Галіна Барысаўна Багданава – чалавек, які захапляе і натхняе адразу, з першай размовы. За ўсё жыццё яна не атрымала ніводнай чацвёркі, стала аўтарам кінасцэнарыяў, кніг, п’ес, шматлікіх журналісцкіх тэкстаў, выгадавала двух таленавітых сыноў. Яна нарадзілася ў сям’і знакамітага пісьменніка Барыса Сачанкі, а потым сама стварыла творчую сям’ю: муж і абодва сыны Галіны Барысаўны – мастакі. Яна сумяшчае дзве працы, цікавіцца ўсім і таму, як яна кажа, ніколі не адчувае злосці, раздражнёнасці і крыўды на жыццё.
«У дзяцінстве хацела стаць настаўніцай і паехаць на поўнач вучыць дзяцей»
Вельмі рана, у чатыры з паловай гады, я ўжо пачала чытаць. Таму ўсё маё маленства – гэта кнігі. Канешне, я гуляла, ездзіла да бабулі ў вёску, пасля займалася музыкай і спрабавала маляваць, займалася ў драматычным гуртку. Дзякуючы сваёй фантазіі, мне лёгка было перажываць недарэчнасці, якія сустракаліся ў дзіцячым жыцці, бо я ведала, што ёсць яшчэ свет кнігі.
Мы з сястрой (паэтэса Святлана Явар, якая, на жаль, рана пайшла з жыцця) былі адказнымі і ўмелі шмат чаго рабіць: і паліць у печы, і гатаваць, і працаваць на агародзе. Калі потым мы жылі летам з дзецьмі на радзіме мужа, на Лагойшчыне, я дзіўным чынам з маленства памятала, як гатаваць у печы і даглядаць градкі. Таму не трэба цурацца нічога, чаму вучыць жыццё.
У дзяцінстве я збіралася быць настаўніцай. Марыла аб тым, каб паехаць куды-небудзь на поўнач і вучыць дзяцей.
Першапачаткова хацела паступаць на філфак, але бацькі пераканалі мяне паступаць на журфак. І я не шкадую, але дзіцячая мара спраўдзілася: я выкладаю. І тут, на журфаку, і ў гімназіі – каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Пэўна, магла б працаваць з любымі дзецьмі, але творча адораным больш магу аддаць, большым падзяліцца. Хоць вельмі доўга працавала ў часопісе «Мастацтва Беларусі» (цяпер – «Мастацтва») – я журналістка і цяпер пісьменніца.

«У мяне няма агрэсіўнасці, раздражнення, жадання нешта ў кім-небудзь падправіць»
Так атрымалася, што ніколі ў жыцці я не атрымлівала чацвёрак. Школу скончыла з залатым медалём, пасля – журфак з чырвоным дыпломам, потым – акадэмію мастацтваў, аспірантуру. Але я не з тых, хто сядзеў і зубрыў. У мяне, канешне, была сістэма падрыхтоўкі да экзаменаў, але мне проста было ўсё цікава. Фізіка, матэматыка, і гісторыя, і літаратура, і мова. Напэўна, таму ў мяне ніколі няма агрэсіўнасці і раздражнення, жадання нешта ў кім-небудзь падправіць. Таму я шчаслівы чалавек. Я ўмею кахаць, я ўмею любіць, я ўмею паважаць. Мне ад гэтага камфортна.
Канешне, у маладосці былі моманты, калі ў мяне з’яўлялася злосць, хацелася нешта перайначыць. Але з гадамі з’яўляецца мудрасць – адчуваць радасць ад кожнага імгнення. Нават перажыванні, выпрабаванні, якія трапляюцца – гэта ўсё тваё жыцце, і ты яго любі. Вось гэта прыходзіць з гадамі. Калі ў цябе сёння штосьці ёсць – не трэба патрабаваць, каб табе яшчэ грошы далі. У цябе шчасце, што ты кахаеш, што ў цябе ёсць сям’я, што ты можаш займацца творчасцю. Таму чым раней вы навучыцеся жыць у гармоніі з сабой, са сваім лёсам, тым будзе прасцей у жыцці. І ўвогуле, падарункі лёсу прыходзяць тады, калі вы прымеце тое, што ў вас ёсць. Калі ў вас чагосьці няма, думайце пра тое, што калі-небудзь будзе, а калі не ў вас, то ў дзяцей.
«І пра хлебаробаў пісала, і на камбайн лазіла, і будаўніцтва метро асвятляла»
Падчас студэнцтва я прачыналася вельмі рана – недзе ў шэсць, бегала, рабіла зарадку, пасля ехала ў рэдакцыю часопіса «Мастацтва», там рабіла ўсё, што трэба было, брала матэрыялы на дом чытаць, пасля ехала на заняткі, вечарам чытала, часам трэба было яшчэ ў рэдакцыю з’ездзіць (метро не было), а з ранку пачыналася ўсё нанова.
Вельмі шмат супрацоўнічала з рознымі выданнямі з самага пачатку вучобы. Друкавалася ў «Настаўніцкай», «Звяздзе», на практыцы была ў раённай газеце. І пра хлебаробаў пісала, і на камбайн лазіла, і будаўніцтва метро асвятляла. Другая практыка ў мяне была ў мінскай абласной газеце, а пасля – у «Чырвонай змене» і «Літаратуры і мастацтве». Друкавалася і ў часопісах «Маладосць» і «Беларусь».
Падчас маёй працы ў часопісе «Мастацтва» ў рэдакцыі было дзве машынкі. Калі прыносілі матэрыялы, іх трэба было падправіць (працавала стыль-рэдактарам, а потым рэдактарам аддзела), пасля правіў стыліст, потым замрэдактара. І ўсе праўкі трэба было выклеіць. Выдрукоўвалі на машынцы патрэбныя словы, клеілі, каб роўненька было. Калісьці даводзілася перадрукоўваць. Гэта не тое, што сёння – сеў, напісаў на камп’ютары і адаслаў.
«З творчым чалавекам надзейна жыць»
Як жанчына я спраўдзілася. Заўсёды хацелася, каб мужам быў творчы чалавек. Мне здаецца, што калі людзі творчыя, то ўсе побытавыя праблемы вырашаюцца вельмі хутка. Заўсёды хлопцам кажу: трэба кахаць творчых дзяўчат, таму што, калі чаго-небудзь не будзе хапаць, яна нафантазіруе.
Былі раней такія вандроўкі «Клуб творчай моладзі». Будучы муж тады быў студэнтам, я працавала ў “Мастацтве”. І ён паказваў там свае творы. Мяне заінтрыгаваў ягоны погляд на свет. Чым творчы чалавек надзейны? Тым, што ты бачыш у творах ягоны свет. І калі гэты свет табе цікавы, а яму твой цікавы, тады вялікае шчасце. Дзяўчаты маіх хлопцаў таксама творчыя, і мне падабаюцца іх творы. Жывапісныя работы майго старэйшага сына, Алеся, экспануюцца ў Вільнюсе, а малодшы, Януш, прыдумаў і ўвасобіў праект «Літаратурны аўтобус».
У мяне была, ёсць і будзе сям’я на першым месцы. Калі ў адзін дзень супадае сямейнае свята, дзень нараджэння мужа ці сына і важная падзея, напрыклад, выстаўка, то я так выкручваюся, каб быць з сям’ёй. Усё астатняе адкладаю.
«Самыя лепшыя творы я напісала, калі побач, у адным пакоі, спалі два сыны і муж пісаў карціны»
Мне заўсёды даводзілася самой атмасферу ствараць. У мяне ніколі не было, і не ведаю, ці калі будзе асобны кабінет ці месца, дзе б усіх разагнала і сядзела пісала. Дзе ёсць магчымасць пакласці паперу ці цяпер камп’ютар – там і працую. Нейкі час, калі яшчэ не замужам была, у мяне быў нейкі стол, пакой, дзе магла працаваць. А зараз так ужо не атрымліваецца. Але вам скажу, што гэта зусім не важна, бо самыя лепшыя свае апавяданні напісала, калі два маіх малых спалі ў адным пакоі, Пеця пісаў карціны, а я, калі ўсе клаліся спаць, ставіла на каленкі маленькі таршэр і пісала.
«Мне абсалютна камфортна ў маім узросце»
Гэта шчасце, калі ў цябе ёсць вопыт, якім ты можаш падзяліцца з іншымі. Мне цікавей з маладымі, таму што мае аднагодкі зацыкліваюцца на нейкіх побытавых рэчах, на тым, што нешта не паспелі зрабіць. А я сябе прывучыла да таго, што колькі паспелася, значыць – столькі трэба. Таму мне абсалютна камфортна ў маім узросце.
Быў час, калі трэба было зарабляць, і я пісала кніжкі на пэўныя тэмы: па кулінарыі, пляценні з бісера, вышыванні. І кветкі люблю вырошчваць.
Усёй сям’ей любім гатаваць: і я, і муж, і дзеці. Раней я вельмі любіла вязаць і шыла вельмі шмат.
Я вельмі вялікае задавальненне атрымліваю ад таго, што мае знаёмыя, дзеці, студэнты шмат падарожнічаюць. У маладосці я трохі ездзіла, але зараз практычна нікуды не выязджаю. Ведаеце, у мяне такое захапленне, калі яны прыязджаюць і паказваюць фатаграфіі. Тады ўключаю камп’ютар і магу спазнаць краіну праз фатаграфіі. Лаўлю сябе на тым, што магу пісаць нават пра тыя краіны, у якіх не была, але адчуваю іх водар, побытавыя дэталі. Была б я іншай, можа б, гаварыла: «Ой, і я хачу!» Але я разумею, што сёння мне дастаткова такога віртуальнага падарожжа.
ПАРАДА
Сістэма падрыхтоўкі да экзаменаў такая: вы раздрукоўваеце пытанні такім чынам, каб было недзе паўстаронкі пасля кожнага. Калі чытаеце канспект ці кнігу, выпісваеце галоўныя словы – апорныя сігналы: той твор, пра які будзеце гаварыць, ці пісьменнік, ці нешта яшчэ. А пасля, перад экзаменамі, вы проста прагледзьце гэтыя адказы.Калі будзеце адказваць на экзамене, у вас у памяці ўсплывуць не толькі апорныя словы, але ўсё, што вы прачыталі.
Алеся ДАШУК, 3 курс