«Апынулася на чацвёртым месцы ў спiсе на бюджэт». Адна з найлепшых абiтурыентак 2023 года распавяла, як рыхтавалася да паступлення на журфак БДУ

Абитуриент Главное Универ

Гэтай вясной Яна Філончык скончыла сярэднюю школу ў гарадскім пасёлку Мір. У ліпені паспяхова здала ўнутраныя экзамены і стала студэнткай факультэта журналістыкі БДУ cпецыяльнасці «журналістыка (па напрамках)». З ёй мы пазнаёміліся восенню на праекце «Студэнт БДУ на тыдзень», у якім навучэнцы 10-11 класаў маглі наведваць пары вышэйшай навучальнай установы. З таго часу ў Яны з’явілася думка пра паступленне, і зараз дзяўчына распавяла больш падрабязна аб іспытах і сваёй падрыхтоўцы.

Якімі былі твае першыя эмоцыі пасля паступлення?
– Эмоцыі, вядома, мяне перапаўнялі. Мы збіраліся ў вялікай аўдыторыі фізічнага факультэта БДУ разам з бацькамі і выкладчыкамі журфака.

Калі дэкан факультэта журналістыкі аб’яўляў спіс, то я апынулася на чацвёртым месцы ў спiсе на бюджэт (усяго на «журналiстыку» паступiла 60 челавек, платных месцаў у 2023 годзе не было).

Я думала, што буду хоць бы дзесьці ў сярэдзіне, а тут у самым пачатку, бо ў мяне выйшлі вельмі вялікія балы. Я была такая шчаслівая!

– Хто-небудзь ведаў загадзя ў той дзень, хто паступіў?
– Не, мы прыйшлі, не ведаючы вынікаў. Пра гэта нам паведамілі ўжо на сходзе з дэканам. Але у сваім асабістым кабінеце кожны бачыў свае балы. У ім, вядома, не было напісана, праходзіш ці ты на бюджэт. Але па мінімальным прахадным мы маглі зразумець, хто паступіў, а хто не.

– А як праходзіў сход?
– Там быў дэкан і пара выкладчыкаў. Яны стварылі вельмі камфортную абстаноўку. Яшчэ прысутнічалі нашы будучыя куратары, з ліку студэнтаў, якія будуць дапамагаць нам асвойвацца на першым курсе. Яны сказалі пару слоў пра інтэрнат, пары і ўніверсітэт. Гэтак жа абяцалі вялікую падтрымку ад іх саміх і ад выкладчыкаў. Так што, баяцца было няма чаго)

– Чаму ты выбрала менавіта журфак і спецыяльнасць «журналістыка па напрамках»?
– Гэта вельмі цяжкае пытанне. Наогул, я ўпэўнена вырашыла туды паступаць толькі ў лютым гэтага года. Але ўпершыню думка у мяне з’явілася падчас праекта «Студэнт БДУ на тыдзень» восенню. А потым яна замацавалася пасля абласной алімпіяды па беларускай мове, якая праходзіла ў студзені. Там мне трэба было пісаць сачыненне, і ў мяне выйшаў досыць высокі бал. Тады і вырашыла, што гэта ўсё ж мая сфера, і выбрала адпаведную спецыяльнасць. Хаця, зараз на журфаку іх толькі дзве — гэта «інфармацыя і камунікацыя» і «журналістыка (па напрамках)». Так атрымалася, што другі варыянт мне быў нашмат бліжэй.

Яна са «Студэнтамi БДУ на тыдзень» наведалі АНТ год таму

Табе не здавалася, што на інфакам паступіць было лягчэй, бо там не патрабуецца партфоліо?
– Для мяне наадварот. Мне на журналістыку паступіць было лягчэй, таму што я не люблю грамадазнаўства, якое трэба здаваць на iнфакам.

Да таго ж не цяжка стварыць партфоліо, калі ты ўмееш пісаць і супрацоўнічаеш з газетамі (а табе трэба, бо ты будучы журналіст). Але калі ў цябе не атрымліваецца сабраць партфоліо, то навошта ты ідзеш на журфак?

– А асабіста для цябе было цяжка яго зрабіць?
– Не, пасля праекта «Студэнт БДУ на тыдзень» я адразу напісала ў рэдакцыю маёй раённай газеты «Полымя». І там галоўны рэдактар Iна Лейка адразу вельмі ўзрадавалася, сказала: «Так, вядома, супрацоўнічай з намі». У мяне адразу ж дзесьці ў студзені быў створаны асабісты блог там. Да таго ж, я пісала ў газету «Зорька» і часопіс «Чароўны». Усюды галоўныя рэдактары былі добрымі людзьмі, яны вельмі радаваліся маім артыкулам і не было ніякіх праблем. Я не магу ўспомніць якіх-небудзь дрэнных гісторый, звязаных з супрацоўніцтвам. У мяне ўсё ішло гладка.

– У абласныя газеты прымалі матэрыялы?
– Я пісала ў «Гродзенскую праўду». Яны, вядома, прапаноўвалі свае тэмы, але ў мяне проста не было часу, бо яшчэ працавала ў іншай сферы(Яна таксама больш за год з’яўляецца работнікам ў рэстаране Мірскага замка, і сама сабе зарабіла сродкі для падрыхтоўкі ва ўніверсітэт). Асабіста мне хапіла «Зоркі » і раённых газет.

– Што табе яшчэ трэба было здаваць?
– Я пісала два ЦЭ па беларускай мове і гісторыі Беларусі. Акрамя партфоліо, былі яшчэ іншыя ўнутраныя экзамены — сачыненне, рэдактура тэкстаў на дзвюх дзяржаўных мовах і сумоўе.

– Якія ў цябе выйшлі балы? Як ты рыхтавалася да іспытаў?
– Так атрымалася, што за атэстат у мяне 97 балаў, па мове — 96, па гісторыі — 91. Па беларускай мове у мяне была добрая база, бо ў алімпіядзе ўдзельнічала. Шчыра кажучы, я спадзявалася, што ў мяне будзе 100 балаў, але выйшла 1 памылка. Па гісторыі Беларусі мне патрэбен быў рэпетытар, бо да паступлення я стала ўзмоцнена рыхтавацца толькі са студзеня. Тады ж узяла экспрэс-курс, дзякуючы якому ў мяне 91 бал.

Да ўнутраных іспытаў я рыхтавалася на летніх двухтыднёвых курсах журфака, дзе мы шмат казалі пра галоўныя прынцыпы сачынення. Я вельмі ўдзячная за гэта сваёй выкладчыцы, яна прама па палічках расклала як, пра каго і што пісаць, якія асноўныя памылкі дапускаюцца, што падабаецца камісіі і гэтак далей.

Але асабіста для мяне курсы — гэта не толькі веды, але і знаёмствы. Бо я ўмела пісаць сачыненні добра, а гэтыя заняткі далі мне магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі. І калі я прыйшла на экзамен і на сумоўе, то ўжо вельмі многіх ведала ў твар. Гэта аказалася велізарнай маральнай падтрымкай — калі ты бачыш знаёмых, табе ўсміхаюцца і махаюць, падыходзяць абдымацца. Вось гэта мне далі курсы і «Студэнт БДУ на тыдзень».

– Дарэчы, курсы былі анлайн або афлайн?
– Па-мойму, можна было і анлайн. Але асабіста я прыехала ў Мінск. Мне хацелася з многімі пазнаёміцца, каб было лягчэй на саміх іспытах. Іншагароднім даваўся інтэрнат на Кастрычніцкай. Камусьці траплялася жыць з абітурыентамі журфака, а камусьці, як мне, з дызайнерамі.

– Ці складанай была рэдактура тэкстаў?
– У мяне з рэдактурай па беларускай мове ўсё было добра. А па рускай было не вельмі. Мы шмат трэніраваліся на курсах, і я прама адчувала, што рускі ў мяне трошкі прысядае. Але нягледзячы на гэта, я вучыла правілы, і, у выніку, выйшла 9 за гэта.

Дарэчы, цікавы факт, што я адна з усіх абітурыентаў для сачынення і вуснага экзамену выбрала беларускую мову. На ёй жа я казала і пісала ўсе сачыненні падчас курсаў.

– Гэта значыць, можна было выбраць мову?
– Так. На сачыненне табе даецца 3 тэмы: спачатку яны агучваюцца па-руску, а потым па-беларуску. І калі спыталі, хто будзе пісаць па-беларуску, з усёй аўдыторыі падняла руку толькі я. А яшчэ з усіх абітурыентаў я адказвала вусны экзамен самая апошняя. Для мяне ён прайшоў у вельмі расслабленай абстаноўцы. Бо са мной ніхто не застаўся з тых, хто паступае, і я была сам-насам з камісіяй. Можа, кагосьці гэта напалохала б, але мне было камфортна.

– А былі пытанні, якія цябе прымусілі знянацку?
– Так. Вядома, на сайце журфака ёсць пералік прыкладных пытанняў. Але мне трапіўся пра «Спадчыну Беларусі», якога ў спісе не было. Я там казала пра раённую і абласную газеты. Думала, што мне зададуць дадатковае пытанне пра галоўных рэдактараў ці хаця б нешта звязанае з журналістыкай, але гэтага не было. У мяне спыталі пра славутасці Гродзеншчыны. І я проста была ў шоку, спрабавала сабрацца з думкамі, распавяла, што магла. Тут мне задае жанчына пытанне, пра славутасці сталіцы. А мужчына ёй адказвае: «Дык яна ж не з Мінска, як ёй адказаць?» Але жанчыне неяк было ўсё роўна. А я распавяла, што магла. Атрымалася 8 за вусны экзамен, дык ў суме за ўсё выйшла 80 балаў.

– Гэта проста цудоўна!
– Так, але мне вельмі хацелася 10 за партфоліо. Іх у нашым годзе жорстка ацэньвалі, бо было шмат рэальна добрых работ, і 8 ставілі амаль усім. Гэта патлумачылі тым, што не кожны мае артыкулы ў рэспубліканскіх выданнях.

Якія ты б дала парады, каб зрабіць якаснае партфоліо? Што рабіць, калі зусім няма ідэй?
– Пісаць пра ўсё, што ты бачыш.

Напрыклад, калі я сёння ўстала і наліла сабе ваду з лімонам, то падумала: «Чаму б не напісаць у часопіс пра карысць шклянкі вады з раніцы?»

Яшчэ нядаўна выйшаў вельмі папулярны фільм «Барбі», пра што таксама можна напісаць. І, да таго ж, толькі скончылася ўступная кампанія — тады я адразу пытаю ў сваіх аднакласнікаў пра іх паступленне, што таксама можа стаць добрым матэрыялам у раённую газету. Артыкул пра ваду — у часопіс здаровы лад жыцця, а пра фільм — у выданне для моладзі.

– На колькі былі расцягнутыя экзамены?
– Мне шмат хто казаў, што гэта вельмі доўга, і ты самая апошняя даведаешся пра вынікі. І гэта праўда так. У мяне ў класе ўжо мэтавікі і вучні педагагічных класаў ведалі, што паступілі, а мне трэба было яшчэ экзамены здаваць. І гэта праўда вельмі доўга. Асабліва ты гэта ўсведамляеш, калі ўсе ўжо здалі і ведаюць вынікі ЦТ, а цябе яшчэ чакаюць іспыты ў канцы ліпеня.

 «Журфак – гэта не месца, а людзі! – гаворыць Яна. – Насамрэч, мне вельмі пашанцавала ў тым, што я ўдзельнічала і ў школе маладога журналіста, і на тыдні студэнта, і ў конкурсах, таму што ў мяне з’явілася вельмі шмат знаёмых і карысных сувязяў. Таму я б параіла ўсім, хто неўзабаве збіраецца ва ўніверсітэт, не забываць пра вучобу, але і шукаць блізкіх па духу людзей. Гэта значыць, прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія дае журфак. А дае ён нямала, бо многае створана для таго, каб туды паступалі. Факультэт мэтанакіравана робіць цікавыя праекты, у якіх варта ўдзельнічаць».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *