на вышэйшым узроўні, які нажаль, нам пакуль недаступны. Але не сумуем, перамагаем далей і верым у надыход лепшых часоў. Заўзейце за нашых, любіце спорт, любіце біятлон!

Матвей, хороший текст, напишите мне в инстаграм itsantoniou