«Барыс Васільевіч узнімаў высокую планку, і сам гэтай планцы адпавядаў «

Барыс Васільевіч Стральцоў – выдатная фігура ў гісторыі беларускай журналістыкі. Асабліва гэта датычыцца гісторыі нашага факультэта, дзе ён доўгі час працаваў выкладчыкам і загадчыкам кафедры тэорыі і практыкі журналістыкі. Дзякуючы свайму таленту, мудрасці і велізарному практычнаму вопыту, Барыс Васільевіч выхаваў некалькі пакаленняў прафесіянальных журналістаў. У гонар 90-годдзя са дня нараджэння гэтага выдатнага чалавека мы пагаварылі з выкладчыкамі нашага інстытута, якія былі асабіста знаёмы са Стральцовым, каб даведацца, якім жа чалавекам, а не выкладчыкам ці журналістам, ён быў.

Арлова Таццяна Зміцераўна 

____________ __ __ –  Як вы пазнаёміліся з Барысам Васільевічам?
– Мы пазнаёміліся ў газеце «Звязда», дзе ён працаваў журналістам, а я –пазаштатным  карэспандэнтам, пісала артыкулы па яго замове. А потым ён запрасіў мяне працаваць на  факультэт журналістыкі. Гэта было вельмі даўно — у 1972 году.
Працягніце фразу: «Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт — …»
– …Таксама чалавек. І таму заўсёды трэба ставіцца па-чалавечы, з разуменнем, бо пакуль вы  вучыцеся і асвойваеце нешта новае, часам даводзіцца адступаць, а дзесьці прарывацца наперад.  Я думаю, ён быў досыць рахманым выкладчыкам. Ва ўсякім выпадку, строгасць ў ім спалучалася  з разуменнем. Ён любіў сваіх студэнтаў.
За што Вы б сказалі «дзякуй» Барысу Васільевічу?
– За вельмі многае. Чаму толькі я ў яго ні навучылася! Я і не меркавала, што змагу стаць  выкладчыкам, бо была журналістам-практыкам. Трапіўшы на журфак, ва ўсім брала з яго  прыклад. Барыс Васільевіч быў чалавекам вельмі прыстойным, сумленным і з добрым пачуццём  гумару. На працы ён быў «гуляючым трэнерам»: і пісаў, і вучыў, то бок спалучаў тэорыю з  практыкай. Дзякуючы Барысу Васільевічу я стала адным з тых нешматлікіх журналістаў, якія не  толькі выкладаюць, але яшчэ і ўвесь час пішуць і публікуюцца.

 

Самусевіч Вольга Міхайлаўна

Samusevich_Olga (1)

 

– Як вы пазнаёміліся з Барысам Васільевічам?

– Пазнаёміліся ў сценах журфака. Ідучы па калідоры, ён заўсёды з усімі вітаўся с такой  прыемнай усмешкай, што я бачу яе, нават калі заплюшчваю вочы. Інкаш не магу яго сабе  ўявіць. Відаць, так у калідоры і сустрэліся. Іншага прыдумаць не магу.
 – Працягніце фразу: «Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт — …»
– …Гэта асоба, і нельга глядзець на іх аднолькава. Трэба бачыць у кожным асобнага  чалавека, асобны талент, асобнага журналіста. І сапраўды да кожнага ў яго былі свае  адносіны. Яны маглі быць рознымі. Мог хтосьці яму не падабацца, неяк неправільна  гаварыць, але мне падаецца, што гэта самае галоўнае: каб усе не былі аднолькавымі.
 – За што Вы б сказалі «дзякуй» Барысу Васільевічу?
– Барысу Васільевічу я б сказала дзякуй за тое, што ён мяне падтрымаў падчас абароны  дысертацыі. Тады ён быў старшынёй савета, аўтарытэтнай і вядомай на ўсю краіну асобай.  Менавіта такая яго падтрымка як навукоўца і проста як чалавека, які скажа, што ўсё будзе  добра, які ўсміхнецца у такі адказны момант твайго жыцця вельмі неабходна. Відаць, гэтая  яго ўсмешка, добрыя адносіны далі мне сілы і жаданне нешта ствараць на факультэце,  працаваць і адстойваць нейкія студэнцкія правы.
Ведаеце, Барыс Васільевіч быў прынцыповым чалавекам, але вельмі абаяльным. З ім  заўжды было цікава размаўляць. І вочы ў яго былі такія разумныя, добрыя, але з хітрынкай. Зычу, каб у вашым жыцці таксама былі такія людзі, якія ў вызначальныя моманты вашага жыцця вас падтрымалі б.

Лебедзева Марына Леанідаўна

Лебедзева М.Л.

 – Як вы пазнаёміліся з Барысам Васільевічам?
– Калі ён прыйшоў працаваць у Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, на кафедру  журналістыкі. Барыс Васільевіч –прызнаны аўтарытэт у прафесіі – ніякім чынам не дэманстраваў  сваёй значнасці, быў сціплым і шчырым чалавекам, выдатным журналістам, публіцыстам,  пісьменнікам. Ён адразу зачараваў і выкладчыкаў, і студэнтаў, любіў і ўмеў жартаваць, заўсёды  дапамагаў, калі да яго звярталіся за парадай ці справай.
– Працягніце фразу: «Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт — …»
– … Павінен быць добрым чалавекам. Мне здаецца, што Барыс Васільевіч лічыў галоўным менавіта  гэта. Веды мы набываем на працягу ўсяго жыцця, і адукаванасць сама па сабе яшчэ нічога не  вырашае. А вось дабрыня, шчырасць – асаблівыя каштоўнасці, якія трэба берагчы ў чалавеку, і гэта  вельмі актуальна тады, калі ён фарміруецца, калі пачынае дарослае жыццё
– За што Вы б сказалі «дзякуй» Барысу Васільевічу?
– За тое, што ён быў сапраўдным чалавекам і такім застанецца назаўжды ў нашай памяці, у сэрцы  кожнага, хто яго ведаў, хто з ім працаваў, хто бачыў яго шчырасць і разумеў моц яго таленту. За тое,  што мне пашчасціла з ім сустрэцца.

Зразікава Валянціна Аляксееўна

zrazikova – Як вы пазнаёміліся з Барысам Васільевічам?
– З Барысам Васільевічам мы пазнаёміліся, калі працавалі разам на кафедры журналістыкі  Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. Ёсць такія сустрэчы ў жыцці, якія доўга не  можаш забыць і міжволі ва ўспамінах вяртаешся да іх. Прычына таму – моцнае ўражанне ад таго  чалавека, з якім лёс, здаецца, выпадкова цябе знаёміць. Пасля разумееш, што не выпадкова – каб  адкрыць для цябе новы сусвет, цэлы космас цікавых думак. Такім космасам стаў для мяне Барыс  Васільевіч, інтэлігентны, мудры, ветлівы, далікатны, але ў той жа час і патрабавальны. З  неверагодна тонкім, пазітыўным пачуццём гумару, добразычлівасцю да людзей і бязмежным  талентам вучонага, публіцыста, мастака слова. Багацце душы такіх людзей, іх мудрасць, вучыць і  цябе, як быць годным і вартым звання Чалавека на гэтай зямлі.
– Працягніце фразу: «Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт — …»
– Мне здаецца, Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт павінен быць лепшым ва ўсім: у вучобе, у  творчасці і ў будучай прафесіі. Настаўнік заўсёды перажывае за сваіх вучняў, марыць, каб яны  дасягнулі пэўных вышынь. Барыс Васільевіч узнімаў высокую планку, і сам гэтай планцы  адпавядаў. Калісьці ён сказаў: гэта не я абраў прафесію журналіста, а прафесія абрала мяне. Прафесія абірае толькі самых лепшых, руплівых і працавітых. Таму і выкладаў, вучыў ён так, каб студэнты дачакаліся таго моманту, калі журналістыка іх прызнае, раскрые перад імі свае таямніцы і сакрэты. У сваёй педагагічнай практыцы Барыс Васільевіч выкарыстоўваў рэйтынгавую сістэму, акуратнасці і дакладнасці вядзення якой маглі б пазайздросціць не толькі маладыя, але і бывалыя выкладчыкі. Узгадваецца, як кіраўніцтва прыводзіла ў прыклад методыку ацэнкі ведаў Стральцова. Школа Барыса Васільевіча застаецца на ўсё жыццё ў памяці не аднаго пакалення студэнтаў і журналістаў, неабыякавых да сваёй справы, адказных за кожнае слова. Гэтаму іх навучыў Настаўнік.
– За што Вы б сказалі «дзякуй» Барысу Васільевічу?
– Барысу Васільевічу я ўдзячна за святло яго ўсмешкі, фірменнай, “стральцоўскай”, непаўторнай. За сапраўднасць і шчырасць паводзін, слоў, думак, за яго рамантызм і веру ў чалавека. За творчасць, шматгранную і разнастайную, да якой звяртаешся не толькі з навуковымі мэтамі, але і каб наталіць смагу жыцця. Чытаючы апавяданні, абразкі, успаміны Барыса Васільевіча, адчуваеш яго прысутнасць у сваім жыцці. А яшчэ слова “дзякуй” хачу сказаць за яго адданасць, “гарэнне” любімай справе. І ў гэтым таксама бачыцца сэнс і працяг жыцця.

Саянкова Людміла Пятроўна
________________ __ __ – Як вы пазнаёміліся з Барысам Васільевічам?
– Вельмі даўно, калі я яшчэ была студэнткай. Памятаю, як у аўдыторыю зайшоў выкладчык і пачаў распавядаць пра практычную журналістыку. Ён расказваў вельмі проста, ясна і, што называецца, абсалютна рэалістычна праўдападобна. І гэта было цікава. Пазней Барыс Васільевіч выкладаў у нас спецкурс, звязаны з напісаннем нарысаў, не памятаю дакладную назву. Гэты прадмет дазволіў мне пазнаёміцца з вялікай колькасцю журналістаў, пісьменнікаў, крытыкаў праз іх працы, адкрыць для сябе нюансы майстэрства журналіста. Гэта былі сустрэчы, калі мы адкрывалі для сябе Стральцова як выкладчыка. Барыс Васільевіч паводзіў сябе так, што дыстанцыя паміж ім і студэнтамі была мінімальнай, але не ў плане панібрацтва, а ў плане даверу і павагі. Мы так прасякнуліся ім, як асобай, так паважалі і давяралі яму, што, калі ён захварэў, мы ўсе перажывалі, хадзілі да яго ў бальніцу, не здавалі залік іншым выкладчыкам і чакалі яго вяртання. Для многіх выпускнікоў таго часу імя Стральцова заўсёды было значна як у прафесійным плане, так і ў чалавечым.
– Працягніце фразу: «Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт — …»
– … Павінен сваёй прафесійнай дзейнасцю пацвярджаць тое, што нездарма знаходзіцца ў сценах журфака. Барысу Васільевічу было важна чытаць сваіх студэнтаў у прэсе, бачыць іх дасягненні.
– За што Вы б сказалі «дзякуй» Барысу Васільевічу?
– Я б сказала яму дзякуй за чалавечае стаўленне, за яго прастату, годнасць, адданасць прафесіі, на якую мы былі роўныя. За яго гумар, уменне трымаць разумную дыстанцыю паміж сабой і студэнтамі. Я лічу, што такіх людзей, як Стральцоў, становіцца ўсё менш і менш, калі яны ўвогуле яшчэ захаваліся. Такая асоба, як Барыс Васільевіч, патрэбна сучаснаму свету.

Адліванчык Аляксандр Уладзіміравіч

____________________ __ __

 

– Як вы пазнаёміліся з Барысам Васільевічам?
– Раз пабачыў Барыса Васільевіча ў аўдыторыі журфака БДУ (яшчэ на вуліцы Маскоўскай, каля  метро «Інстытут культуры») на яго спецкурсе «Асновы літаратурна-мастацкай творчасці». Была  восень 1997 года, я вучыўся на другім курсе…
– Працягніце фразу: «Барыс Васільевіч лічыў, што студэнт — …»
– Стаўленне Барыса Васільевіча да студэнтаў… Наш курс быў гаманлівы, і большасць прысутных  слухала Барыса Васільевіча, помню, няўважліва. Крыўдзіўся ён на нас за гэта… Нейкіх характэрных  выказванняў Барыса Васільевіча пра студэнтаў прыгадаць не магу. Затое добра помню яго афарызм  пра выкладчыкаў журфака: «Хто не можа быць журналістам сам – ідзе вучыць гэтаму іншых!»
– За што Вы б сказалі «дзякуй» Барысу Васільевічу?
– Барыс Васільевіч быў выкладчыкам добрым, чулым і спагадлівым – за гэта яму і дзякуй. Ніхто з нас (апрача тых, хто зусім нахабна ігнараваў вучобу) не меў сур’ёзных праблем на яго іспытах і заліках.

 

Анастасія Даніловіч, Анастасія Дубовік, Лізавета Варажбіт

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *