Вы калі-небудзь задумваліся пра жыццё буйных гарадоў? Як яны з’яўляюцца, развіваюцца, паміраюць, чым дыхаюць?
Пачакайце. Думаеце, паняцце «жыццё» надта гучнае для бяздушнай груды цэглы і металу? Што ж, з гэтым я гатова паспрачацца, бо гарады не заўсёды былі такімі…
Звернемся да крыніцы іх узнікнення. Вядома, што пачаткам горада (хоць і не кожнага) з’яўляецца вёска. Такія гарады маюць глыбокія карані і захоўваюць асаблівую атмасферу на працягу стагоддзяў, а то і тысячагоддзяў. Аднак у працэсе няспыннага развіцця навукі і тэхнікі іх знешні выгляд моцна мяняецца, і ўспамін аб маленькай калісьці вёсачкі застаецца толькі ў назвах гарадскіх раёнаў. У Мінску гэта Малінаўка, Кунцаўшчына, Лошыца, Брылевічы, Сухарава, Уручча; у Гомелі – Валатава, Давыдаўка, Навабеліца. Нельга не прыгадаць мікрараёны яшчэ аднаго з буйнейшых гарадоў Беларусі – Віцебска. Тут свае пачатковыя назвы захавалі Давыдаўка, Білева, Уланавічы. Раней гэта былі ўсяго толькі суседнія вёскі.
Дык вось, горад развіваецца: адкрываюцца спартыўныя, забаўляльныя і гандлёвыя цэнтры, кафэ, рэстараны і шмат чаго яшчэ. Асноўная грамадская дзейнасць разгортваецца ў цэнтральным раёне горада, таму шалёная суматоха тут — неад’емная частка жыцця. Вёска, на жаль, губляецца ў гэтым няспынным руху. Але яна яшчэ жыве на тых вулачках, да якіх пакуль не дабралася бязлітасная знішчальная машына…
Пачатак канца — вось што адбываецца з вёскай, калі яе пачынаюць таптаць цяжкія будаўнічыя боты.
Аднак усё ў жыцці ўзаемазвязана, і канец можа апынуцца пачаткам чагосьці новага. Для вёскі гэта горад, а для чалавека — жыццё, як кажуць, з чыстага ліста.
Памятайце: усе пакуты і выпрабаванні на вашым шляху робяць вас толькі мацней і выпрацоўваюць стойкасць характару. Вы становіцеся новым чалавекам, і гэта з’яўляецца пачаткам іншага жыцця. Толькі не забывайце пра вытокі, бо дзесьці ў глыбіні душы кожнага з нас жыве тое самае пачатковае «я», нібы непрыкметная вёсачка ў вялікім горадзе.