З кожным годам усё больш падлеткаў хочуць даказаць бацькам сваю самастойнасць, дастатковую даросласць і атрымаць некаторую незалежнасць для таго, каб прымаць рашэнні. Хтосьці паказвае гэта сваімі ўчынкамі, некаторыя — паводзінамі, а многія адразу бяруцца за справу: шукаюць працу, якая дазволіць быць дарослым ў матэрыяльным плане. Але не заўсёды ж падлеткі ўладкоўваюцца на працу, каб нешта камусьці даказаць, часам жыццё паварочваецца інакш, з-за чаго прыходзіцца сапраўды сталець раней, чым усе, вырашаючы матэрыяльныя праблемы. Так давайце разбярэмся, чаму ж многія падлеткі хочуць раней часу працаваць і зарабляць уласныя грошы.
Ганна, 19 гадоў: “Першы раз працавала ў 14 год. Ад школы прапанавалі летні заробак: дапамагаць з вырошчваннем кветак. Я вырашыла паспрабаваць, бо нічога не губляю, а грошы лішнімі не бываюць. Праз 2 гады вырашыла зноў знайсці працу, бо марыла пра паездку ў Іспанію, а садзіцца бацькам на шыю зусім не было жадання. Але тут сутыкнулася з зяжкасцямі, бо ніхто не хацеў працаўладкоўваць непаўналетнюю дзяўчыну, нават з працоўнай кніжкай. Але ўсё ж такі мне вельмі пашанцавала і наступныя 5 месяцаў я правяла ў цудоўным калектыве, працуючы памочнікам барыста. На жаль, з-за вучобы прыйшлося звольніцца, бо былі ўжо іншыя мэты. Але гэты час даў мне шмат новых знаёмстваў і ведаў у галіне кавы”.
Анастасія, 20 гадоў: “Гэта было недзе пасля 8 класа, усе сябры з’ехалі з горада, таму я вырашыла не марнаваць час і пайсці працаваць. Але нягледзячы на тое, што для непаўнагадовых існуе вялікая колькасць абмежаванняў, мне пашанцавала, і я знайшла афіцыйную працу ў нейкай кампаніі, якая спецыялізуецца на разнастайных акцыях. Таму, калі так можна сказаць, я паспрабавала сябе ў розных іпастасях: раздавала лістоўкі, прапаноўвала разнастайную прадукцыю ў крамах і нават надзімала шарыкі. Нават схадзіла на сваё першае субяседванне, дзякуючы гэтай кампаніі, бо яны выяўлялі, маеш ці ты здольнасці працаваць з людзьмі. Самае прыемнае было, калі бацькі сказалі, што ганарацца мной за гэты выбар”.
Надзея, 18 гадоў: “Падлеткавы ўзрост – гэта час, калі хочацца атрымаць хоць невялікую, але незалежнасць ад бацькоў. Мне было 14, і я любіла гуляць з сябрамі, хадзіць ў кіно, парк, таму сорамна было кожны раз прасіць грошы ў бацькоў. На шчасце, складанасцяў з пошукам месца працы не было, бо я шэсць гадоў займалася маляваннем у цэнтры пазашкольнай адукацыі. І, як вынік, мяне нанялі пад дагавор і распіску ад бацькоў (да 16 гадоў без іх дазволу нельга ўладкавацца на працу). Працавала там усе лета, шыла і валяла цацкі, было ўдвая прыемна атрымліваць за сваё хобі грошы. Памятую, як нават за першую зарплату купіла бацькам торцік, было неверагодна асэнсоўваць, што гэта грошы за тваю працу. Першы працоўны вопыт – самы запамінальны, бо адразу адчуваеш сябе дарослым, чаго вельмі хочацца ў падлеткавым узросце”.
Ксенія, 19 гадоў: “З маці жылі ўдваіх, яна давала мне ўсё, пра што я толькі магла марыць, але толькі ў гадоў 15 зразумела, як ёй цяжка, таму вырашыла хоць яксьці дапамагчы ёй. Шукаючы працу, зразумела, што адзінае, у чым я магу паспрабаваць сябе – гэта манікюр. Пайшла на курсы, купіла невялічкі набор і пачала фарбаваць ногці сяброўкам, ім падабалася і спрацавала, так званае, сарафаннае радыё, так заработала першыя грошы. Потым пачало гэта сапраўды падабацца, скончыла яшчэ адні курсы, вучылася маляваць нейкія ўзоры, купляла розныя ўпрыгожванні, каб кліенткам падабалася. А пасля 11 класа і ўвогуле паступіла ў коледж на майстра па манікюру. Вось так бывае ў жыцці, што пакуль не паспрабуеш сябе, не будзеш ведаць пра наяўнасць да гэтага здольнасцяў”.