Не казка, а быль

Новости

Апавяданне
Шасцігадовая Марынка кожнае лета праводзіла ў вёсцы. Яна вельмі любіла бабулю і дзядулю. Бабуля вучыла пячы пірагі, збіраць клубніцы, палоць агарод. А дзядуля расказваў дзяўчынцы вельмі многа розных цікавых гісторый. Вось і сёння яны ўселіся на лавачцы ў хаце і вядуць гутарку.

— Дзядуля, а раскажы мне казку, калі ласка, — просіць Марынка.
— Казку? А я і не ведаю, унучачка, казак, я толькі праўду ўмею расказваць, — адказаў дзядуля.
— А што такое праўда?..
— Праўда не прыдумана.
— А ў казках усё прыдумана і там няма праўды?
— Амаль усё, мая даражэнькая, няпраўда.
— Дзядулечка, а вось мне сяброўка гаварыла, што ёй дзядуля расказваў пра вайну. А вайна — гэта праўда? А што такое вайна?
— Ты яшчэ маленькая пра гэта ведаць, залатая мая. Вайна — гэта бяда ўсяго народа.
— А што такое народ, дзядуля? — дапытвалася Марынка.
— Гэта, унучачка, усе людзі.
— І да іх усіх прыйшла вайна?
— Многа-многа дрэнных людзей прыйшло на нашу зямлю, каб захапіць яе.
— І людзей?
— І людзей… Бачыш хмаркі на небе? Многа іх? Вось і дрэнных людзей прыйшло многа-многа, як хмар. Яны ехалі на цягніках, на матацыклах, на танках.

— Дзядулечка, а даўно гэта было?
— Даўно, мая дзяўчынка. Тады на свеце не было яшчэ ні цябе, ні таты твайго.
— Дык захапілі тыя дрэнныя людзі нашу зямлю і наш народ?
— Не, Марынка, не захапілі, бо падняліся на барацьбу з ворагам усе нашы людзі, многія загінулі, але мы выгналі са сваёй зямлі фашыстаў(так называлі гэтых дрэнных людзей).
— Ой, дзядулечка, так цікава, але страшна-страшна…
— Страшна, унучачка, вельмі страшна. Дай бог, каб ты ніколі ў сваім жыцці не бачыла вайны, нават не чула пра яе… Але ж ты хацела паслухаць не казку, а быль…




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *