Што схавана ў глыбіні фотаздымка: размова з Марынай Бацюковай

Новости

Наведвальнікі выставы абмяркоўваюць фотаздымкі
Наведвальнікі выставы абмяркоўваюць фотаздымкі

Выстава фатаграфічных работ “Сем”, якая прайшла ў рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску, яскравай фарбай адзначыла творчасць сямі фотамастакоў нашай краіны і ўзрушыла культурнае жыццё сталіцы. Лічба сем традыцыйна ахутана сімвалічным значэннем. На тыдні сем дзён, вясёлка складаецца з сямі колераў, вядома сем цудаў света – ўсё гэта закладае пэўны нябачны воку сэнс загадкавай лічбы. Сем аўтараў беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва” (Сяргей Ждановіч, Андрэй Шчукін, Ігар Саўчанка, Марына Бацюкова, Вадзім Качан, Сяргей Міхаленка і Элан Лыскоў)  прадставілі па сем уласных прац, у кожнай з якіх выказаны пэўны погляд на рэчаіснасць. З нагоды Месяца фатаграфіі адбылася сустрэча з намеснікам старшыні аб’яднання “Фотамастацтва”, удзельнікам і куратарам выставы “Сем” Марынай Бацюковай.

На пачатку хацелася б даведацца, як з’явілася задумка стварэння выставы “Сем” і хто непасрэдны ініцыятар ідэі?

— Упершыню ў Мінску праходзіць Месяц фатаграфіі, чаму я вельмі ўзрадавана. Варта выказаць словы падзякі Андрэю Лінкевічу, які пачаў арганізоўваць такія мерапрыемствы. Аб выставе “Сем” я даведалася менавіта ад яго па радыё на канале “Культура” ў праграме “Фотанагода”, якую я вяла ў той перыяд. Тады рашылі, што неабходна зрабіць асобную выставу фатографаў аб’яднання “Фотамастацтва”. Скажу шчыра, на арганізацыю мерапрыемства пайшло не вельмі шмат часу. Адразу хочацца падзякаваць Акадэміі мастацтваў за тое, што яна хутка адгукнулася і прапанавала нам, я думаю, самы лепшы са сваіх залаў.

Як гэта – складана ці не надта – сумяшчаць ролю куратара выставы з роляй яе ўдзельніка?

— Адразу хачу папярэдзіць, што я не лічу сябе куратарам дадзенага мерапрыемства. Хутчэй за ўсё выступаю як яго каардынатар. Вядома, што сёння я займаю пасаду намесніка старшыні саюза “Фотамастацтва”, таму абавязана выконваць ролю арганізатара.

Работы Сяргея Міхаленкі
Работы Сяргея Міхаленкі

Раскажыце падрабязней пра вашу серыю фотаздымкаў, прадстаўленых на выставе. Ці дастаткова было сямі прац для ўвасаблення ідэі?

— Мае сем прац – гэта частка праекта “Дзень сёмы”, і на выставе прадстаўлена толькі некалькі з усіх зробленых фотаздымкаў. Гэтыя сем прац падрыхтаваны ў Еўропе, Ізраілі, на Усходзе і Захадзе. Я працягваю працу над праектам у значна большым выглядзе. Канечне, сем прац — гэта вельмі мала для ажыццяўлення ўсяго задуманага.

Я заўважыла, што на сваім творчым шляху вы найчасцей звяртаецеся да дакументальнай фатаграфіі. Чым гэта абумоўлена?

— Я працую і з лічбавай, і са стужкавай тэхнікай, аднак заўсёды гэта дакументальны падыход. Нават калі я раблю партрэты, то мне не зусім цікавыя студыйныя здымкі. Я стаўлюся да фатаграфіі як да мастацтва, да творчасці, таму мне вельмі важна, каб чалавек, гледзячы на фотаработу, адчуў нешта прывабнае. Важна, каб заставалася прастора для думак, пачуццяў, перажыванняў. Толькі дакументальная фатаграфія можа стаць адпраўной кропкай для разваг.

Наколькі я ведаю, серыю прац “Сам на сам” вы здымалі ў храме пры набажэнстве. Праект “Рэха цішыні” або “Хочаш пачуць – глядзі” прысвечаны дзецям з цяжкімі парушэннямі слыху. Скажыце, якая была рэакцыя людзей на фотаапарат у такіх незвычайных умовах?

— Серыя “Сам на сам” здымалася ў каталіцкім касцёле падчас Нараджэння Боскага. Я не парушала адпаведны стан прысутных людзей. Калі адчувала, што перашкаджаю ў нечым, то адразу адыходзіла. У выніку ўсё склалася вельмі добра. Атрымаўся вялікі матэрыял. Калі казаць пра дзяцей з парушэннем слыху, іх я здымала ў творчай студыі, дзе яны займаліся маляваннем. Не пакідала жаданне, каб людзі звярнулі ўвагу на гэтах дзяцей і дапамаглі ім чым-небудзь. Гэтыя дзеці не чуюць і не размаўляюць, таму ў іх вочы, як бездань. Калі я прыйшла ўпершыню ў студыю, проста разгубілася. Яны, жвавыя, рухавыя, адразу кінуліся да мяне, забралі фотаапарат і штатыў. Я да іх часта прыходзіла, каб яны прыстасаваліся да мяне. І хутка стала лягчэй. На выставе можна было ўбачыць малюнкі саміх дзяцей. Праект правезлі па самых вялікіх музеях нашай краіны.

Што вам падабаецца больш – сам працэс фатаграфавання ці адзін момант, ужо гатовы фотаздымак?

— З вялікай цікаўнасцю я разглядаю гатовыя працы, калі наведваю выставы і фестывалі. Адчуваецца своеасаблівая асалода ад назірання ўжо зробленых здымкаў. А калі сама займаюся фатаграфіяй, то праходжу вялікі шлях ад ідэі да яе ўвасаблення. Гэта нармальна – сумяшчаць і ролю гледача, і ролю творцы.

Калі гэта не сакрэт, падзяліцеся з чытачамі ідэямі, над якімі працуеце зараз. 

— Ёсць шэраг праектаў, якімі я займаюся на сённяшні дзень. Хачу прадоўжыць праект пра дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху. Дзеці, якіх я здымала раней, выраслі. У мінулым годзе зноў прыйшла ў гэтую школу і наогул не пазнала іх. Ёсць і зусім іншага кшталту пректы. Ужо адкрытым можна лічыць “Дзень сёмы”. Я не так даўно вярнулася з Грузіі, Арменіі, Азербайджана, дзе працавала над фотаздымкамі. Таксама распрацоўваю праект, які тычыцца беларускай вёскі і аднаго з вясковых свят. Яго я яшчэ трымаю ў інтрызе.

Якую параду вы як ужо спрактыкаваны фотамастак можаце даць фатографам-пачынальнікам?

— Самае галоўнае, варта рабіць тое, чаго жадаеш ад шчырага сэрца, што сапраўды цікава. Калі ж пачнеш рабіць усё, што запатрабавана, гэта не дасць выніку, на які хацелася б разлічваць. Таксама раю  шмат чытаць, назіраць і даследаваць. Цікава не тое, што ляжыць на паверхні, а тое, што схавана ў глыбіні.

У зале выставы
У галерэі

Спадзяюся, што насычаная і разнастайная размова з Марынай Бацюковай пакіне яскравы адбітак на сэрцы чытача, а Месяц фатаграфіі ў Мінску скончыцца такімі ж цікавымі выставамі і плённымі сустрэчамі.

Фота: Антаніна Хатэнка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *