
Пазаўчора, 21 снежня, распачаўся галоўны футбольны турнір Афрыкі — Кубак Афрыканскіх Нацый (КАН). У матчы адкрыцця мараканскія гульцы абыгралі зборную Камораў — 2:0. А хто з зорак заззяе ярчэй за ўсіх на гэтым футбольным небе? Сімвалічная зборная — у лонгрыдзе.
Брамнік

Яхван Дыуф, 26 гадоў, зборная Сенегала, гулец «Ніцы» (Францыя), кошт: 9 млн €
Наша зборная будзе гуляць па схеме 4-2-3-1, а гэта значыць, што ёй патрэбен пэўны брамнік. У адсутнасці камерунца Андрэ Анана, якога не выклікалі на турнір праз скандал у федэрацыі, зусім непрыкметны Дыуф на паперы становіцца лепшым «галкіперам» Кубка. Выхаванец французскага футбола зусім нядаўна дэбютаваў у браме «гасцінных ільвоў» (у чэрвені), але я веру, што трэнер Сенегала, Цьё Пап Буна дасць яму шанец, калі гульня ў Эдуара Мэндзі не пойдзе.
Кар’ера Дыуфа:
- «Труа» (Францыя) 2016-2019
- «Рэймс» (Францыя) 2019-2025
- «Ніца» (Францыя) 2025-ц.ч.
У гэтым сезоне ва ўсіх турнірах за клуб Яхван правёў 23 гульні, з якіх толькі ў 2 аставіў сваю браму сухой. Але нягледзячы на гэта, амаль 70% удараў Дыуф адбівае, вось гэты паказчык — галоўны.
Правы абаронца

Ашраф Хакімі, 27 гадоў, зборная Марока, ПСЖ (Францыя), кошт: 80 млн €
Безумоўна, галоўная зорка нашага сузор’я, лепшы правы абаронца свету, які амаль не прапусціў кубак праз пашкоджанне: у лістападзе, у матчы супраць «Баварыі» ён атрымаў жахлівы вывіх шчыкалаткі, але здолеў вярнуцца ў футбол вельмі хутка. Пра майстэрства мараканца можна казаць вельмі шмат, але лепш за мяне гэта скажуць клубы, у якіх Ашраф гуляў.
Кар’ера Хакімі:
- «Рэал» Мадрыд (Іспанія) 2017-2020
- «Барусія» Дортмунд (Германія) 2018-2020 (арэнда)
- «Інтэр» Мілан (Італія) 2020-21
- ПСЖ (Францыя) 2021-ц.ч.
За ўвесь час ён зрабіў 155 балаў па сістэме гол+пас, гуляючы ў абароне! Проста неверагодны футбаліст, за ігрой якога вельмі прыемна назіраць.
Цэнтральныя абаронцы

Усман Дыамандэ, 22 гады, зборная Кот-д’Івуар, «Спортынг» Лісабон (Партугалія), кошт: 45 млн €
Першы з нашай пары абаронцаў, адпаведна свайму прозвішчу — дыямант са «Спортынга». Гэты гулец ужо некалькі год на радарах ва ўсіх топ-клубаў Еўропы, і гэта відавочна: хлопцу ўсяго 22, а вопыту хоць адбаўляй. У Партугаліі Усман грае амаль без замен, за гэта яго цаніў у свой час Амарым, за гэта яго цэніць і Эмэрсэ — настаўнік каманды з узбярэжжа слановай косткі.
Кар’ера Дыамандэ:
- «Міцьюланн» (Данія) 2020-2023
- «Мафра» (Партугалія) 2022-23 (арэнда)
- «Спортынг» Лісабон (Партугалія) 2023-ц.ч.
Абарона ў Кот-д’Івуара на гэты «КАН» падабралася выдатная: Агбаду, Балі, Дыамандэ, Касуну, Ндзіка. Спадзяюся, что менавіта Усман будзе весці сваю каманду наперад, а партнёры — дапамагаць.

Эдманд Тапсоба, 26 гадоў, зборная Буркіна-Фасо, «Баер» Леверкузен (Германія), кошт: 35 млн €
А вось і другі з нашай пары — Эдманд Тапсоба. З такой парай абаронцаў любы клуб быў прагнуў найвышэйшых вынікаў, але нашая сімвалічная зборная, нажаль, толькі на паперы. Тапсоба ў гэтым сезоне літаральна паўсюль у абароне «фармацэўтаў», у Бундэслізе сыграў у 14 з 15 магчымых матчаў ды на маю думку, усе стабільна добра.
Кар’ера Тапсобы:
- «Віторыя» Гімараеш (Партугалія) 2019-20
- «Баер» Леверкузен (Германія) 2020-ц.ч.
Пажадаем поспехаў зборнай Буркіна-Фасо ды самому Эдманду, які за 5 год у Германіі нарэшце выйшаў на топавую форму ды пачаў «разрываць» у адсутнасці моцных канкурэнтаў, такіх як Та альбо Інкап’е.
Левы абаронца

Раян Айт-Нуры, 24 гады, зборная Алжыра, «Манчэстэр Сіці», кошт: 40 млн €
Вельмі інтэрнацыянальная каманда пакуль што ў нас атрымліваецца — вось і алжырцу месца знайшлі. Айт-Нуры разам з Куньяй быў адным з матораў «Вулвс» у папярэднім сезоне: абодва перайшлі ў каманды з Манчэсцера і вуаля — «Вулвс» амаль стоадсоткава выляціць з вышэйшага англійскага дывізіёна. Але і сам Раян пакуль не вельмі ўдала грае за «мяшчан» — усяго 1 асіст за паўсезона.
Кар’ера Айт-Нуры:
- «Анжэ» (Францыя) 2018-2021
- «Вулвс» (Англія) 2020-21 (арэнда)
- «Вулвс» (Англія) 2021-2025
- «Манчэсцер Сіці» (Англія) 2025-ц.ч.
Алжыр патрапіў у групу з Буркіна-Фасо, дзе грае наш папярэдні герой — Тапсоба, ацаніць абодвух гульцоў у супрацьстаянні мы зможам ужо 28 снежня. Прапаную менавіта так правесці пераднавагодні вечар:)
Апорныя паўабаронцы

Пап Матар Сар, 23 гады, зборная Сенегала, «Тотэнхэм» Лондан (Англія), кошт: 35 млн €
Адзін з тых гульцоў, у якога няма хейтэраў, бо ім літаральна няма за што зачапіцца: ён прыемны як на полі, так і за яго межамі. Сар не гулец сусветнага ўзроўня, не зорка як Родры, Педры ці Руіз, але сваёй «чарнавой» работай у «апорцы» ён вырашае ісход цэлых сустрэчаў для «Шпораў», вось за гэта яго ў паўночным Лондане і любяць.
Кар’ера Сара:
- «Мец» (Францыя) 2020-21
- «Мец» (Францыя) 2021-22 (арэнда)
- «Тотэнхэм» Лондан (Англія) 2021-ц.ч.
Яшчэ адзін вінцік у сур’ёзным механізме Сенегала, які будзе змагацца за галоўны кантынентальны трафей да самага канца.

Карлас Балеба, 21 год, зборная Камеруна, «Брайтан» (Англія), кошт: 60 млн €
Селёта, Брайтан ацаніў Карласа ў суму, якая перавышала 100 млн €, але ахвотнікаў плаціць столькі за маладога гульца не было. Сама летняя трансферная сага вельмі адмоўна адлюстравалася на Балебе, ён быццам стаў ценню самога сябе узору папярэдняга сезона — усяго ў 2 матчах ён правёў поўныя 90 хвілін.
Кар’ера Балебы:
- «Ліль» (Францыя) 2022-23
- «Брайтан» (Англія) 2023-ц.ч.
Карласа забралі ў АПЛ пасля прарыўныга сезону ў «Лілі», дзе камерунец зарэкамендаваў сябе як вельмі таленавітага паўабаронцу. Таксама, паўплываў і трансфер Мойзэса Кайсэда ў «Чэлсі» за амаль рэкордны на той момант кошт — 116 млн €. Праўленне «Брайтана» цвёрда вырашыла: будзем выхоўваць новага Кайсэда. Трэба паназіраць за гэтым цікавым гульцом, ён пэўна пакажа нам яшчэ шмат выдатных выступленняў.
Левы вінгер

Ян Дыамандэ, 19 гадоў, зборная Кот-д’Івуара, «Лейпцыг» Германія, кошт: 45 млн €
Яшчэ адзін Дыамандэ ў нашай камандзе. Але не, Усман з Янам не браты, проста прозвішча аднолькавыя. Нажаль, я не зусім пільна сачу за Бундэслігай, але аб гульні Дыамандэ за «быкоў» не чуў толькі лянівы — 7+4 ў 16 матчах у гэтым сезоне, для 19-гадовага гульца за 20 млн € вынік неверагодны, босы «Лейпцыга» зараз паціраюць рукі, бо такіх адносін кошт/якасць яшчэ дзе пашукаць!
Кар’ера Дыамандэ:
- ДМІ (ЗША) 2022-2025
- «Леганэс» (Іспанія) 2025
- «Лейпцыг» (Германія) 2025-ц.ч.
Для тых, хто хоча зразумець, што ў гэтым юнаку разглядзеў «Лейпцыг», мая парада — паглядзіце іх матч супраць «Айнтрахту» (6:0), вось дзе Ян паказаў сябе на ўсю, літаральна зруйнаваў абарону аднаго з топавых еўрапейскіх клубаў. Вось ён, сапраўдны афрыканскі монстр. У зборнай іх з Амадам флангавая пара — вельмі цяжкая задача для супернікаў.
Атакуючы паўабаронца

Адэмола Лукман, 28 гадоў, зборная Нігерыі, «Аталанта» Бергама (Італія), кошт: 40 млн €
Першы з двух нігерыйцаў (спойлер) у нашай зборнай, адзін з лепшых гульцоў у свеце ў сезоне 23/24 — тады іх трыумфальнае шэсце па сезоне і пераможны фінал супраць непераможнага ў тым годзе «Баера» застаўся у памяці шматлікіх фанатаў па ўсім свеце. Да, можа ў гэтым сезоне Адэмола трохі і горш грае, чым у папярэдніх (3 галы за 5 месяцаў), але недаацэньваць гэтага майстра нельга.
Кар’ера Лукмана:
- «Чарльтан Атлетык» (Англія) 2015-2017
- «Эвертан» Ліверпуль (Англія) 2017-2019
- «Лейпцыг» (Германія) 2018 (арэнда)
- «Лейпцыг» (Германія) 2019-2022
- «Фулхэм» Лондан (Англія) 2020-21 (арэнда)
- «Лестэр Сіці» (Англія) 2021-22 (арэнда)
- «Аталанта» Бергама (Італія) 2022-ц.ч.
Ужо сёння ўвечары «Арлы» выйдуць на поле супраць Танзаніі. Букмекеры прагназуюць перамогу нігерыйцаў, гэта відавочна, бо каманда ў складзе якой акрамя Лукмана ёсць і Ндзідзі, і Івобі, і Асімхен, і Бэссі, і яшчэ шмат-шмат розных зорак, нікога не баіцца.
Правы вінгер

Браян Мбумо, 26 гадоў, зборная Камеруна, «Манчэстэр Юнайтэд» (Англія), кошт: 75 млн €
Не буду ілгаць, Браян зараз — мой любімы гулец. Пра яго можна шмат чаго гаварыць, але прывяду пару прыкладаў. На пачатку сезона фанаты і эксперты крытыкавалі Мбумо за, нібыта, празмерную вагу. Камерунец закрыў рот усім сваімі метрыкамі: прама зараз ён другі па хуткасці гулец у АПЛ. Яшчэ адзін факт, нягледзячы на свой рост у 171 см, Браян забіваў галавой «Тотэнхэму».
Кар’ера Мбумо:
- «Труа» (Францыя) 2018-19
- «Брэнтфард» Лондан (Англія) 2019-2025
- «Манчэстэр Юнайтэд» (Англія) 2025-ц.ч.
У гэтым сезоне іх пара з Амадам прынесла шмат выдатных вынікаў клубу, але ўжо 28 снежня яны сыдуцца адно з адным ужо на розных паловах стадыёну. Пасля вылету Камеруна з кваліфікацыі да Чэмпіяната Свету, Браяна нібы падмянілі — усяго 1 гол у апошніх 5 сустрэчах за «МЮ». Спадзяемся на тое, што форма Мбумо толькі палепшыцца пасля Кубка Нацый, а не наадварот, як у папярэдні раз.
Цэнтрфорвард

Віктар Асімхен, 26 гадоў, зборная Нігерыі, «Галатасарай» Стамбул (Турцыя), кошт: 75 млн €
Ну і падабраліся мы да апошняга гульца нашай каманды — форварда. Дзе-нідзе, а тут альтэрнатывы няма, Мармуш з Джэксанам пакуль не дацягваюць, а астатнія яшчэ далей. Нігерыец аформіў шалёныя 49+8 у 57 матчах за «Галатасарай» і ў Серыі А ў свой час забіў 65, таму нельга спісваць яго рэзультатыўнасць толькі на ўзровень лігі.
Кар’ера Асімхена:
- «Вольфсбург» (Германія) 2017-2019
- «Шарлеруа» (Бельгія) 2018-19 (арэнда)
- «Ліль» (Францыя) 2019-20
- «Напалі» Неапаль (Італія) 2020-2025
- «Галатасарай» Стамбул (Турцыя) 2024-25 (арэнда)
- «Галатасарай» Стамбул (Турцыя) 2025-ц.ч.
Калі аставіць за дужкамі праблемнасць яго характару, страйкер ён рэальна сусветнага ўзроўня. Напалі 2022/23 Хвіча+Асімхен forever in our hearts❤️
Вось такая зборная атрымалася ў мяне. Якая зорка заззяе ярчэй за астатнія — убачым ужо на працягу гэтага месяца.
