Ці станеш ты сапраўдным чалавекам? (Водгук на верш Мар’яна Дуксы “Выпускныя экзамены”)

Абитуриент

Жыві, шукай, усё рабі як след, каб на Радзіме твой свяціўся след.

Сяргей Грахоўскі

Ці святкаваць свой першы перавал?

Якое ззянне кветкавай даліны!

На жаль, свабоднай ні адной хвіліны.

Раскоша легкадумная — прывал.

He лёс яшчэ — шматлікія цагліны.

Быў сонечнай размінкаю урок,

фота з асабістага архіва

гайдалі сэрца калыханкі-кніжкі.

Жаданая цяпер не перадышка —

у новы дзень спружыністы рывок,

дзе зорны дождж і помслівыя шышкі.

Гарыць юнацтва меданосны сад,

дзе так бунтоўна спее паўналецце,

кіпіць між лісця захмялелы вецер.

Hi кропелькі не верыцца, што град

дзіцячых мрояў пасячэ суквецце.

У вузел пругкі волю завязаць,

спаліць былую маску шалапута,

напружыцца і развярнуцца крута

і хоць бы сабе прыступам узяць

у рэшце рэшт пагорак інстытута.

Своечасова стрэціць у жыцці

чыю-небудзь спагаду ці апеку —

за ўдачай мройнай гнацца, як па трэку.

Ці ўдасца толькі з поспехам прайсці

па конкурсу на званне чалавека?

 

Жыццё – гэта доўгая, часам складаная, але вельмі цікавая дарога для кожнага чалавека. У кожнага на гэтай дарозе свае напрамкі і прыпынкі, бо ў кожнага свой шлях. Адным з першых крокаў, якія павінен зрабіць чалавек на гэтай дарозе чалавек – вялікі крок праз экзамены. Гэта не толькі пра заканчэнне вучобы, але і пра пераход на сцежку дарослага жыцця. Менавіта пра гэта і хацеў расказаць М. М. Дукса ў сваім вершы “Выпускныя экзамены”.

Верш перада мной, і я перачытваю яго зноў і зноў. Адразу, толькі гледзячы на назву, не зразумееш, што гэта верш філасофскай лірыкі, які адлюстроўвае не толькі экзамены звычайныя, але і экзамены жыцця.

Кампазіцыйна верш можна падзяліць на тры часткі, кожная з якіх раскрывае тое, як бачыць гэтыя выпускныя экзамены лірычны герой, якім ён хоча быць пасля… Я лічу, што погляд лірычнага героя падзяляе аўтар.

Ці святкаваць свой першы перавал?

З гэтых слоў пачынаецца верш і адразу задае нам, чытачам, пытанне. Першы перавал – гэта, верагодна, час, калі скончыў школу, калі здаў школьныя экзамены, калі цябе ўжо чакае апошняе лета маленства. І аўтар быццам сам адказвае на сваё пытанне праз некалькі радкоў:

Раскоша легкадумная — прывал.

He лёс яшчэ — шматлікія цагліны.

…Гэта яшчэ толькі пачатак жыцця, першы вялікі крок. Трэба будаваць яго і далей. Няма часу на “прывал”, толькі ўперад! Ужо адчуваецца важнасць гэтага нялёгкага часу, ужо па-даросламу “свабоднай ні адной хвіліны”.

У наступных дзвюх строфах лірычны герой быццам аглядваецца на школьныя гады і параўновае з тымі, што чакаюць яго зусім блізка. Каб паказаць гэта ярчэй, Мар’ян Дукса выкарыстоўвае і метафары (“кіпіць вецер”, “гарыць юнацтва меданосны сад”, “спее паўналецце”), і параўнанні (“быў сонечнай размінкаю урок”, “калыханкі-кніжкі”), і эпітэты (“спружыністы рывок”, “зорны дождж”, “помслівыя шышкі”, “новы дзень”). Сэрца нават б’ецца хутчэй, калі разумееш, што прайшоў час дзяцінства, не за гарамі паўналецце. У наступнай кампазіцыйнай частцы аўтар яшчэ больш раскрывае гэту тэму.

Каб ісці далей, трэба ўсё разлажыць па палічках, зрабіць план. Таксама разабраць гэта нам дапамагаюць метафары “волю завязаць”, “спаліць былую маску шалапута”. Тое і гэтае зрабіць, хоць як – “хоць прыступам” – узяць гэты “пагорак інстытута”. Цікава, што крок у інстытуцкае жыццё нам паказваецца як усход на пагорак, праз пот і старанне…

Жыццё дарослага толькі пачынаецца, гэта складана, гэта можа навесці жах. Таму і хочацца “…стрэціць…чыю-небудзь спагаду ці апеку” – руку дапамогі, якая, калі трэба, падштурхне наперад.

А наперад – гэта куды?.. Ці толькі праз вучобу трэба прайсці сапраўднаму чалавеку? Мы ўжо зразумелі, што не. Мар’ян Дукса вельмі цудоўна паказвае пачуцці выпускніка. Прыпынак “дзяцінства” трэба пакінуць. Экзамены ў школе падрыхтоўваюць да новага напрамку дарогі жыцця – даросласці. Падрыхтоўваюць да самага важнага, сапраўднага экзамена, пра які ў апошніх двух радках задумваецца лірычны герой… Задумваецца і, задаючы рытарычнае пытанне, прапануе зрабіць тое ж самае і нам.

Ці ўдасца толькі з поспехам прайсці

па конкурсу на званне чалавека?

Верш “Выпускныя экзамены” – гэта своеасаблівая алегорыя: экзамены звычайныя і экзамены жыцця. Таксама, як і лірычны герой, я ўжо выпускніца. І я спадзяюся, што я прайду ўсе праверкі жыцця на званне сапраўднага чалавека.

фота з тэлеграм-канала «Магілёў — мой горад!»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *