Расказваю пра вайну таму, што ненавіджу яе…
Васіль Быкаў
80 год шчаслівага жыцця сярод блакітных азёр і зялёных лясоў…
А за 80 год да гэтага – Вайна…
І колер чорны неба над Беларуссю…
І азёры, чорныя ад гора…
Пачарнелыя лясы ад разрываў снарадаў, ад стогну і плачу людзей і зямлі…
Час выбраў іх, звычайных і незвычайных, дарослых і малых, мужчын і жанчын, тых, хто жыць хацеў, зямлю араць умеў, дзівосы свету марыў дзецям паказаць… Выбраў іх, каб зямлю адстаяць змаглі, што чужынцы каванымі ботамі бязлітасна таптаць прыйшлі…

Час выбраў яго, Васіля Быкава, аднаго з іх, з тых, каго забітым пакаленнем лічаць. Выбраў, каб пабачанае на свае ўласныя вочы і перажытае ўласным лёсам данёс да тых, хто не бачыў вайны. І каб ніколі ў жыцці не пабачыў.
Час выбраў, а лёс збярог Васіля Быкава, каб беларусы пачулі праўду пра вайну і паглядзелі на яе вачамі звычайнага салдата. Салдата, які не раз стаяў перад тварам смерці і які з годнасцю вытрымаў усе выпрабаванні вайны. Салдата, які не схлусіў і не здрадзіў ні сабе, ні тым, хто побач быў. Не схлусіў і не здрадзіў і тым, хто чытае яго творы сёння і будзе чытаць заўтра. І гэта не высокія словы, а праўда, якой бы горкай і цяжкай яна ні была.
Нялёгка чытаць творы Быкава, яшчэ складаней разумець, што кожны з яго герояў асуджаны на смерць, што шанцы выжыць у тых нечалавечых умовах зведзены да мізара.
Хто яны, быкаўскія героі? Якія яны?
Звычайныя радавыя салдаты, маладыя лейтэнанты, тыя, хто бачыў вайну не з капітанскага мосціка, а са звычайнага акопа. Хто ішоў са штыком у атаку і не хаваўся за спіны сяброў. Мужныя, смелыя, безабаронныя перад часам і лёсам, гатовыя да апошняга змагацца з ворагам, каб адстаяць мір на зямлі. Маладыя і даволі сталыя, жыццём умудроныя. З душой, што схавала край родны ў сабе. З вачамі, шырока адкрытымі, каб смерці не здацца ў палон.
І… Не зусім трывалыя, што сувязь з домам, зямлёй і людзьмі страцілі. Што думалі толькі пра сваё жыццё. Загінуць баяліся. А іншыя як? – пра гэта не думалі тыя, хто з поля бою збягаў ці за бруствер гарматы хаваўся.
А былі яшчэ тыя, каго вайна застала ў вёсках, ва ўласных дамах, на полі за плугам, з сярпом у руках. Хто з ворагам сілай не мераўся, зброю у руках не трымаў, бо не мог. Хто верыў, што людскае ў ворага паходжанне, а значыць, не знішчыць дзяцей, і жанчын, і старых… Ды памыляліся: людскага мала было ў звяроў.
Пра ўсіх расказаў Васіль Быкаў у творах сваіх. Недарэмна час выбраў яго, а лёс збярог. І памяць людская пра час той нялюдскі жыве ўжо 80 гадоў. Жыве пра тых, хто не здрадзіў, хто сілы знайшоў, каб ворага з роднай зямлі прагнаць. Хто ў памяці з адной гранатай супраць танкаў стаяў.
Ці выжыве Глечык? Такі малады, такі прыгожы, поўны жыцця? Менавіта Глечыка, самага юнага героя “Жураўлінага крыку”, часта ўспамінаю я, калі чую імя Васіля Быкава і слова “вайна”. Так хочацца, каб застаўся жыць… Разумею, што выжыць немагчыма сярод поля ў немцаў навідавоку, але сэрца не можа змірыцца: так мала пражыў на зямлі, так многа яшчэ не пабачыў…
Маё сэрца рвецца туды, дзе застаўся кожны трэці, дзе людзі пазналі шмат гора і бяды. Туды, дзе чакае маці сына, жонка мужа, бацьку – дзеці.
Не заўважаючы 16-ці год, што прайшлі пасля вайны, чакае сэрца Тэклі сына, чакае, бо матчына сэрца не можа інакш (апавяданне “Незагойная рана”)… Чакае Джулія Івана, сына гадуючы з часоў ваеннай сустрэчы ў італьянскіх Альпах (аповесць “Альпійская балада”) … А на беразе крутым (апавяданне “Круты бераг ракі”) стары Пятровіч ужо 17 год вогнішча распальвае – вернуцца сыны… Не вяртаюцца… Не выжываюць у такім жорсткім пекле вайны… І гэта добра Быкаў ведаў, таму і праўду расказаў, якой бы балючай і горкай яна ні была. Расказаў, каб ведалі і мы, каб мір захавалі на зямлі, край свой бераглі і не дапускалі вайны. Каб шчырымі і чалавечнымі былі, каб словам і справай чужую душу параніць не маглі. Каб такімі, як Каламіец не былі, што памяць і надзею Пятровіча адным словам забіць змаглі. А ці трэба было? Жыў Пятровіч, надзяй жыў, сыноў чакаў, дрэннага нікому не рабіў. Жыў…. А Каламіец адным словам праўды ( нікому такой праўды непатрэбнай!), напэўна, забіў – не выйшаў больш Пятровіч вогнішча запаліць… А мог бы жыць і вогнішча паліць, сыноў чакаць…
І ўсё ж, якія яны, героі Быкава, на якіх хочацца быць падобнымі? Мужныя і адважныя – гэтага не адняць. Радзіму любяць, умеюць яе бараніць. Смерці смела ў вочы глядзяць, бо ведаюць: хто, калі не яны? І сціплыя вясковыя жыхары, што сілай духу, а не зброі з нелюдзямі ваяваць, як умелі, маглі. Чыстыя і сумленныя, роднай зямлі адданыя, у Бога вераць і ў людскасць чалавечую… Ды толькі многім людскасці не ставала – свой свайго забіваў. І маці, дзяцей сваіх абараніць каб, да сваяка звяртаецца, каб сыноў ад смерці засцярог, у лес не пусціў, прыпужнуў… А ён, той пляменнік Дрозд, усё чалавечае ўжо згубіў – і матчыных сыноў на вачах маці забіў…(апавяданне “Сваякі”) “Гад…Ірад, нечалавек!”– усё, што маці вымавіць змагла.
80 год шчаслівага жыцця сярод блакітных азёр і зялёных лясоў…
І ўсе гэтыя 80 год памятае Беларусь, што была Вайна… Што пачарнела тады ад гора зямля… І ведае, што нельга, каб зноў была вайна – кнігі Быкава доказ таму. Час выбраў яго, а лёс збярог, каб апранутую ў салдацкі шынель споведзь вайны мы праняслі праз гады…

