Алесь Разанаў. Жыццёвы і творчы шлях

Новости

   Бяроза — гэта мой родны горад. Яшчэ ў сёмым класе я з задавальненнем вывучыла верш пра свой родны край:
На рэчцы, дзе ціха шумяць вербалозы,
Стаіць гарадок невялікі, Бяроза.
Аб бераг пляскочуць злянелыя хвалі,
Чаму паэтычна так горад назвалі?
Далей аўтар апавядае нам пра адну з версій паходжання назвы майго горада: расказвае пра легенду, звязаную з палкаводцам Суворавым. Мне стала цікава, хто ж напісаў гэты фантастычны верш? Аўтарам быў Алесь Разанаў, які адразу здзівіў мяне стылем напісання: адчувалася ў яго словах нешта сваё, зусім роднае… Я зацікавілася асобай паэта і з таго часу вельмі многа даведался пра яго жыццё і творчую дзейнасць.
Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1947 годзе.

Фотаздымак узяты з сайта: https://sputnik.by/20210826/ushel-iz-zhizni-ales-ryazanov-1055959129.html

   Бацька Алеся быў адораным ад прыроды чалавекам — ён пісаў вершы, а маці працавала сельскім фельчарам. Яшчэ ў дзяцінстве было зразумела: Алесь — таленавіты паэт. З шостага класа ён пачаў друкавацца ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк камунізму» і ў рэспубліканскім часопісе «Бярозка». Адразу пасля школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але зімой 1969 года ён быў адлічаны з універсітэта за тое, што хацеў дайсці да кіраўніцтва краіны з просьбай дазволіць выкладаць прадметы на беларускім аддзяленні на роднай мове. Алесю дазволілі працягнуць вучобу на тым жа факультэце, але ўжо ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна. Пасля заканчэння педінстытута паехаў настаўнічаць у Кругельскую сярэднюю школу, дзе разам з вучнямі выпускалі насценную газету. У 1970 годзе ў Разанава выйшла кніга паэзіі «Адраджэнне», але рэдактары ўнеслі змены ў яе змест і назву. Нават і ў такім варыянце першы зборнік атрымаў высокую ацэнку чытачоў. Калі я толькі пачала чытаць гэты зборнік, адразу быў адметны наватарскі характар паэта, арыгінальнасць вершаванай рытмікі, асаблівасці яго пісьма. Гэта якраз тыя моманты, якія ў далейшай творчасці сталі развівацца і прывялі да стварэння ўласнага стылю Алеся Разанава.
Пасля службы ў арміі 1971-1972 гадах паэт стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР і працаваў літсупрацоўнікам газеты  «Літаратура і мастацтва», бюлетэня «Родная прырода». Потым едзе ў Літву, там займаецца перакладамі з многіх моў: нямецкай, латышскай, грузінскай. З 1974 па 1990 год Разанаў працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
У 1974 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі А. Разанава «Назаўжды».

Фотаздымак узяты з сайта: https://kamunikat.org/halounaja.html?pubid=43975&lang=BE

   Асабліва адзначыла я ў ім тое, што, акрамя традацыйных для аўтара філасофскіх і грамадзянска-патрыятычных вершаў, ёсць і пункціры.
Потым былі выпушчаны зборнікі «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях — 360» (1981), «Вастрыё стралы» ( 1988), які,  дарэчы, стаў знакавым у беларускай паэзіі, а Алесь Разанаў у 1990 атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР Янкі Купалы за гэты зборнік. У кнізе аўтар па-іншаму асэнсаваў навакольны свет: ён назіраў за ім, надаваў пэўным рэчам і з’явам чалавечыя ўласцівасці:
На маёй дарозе ўзгоркі і ўпадзіны.
Але гэта м а я дарога: яна рухаецца,
яна разважае, яна размаўляе,
яна ўдакладняе маю хаду.
У 1992 годзе выйшаў яшчэ адзін зборнік Алеся Разанава. Ён мае назву «У горадзе валадарыць Рагвалод» і складаецца з пункціраў і вершаказаў. Як мне здаецца, аўтар нам хацеў паказаць тое, што слова гаворыць само за сябе, а ўжо задача аўтара — пачуць яго мову і агучыць яе чытачам.
У 1994 годзе Алесь Разанаў з групай сяброў стварыў часопіс «Крыніца». У 2001 годзе паэт па запрашэнні Міжнароднага парламента пісьменнікаў паехаў у Германію, дзе актыўна працягваў сваю творчую дзейнасць. У яго выходзяць кнігі «Рэчаіснасць», «Танец з вужакамі», «Гліна. Камень. Жалеза».
Што датычыцца «Кнігі ўзнаўлення», якая  з’явілася на свет у 2005 годзе, як адзначаў сам Алесь Разанаў , у гэтай кнізе сваё адлюстраванне знайшоў цэласны канкрэтны перыяд старажытнай беларускай літаратуры. Гэта беларускі кніжны эпас, без якога не можа быць і нашай айчыннай сучаснай літаратуры, якая павінна абавязкова суадносіцца з усімі сваімі папярэднікамі. З гэтым нельга не пагадзіцца.

Цяпер ужо нам вядома, што Алесь Разанаў стаў заснавальнікам такіх новых паэтычных форм у беларускай літаратуры, якімі з’яўляюцца вершаказы, версеты, пункціры, зномы, квантэмы.

   Паэт ніколі не супакойваўся на дасягнутым, а знаходзіўся ў пастаянным творчым пошуку. Сведчанне таму — яшчэ адна новая кніга Разанава, якая мае назву «З Вяліміра Хлебнікава». Творчасці рускага паэта В. Хлебнікава былі характэрны жанравыя новаўтварэнні, эксперыменты ў галіне словатворчасці. Менавіта гэта збліжае паэтаў у іх пошуках, выклікае цікавасць Разанава да творчасці Хлебнікава. Таму Алесь і вырашыў здзейсніць усё, што было сказана Хлебнікавым, на беларускай мове. Але гэта не пераклады, а менавіта тое, што Алесь Сцяпанавіч Разанаў абазначыў літарай «З». Вось як ён сам тлумачыў зробленую ім справу:
– «З»— новы жанр ці паджанр перакладу. Я не даю пераклад твора, а даю выявіцца той з’яве, якая выявілася ў творы. Пераклад можа быць больш дакладны, чым арыгінал. Глуханямыя пласты мовы Хлебнікаў варушыць, а я на беларускай мове іх выяўляю. Я іду не за тэкстам, а за глыбокім невымоўным сэнсам твора. У цэлым гэтую работу можна вызначыць як творчае супрацоўніцтва. Ну а як гэта атрымалася — меркаваць чытачу.
На мой погляд, для паэзіі Разанава характэрны філасофскі роздум над бясконцым светам прыроды, быццём і духоўнымі магчымасцямі чалавека. Яго творы вызначаюцца складанай асацыятыўнасцю, эксперыментамі ў галіне паэтычнай формы.
Алесь Сцяпанавіч Разанаў піша пра ўсё: «Атава», «Дуб», «Рунь», «Дрэвы», «Спадчына», «Змеі», «Ланцуг», «Маланка», «Сякера», «Радзіма», «Сцежка», «Жыта і васілёк». Я думаю, што ўсе гэтыя з’явы звязаны з яго малай радзімай — в. Сялец. Адсюль і пачаўся яго паэтычны шлях, таму я ўпэўнена: паэт вяртаўся ў думках на радзіму, нават калі быў далёка ад бацькоўскага парога.
На жаль, больш ніколі не сустрэне паэта родная хата, родная зямля. Алесь Разанаў памёр 26 жніўня 2021 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *