Дастаючы з шафы шалік варшаўскай «Легіі» ды ўключаючы фінальны матч кваліфікацыі да Чэмпіянату Свету — 2026, маім жаданнем было пасля фінальнага свістка пабачыць у сацсетках крыкі «Polska górą!», радасць заходніх суседзяў, звязаную з выхадам на Мундяыль. Але атрымалася толькі «Polska gurom»: такім чынам палякі каментуюць уласныя няўдачы, у тым ліку і матч, які адбыўся мінулай ноччу. Што менавіта здарылася на «Клубнічнай арэне» ў Швецыі сёння ноччу — чытайце далей.
На пачатку трэба вызначыць з чым супернікі падыходзілі да гэтага вызначальнага матчу. Асноўны турнір Польшча і Швецыя скончылі на розных палюсах турнірнай табліцы: палякі ў сваёй групе былі другія пасля Нідэрландаў, а шведы апошнія не ў самай цяжкай групе. Што тычыцца выступу шведаў у групе В, то іх супернікамі былі Швейцарыя, Косава і Славенія. Згадзіцеся, у часы Ібрагімавіча «вікінгі» амаль па ўсіх суперніках прайшліся б не звяртаючы ўвагі. Але ў 2025 годзе замест Златана форвардаў граюць Віктар Дзьёкерэш ды Аляксандр Ісак, якія за 6 матчаў не забілі ніводнага мяча ды звольнілі датчаніна Томасана з пасады галоўнага трэнера. Змяніўшы яго Грэм Потэр падтрымаў тэндэнцыю: адна нічыя са Славеніяй, як і ў папярэдніка. Шведы так і скончылі турнір, з двума баламі. Але, па новых правілах, яны патрапілі ў плэй-оф раўнд адбору, дзякуючы першаму месцу ў групе Лігі Нацый 24/25 (у дывізіёне «С» іх супернікамі былі значна слабейшыя Славакія, Азербайджан ды Эстонія). Пяройдзем да Польшчы.
Палякі правялі вельмі моцны адбор, але параза ад зборнай Фінляндыі адправіла «бела-чырвоных» у той жа самы раўнд плэй-оф, бо іх галоўныя супернікі ў групе — Нідэрланды, прайшлі турнір без паразак, толькі двойчы згуляўшы ў нічыю з нашымі заходнімі суседзямі (1:1, 1:1).
Цяпер разгледзем міні-турнір плэй-оф, у якія зборныя патрапілі. Польшча, Албанія, Украіна ды Швецыя — вось чатыры краіны, якія на працягу 5 дзён вырашалі паміж сабой, хто з іх дастойны паехаць летам у Паўночную Амерыку на Мундяыль. У першым паўфінале «вікінгі» сышліся з нашымі паўднёвымі суседзямі ды былі мацней, дзякуючы хет-трыку Дзьёкерэша — 3:1. Фанаты футбола з усяго свету былі здзіўлены ды задаваліся пытаннямі, а чаму ж шведы не гралі так у адборы? Чаго чакаў Дзьёкерэш? Чаму не забіваў у вароты Косава і Славеніі? Крочым далей, ў другім паўфінале адбылася яшчэ цікавейшая сеча — Польшча гуляла супраць Албаніі. Першы тайм прайшоў пад дыктоўку «арлоў», што вылілася ў гол Ходжы пад занавес першага тайму. На перапынку Ян Урбан, коўч Польшчы, відаць, вельмі добра пагаварыў з паўабаронцам Себасцьянам Шыманьскім, што той двойчы за 10 хвлін стаў асістэнтам — дапамог з галамі Левандоўскаму і Зяліньскаму. Канчатковы лік — 2:1 на карысць палякаў. А вось цяпер пяройдзем да галоўнага матча гэтага міні-турніру.

На матч абодва трэнеры выставілі баявыя склады:
Швецыя: 3-4-2-1 г.т. Грэм Потэр
К. Нордфельд-Г. Лагербільке-К. Старфельт-В. Ліндэлёф-Д. Свэнсан-Я. Аяры-Е. Карлстром-Г. Гудмундсан-Э. Эланга-Б. Нюгрэн-В. Дзьёкерэш
Польшча: 3-4-2-1 г.т. Ян Урбан
К. Грабара-Я. Ківёр-Я. Беднарэк-П. Вішнеўскі-Н. Залеўскі-П. Зяліньскі-С. Шыманьскі-М. Кэш-Я. Каміньскі-К. Свідэрскі-Р. Левандоўскі
Матч пачаўся з вострых атак зборнай Польшчы, якія не ўдалося канвертаваць у забіты мяч. Самы якасны мoмант быў на 14 хвіліне, Левандоўскага збілі ў штрафной пляцоўцы, але рэферы сігналізаваў гульню рукой у Мэці Кэша трошкі раней. Што датычыцца рэферы, то славенец Слаўка Вінчыч згуляў не апошнюю ролю ў гэтым матчы, ды, забягаючы наперад, можна з упэўненасцю сказаць, што Вінчычу ў найбліжэйшы час лепей утрымацца ад наведвання Польшчы, бо футбольныя «кібіцы» (фанаты) маюць вельмі добрую памяць. Але вернемся да падзей сустрэчы. На 19 хвіліне шведы прайшлі праз абарону супернікаў як нож скрозь масла, яскравая атака скончылася цудоўным стрэлам Энтані Элангі пад папярэчыну — 1:0.
У гэты момант характар праявіў малады вінгбэк Нікола Залеўскі, выхаванец «Ромы», а цяпер гулец італьянскай «Аталанты», проста зараз знаходзіцца ў найлепшай форме ў кар’еры. Да, гэта не выражаецца ў статыстыцы, але на поле яго гульня нібы прамень сонца, які асвятляе таварышам на пляцоўцы шлях наперад. Даўно я не адчуваў такой асалоды назіраць за гульцом, Залеўскі вельмі падобны да Антані часоў «Аяксу», у гэтага хлопца вялікая будучыня. У сярэдзіне тайму Нікола спачатку стварыў момант для Свідэрскага, а на 33 хвіліне прабіў з адскокам ад газону па браме шведаў — Нордфельд адбіць не здолеў, 1:1.
Матч няспешна цягнуўся да канчатку першай паловы, пакуль на 43 хвіліне Вінчыч не прызначыў штрафны ўдар за фол на правым вінгеры «вікінгаў» ды ўзнагародзіў Ківёра жоўтай карткай. На ўсе апеляцыі гульцоў Польшчы славенскі арбітр толькі разводзіў рукамі. Што казаць, калі нават лайнсмэн, які стаяў у трох метрах ад моманту фола не заўважыў, а Вінчыч, які прыбёг да ляжачага Элангі толькі праз 15 секунд, кваліфікаваў гульню «плячо ў плячо» як фол. Такі узровень майстэрства, быў на маёй памяці, толькі ў Шмоліка, як той скончыў — можаце паглядзець ў інтэрнэце. Але пасля бойкі кулакамі не машуць, гол Лагербільке з гэтага штрафнога зрабіў лік 2:1 на карысць «жоўтых» і адправіў каманды на перапынак.
Другая палова пачалася са шквалу атак у выкананні «Арлоў», палякі шлі наперад, бо разумелі: уся краіна гоніць іх наперад. Нарэшце, на 55 хвіліне іх намаганні далі вынік: пасля шыкоўнай падачы Кэша Залеўскі адным дотыкам вывеў Свідэрскага на пустыя вароты. Караль не памыліўся, лік стаў 2:2. 
Свідэрскі пасля забітага гола
На гэтым зборная Польшчы не спынілася, часамі здавалася, што невялічкія маланачкі на іх кашульках з’явіліся не на фабрыцы па іх вырабу, а падчас матчу, зарадзіўшыся энергіяй гульцоў, яны марылі прынесці сваёй краіне трыўмф і верылі ў поспех. Малады Оскар Петушэўскі ледзьве не выбіў зубы Ліндэлёфу, вось з такім напорам 17-гадовы юнак выскачыў на поле. Наогул, за весь матч шведы нанеслі злачынна мала стрэлаў у створ варот супернікаў — усяго пяць. На 88 хвіліне іх наогул было тры супраць сямі польскіх. Да і валоданне мячом было на баку нашых заходніх суседзяў: 67 на 33. Здавалася, усё ідзе да перамогі палякаў, ці ў асноўны час, ці ў даданым тайме. Але футбольны Бог не заўсёды бывае справядлівым… Нажаль, як і Слаўка Вінчыч. Лукас Бергваль, ужо маючы жоўтую картку, амаль не пакінуў Свідэрскага без нагі, на што славенскі арбітр не адрэагаваў другой жоўтай. Бергваль падзякаваў лёсу і на 88 хвіліне нанёс моцны стрэл па польскіх варотах — Грабара парыраваў. Але ўтрымаць мяч у руках польскі кіпер не здолеў, круглага амаль у пустую браму занёс Дзьёкерэш, якога да гэтага моманта на поле амаль не было бачна.
Віктар Дзьёкерэш святкуе забіты мяч
За апошнія хвіліны Польшча не здолела зраўняць лік на табло і прайграла 3:2, хаця кантралявала ход сустрэчы. За такія моманты мы і любім футбол, 3 атакі — 3 гола, неверагодная рэалізацыя. Але, не хаваючы сімпатыі да «бела-чырвоных», скажу, 88 хвіліна апошняга матчу першага раўнда КХЛ паміж мінскім і маскоўскім «Дынама» выклікала ў мяне зусім іншыя эмоцыі, чым 88 хвіліна гэтага матчу. Цікава, што ўжо ў верасні палякі змогуць узяць рэванш — абодве зборныя трапілі ў групу В4 Лігі Нацый ды восенню згуляюць ажно 2 сустрэчы. Але ў складзе «Арлоў» ужо не будзе капітана…
Роберт Левандоўскі пасля матчу
Так, Роберт вырашыў скончыць кар’еру ў зборнай і падзякаваў «кібіцам» за тое, як яны падтрымлівалі яго падчас 165 матчаў, якія ён правёў у бела-чырвонай кашульцы. Чэмпіянат свету мог бы стаць прыгожым канчаткам яго такой цікавай кар’еры, але ён вымушаны развітвацца на мінорнай ноце. Падсумоўваючы ўражанні, я магу сказаць, што гэта лепшы матч бягучага года, які я ўбачыў. Спадзяюся, што Мундыяль будзе не менш цікавым!
Швецыя трапіла ў групу F з Нідэрландамі, Тунісам і Японіяй.
