На Любаншчыне прайшло III раённае свята паэзіі і песні “Я словам слаўлю родны край”

Культура Новости

Упершыню гэта мерапрыемства адбылося на радзіме самабытнага паэта Янкі Хатэнкі – ў в. Заельнае Любанскага раёна. У гэтым годзе беларусы святкуюць 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таму свята вырашылі правесці ў в. Камуна, пра якую пісаў Купала ў паэме “Над ракой Арэсай”. Гэтаму твору і была прысвечана навукова-краязнаўчая канферэнцыя, удзел у якой прынялі як мясцовыя творцы, так і госці са сталіцы.

Працягнулася свята на пляцоўцы ля Камунараўскага сельскага дома культуры. Тут Любанская цэнралізаваная бібліятэчная сістэма разгарнула выставу зборнікаў твораў самадзейных і вядомых аўтараў: Ніны Маеўскай, Лідзіі Савік, Уладзіслава Сыракомлі і інш. А пакуль падцягваліся гледачы, для гасцей са сталіцы, сярод якіх былі пісьменнікі і журналісты Уладзімір Ліпскі, Таццяна Дасаева з сынам Андрэем, актрыса Галіна Дзягілева і іншыя, аддзел культуры наладзіў экскурсію ў літаратурны пакой Я. Купалы, музей меліярацыі, Камунараўскі СДК.

Прывітальныя словы да сабраўшыхся адрасаваў начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец:

˗  Пачынаецца жніво. А сёння мы ладзім сваё духоўнае жніво: паэзіі і песні. І я спадзяюся, што тыя канкурсанты, якія прынялі ўдзел у паэтычным конкурсе, і хто далучыўся да крыніцы паэзіі і песні, зберагуць цудоўнае натхненне на доўгія гады і будуць словам услаўляць свой родны кут.

З віншаваннямі звярнуўся да гасцей пісьменнік, журналіст, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі , які распавёў крыху пра сваю кнігу для дзяцей “Янкаў вянок”:

˗  Напісаць кнігу для дзецей пра Янку Купалу – было вельмі складанай справай. Уявіце сабе, я з аловачкам прачытаў усе яго творы, усё, што напісалі пра Купалу нашы навукоўцы, журналісты, сведкі і яго родзічы. Сустрэўся з тымі, хто бачыўся з ім, хто хадзіў па яго слядах. І толькі тады асмеліўся напісаць кнігу “Янкаў вянок”. Мне здаецца, што тым самым я зрабіў для сябе маленькія адкрыцці. Напрыклад, усе пішуць, што маму Янкі Купалы звалі Бянігна. А на самой справе ў дакументах я знайшоў, што імя яе Богуміла.  Відаць, рызыкоўна было ў тыя часы мець такое прыгожае імя. Сябры, давайце перададзім дзецям самае лепшае з нашай гісторыі, раскажам пра нашых лепшых людзей, пра Божы куточак пад назвай Беларусь. І вельмі прыемна, што сёння на свяце сярод дарослых чуваць і дзіцячыя галасы.

На працягу года Любанскі раённы цэнтр культуры праводзіў раённы конкурс чытальнікаў. Фіналісты дэкламавалі перад гледачамі вершы Я. Купалы і Я. Коласа. Узнагародзілі і фіналістаў раённага творчага конкурсу “Таленты ад роднай зямлі”. Самадзейныя паэты, пісьменнікі і фатографы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад аддзела культуры. Гэта Наталля Купчына, Ірына Стужко, Вольга Каспяровіч :), Аляксандр Цагельны, Любоў Стасюк, Дзіана Гуцко і Валянціна Шэўчык.

Пасля свае вершы чыталі самадзейныя паэты Любанскай старонкі, сярод якіх Марыя Дайнека з в. Заельнае, Анатоль Вялічка з г. Любані, Аляксандр Тон з аг. Сарачы і многія іншыя.

Трапяткім было і выступленне Галіны Дзягілевай, якая па-мастацку выканала творы Купалы, у тым ліку і ўрывак з яго артыкула “Ці маем мы права выракацца роднай мовы?”

Госць свята, загадчык аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, падараваў камунараўскім музею і бібліятэцы па кнізе свайго земляка Рыгора Цімашкевіча “Янка Купала і беларускае адраджэнне”. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася падчас святкавання 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ў Вязынцы.

А вось загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Любанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Булдык правяла прэзентацыю новых кніг аўтараў нашага краю. Сярод іх “Беларусь у абрадах і казках” Паўла Шпілеўскага, якая на беларускай мове выйшла ўпершыню. У той час, калі пісалася кніга, не існавала літаратурнай беларускай мовы. І творы, якія у ёй змешчаны – прыказкі, прымаўкі, абрады – былі раскіданы па старонках расійскай перыёдыкі сярэдзіны XIX стагоддзя.

Напрыканцы слова было дадзена шаноўным гасцям-землякам. Загадчыца кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Дасаева:

˗  Я вельмі рада, што прысутнічаю сёння на гэтым цудоўным свяце. Яно праходзіць так, нібы кожны з вас адзначае юбілей свайго роднага чалавека. Дзякуй вам, дарагія землякі, за тое, што вы такія шчырыя, працавітыя, гасцінныя. Жадаю усім вам шчасця.

Музычныя нумары для гасцей на працягу свята выконвалі калектывы творчай самадзейнасці вясковых дамоў культуры. А скончылася імпрэза радкамі паэмы “Над ракой Арэсай” у выкананні сучасных камунараў. Госці раз’ехаліся, а паэты і пісменнікі, я ўпэўнена, натхнёныя святам, рушылі ствараць новыя непаўторныя творы.

Ансамбль «Чуткі» Камунараўскага СДК быў рады паважанаму госцю Уладзіміру Ліпскаму.
Камунары

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *