Жывы подых вайны!

Главное Город Культура Новости

Краязнаўчы музей “Спадчына” ў Маларыцкай раённай гімназіі быў адкрыты ў 1999 годзе. За час існавання ў ім пабывала не адна сотня наведвальнікаў, праведзена шмат урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Тут ёсць на што паглядзець: у 9 музейных экспазіцыях сабраны цікавыя матэрыялы з духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Маларытчыны. Яны ўсе пацвярджаюць своеасаблівую непаўторнасць і ўнікальнасць нашага краю. Аднак асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае раздзел “Пісьмы з фронту”.
Якімі ж яны былі, звычайныя салдаты Вялікай Айчыннай? Што адчувалі, аб чым марылі, што перажывалі і думалі, не раз гледзячы ў вочы смерці? Напэўна, ні адзін гісторык не зможа дакладна і вычарпальна на гэта адказаць. Аднак адказы ўсё ж такі можна знайсці ў пісьмах з фронту.
Пошукам салдацкіх трохвугольніках часоў Вялікай Айчыннай вайны, іх вывучэннем, аналізам і сістэматызацыяй займаецца пошукавая група, якая ўжо некалькі гадоў існуе пры краязнаўчы музей “Спадчына” ў Маларыцкай раённай гімназіі і складаецца з вучняў 9-11 класаў. Нядаўна фонды музея папоўніліся яшчэ 5 пісьмамі з фронту.
Між іншым, у краязнаўчым музеі сёння захоўваецца 52 пісьмы з фронту. 48 з іх маюць канкрэтных адрасатаў у 13 населеных пунктах раёна. На салдацкіх трохвугольніках стаяць паштовыя штампы, датаваныя 1943—1945 гадамі. Амаль палова пісем адрасавана маці, столькі ж — жонкам і толькі чатыры — бацьку. Напісаны лісты на рознай паперы: звычайных аркушах са школьных сшыткаў ці блакнотаў, адваротным баку казённых бланкаў, абрыўках плакатаў, на паштовых картках, нават на тонкіх картонках.
Памятыя і пажаўцелыя, нават парыжэлыя ад часу, з тэкстам, які ўжо не заўсёды выразна чытаецца, яны найчасцей напісаны звычайным алоўкам ці сінімі чарніламі, якія выцвілі. Некаторыя абвугленыя, з пабляклым штампам палявой пошты і адзнакамі ваеннай цэнзуры. Але якой незвычайнай цеплынёй, сардэчнасцю і шчырасцю прасякнуты кожны радок у пісьме, колькі ўкладзена ў яго чалавечай дабрыні, веры, спагады, любові, шчырасці…
Пісьмы з фронту… Што ў іх? У кожнага трохвугольніка свая непаўторная і ўнікальная гісторыя. У прапахлых порахам радах, як правіла, — клопат пра сваіх блізкіх, вера ў хуткую перамогу над ворагам, мары пра мірнае і шчаслівае жыццё…
У асноўным у пісьмах з вайны — кароткія звесткі пра тагачаснае жыццё на фронце, у тыле, а таксама пра штодзённую барацьбу з ненавісным ворагам. Кожнае пісьмо з фронту з’яўлялася сведчаннем таго, што чалавек яшчэ жывы, ваюе з ворагам ці ляжыць у шпіталі. Гэтыя лісты чакалі штодзень, а атрымаўшы, з нецярпеннем чыталі ўсёй сям’ёй і плакалі ад радасці. Іх паказвалі родным, суседзям і былі вельмі задаволенымі. Салдацкія трохвугольнікі — унікальная старонка Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя маленькія гістарычныя дакументы мінулага ліхалецця маюць асаблівую каштоўнасць, бо звязваюць у адно цэлае час, памяць і забыццё. Звязваюць мінулае, сучаснае і будучае.
Чытаеш пісьмы з фронту — і ахопліваюць незвычайныя пачуцці. Адразу судакранаешся з жывой гісторыяй, унутраным светам і асабіста перажытым тых, хто гэтыя лісты пісаў. У франтавых пісьмах дакладна перададзена атмасфера ваеннага ліхалецця. Па словах маларытчан, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, франтавыя пісьмы найчасцей пісаліся тады, калі спрыялі абставіны: паміж жорсткімі баямі, у акопах пад свіст куль, гул артылерыйскай кананады, разрывы снарадаў і бомб, на тумбачках у шпіталях і бліндажах, нават на прыкладзе вінтоўкі, на лясным пяньку, у зямлянцы. Няроўны почырк ад рукі, якая дрыжыць, звычайныя пытанні да жонкі, дзяцей і бацькоў, перажыванні і нават прызнанні ў каханні. Лісты з палёў баёў надзвычай дакладна паведамляюць пра тое, што, дзе, калі і як было. Колькі ў іх цеплыні, веры, пяшчоты, надзеі, любові і клопату пра самых блізкіх і дарагіх сэрцу людзей! І ні аднаго дрэннага слова! Вайна, здавалася, адступала, калі салдат даставаў аркуш паперы, аловак і пісаў дадому. Пісаў пра тое, што думаў, перажываў, пра што марыў, як будзе араць, сеяць, касіць. Ніхто не звяртаў увагі ні на стыль пісем, ні на мову, ні на магчымыя памылкі. Ці да гэтага тады было? Галоўнае — хоць некалькі слоў пра сябе, хоць некалькі радочкаў, паведаміць, што жывы, здаровы і чакае сустрэчы з домам.
Пісьмы з фронту – гэта жывая памяць пра тых, хто навечна застаўся маладым. Ваенныя салдацкія трохвугольнікі яшчэ з’яўляюцца і каштоўнымі дакументамі, эпісталярным летапісам вайны, запавет нам, тым, што жывуць сёння, і тым, хто народзіцца заўтра. Яны ўжо даўно перасталі быць асабістай справай. Цяпер пісьмы з фронту належаць гісторыі, якую павінны ведаць усе. Іх месца — у музеях, а не ў сямейных архівах.
Пісьмы з фронту патрэбны для таго, каб не згубілася, не страцілася, не забылася наша памяць пра тую жахлівую і страшную вайну. Памяць пра ліхалецце павінна быць жывой!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *