Вучань Стральцова: «Мой настаўнік выкладаў з практычным ухілам, гэта значыць, са стосам газет, як правіла, раённых».

Новости Универ

Барыс Васільевіч Старальцоў выкладаў на нашым факультэце звыш 35 гадоў. За гэты час прафесар выпусціў некалькі дзясяткаў выбітных даследчыкаў журналістыкі і рэдактаў. Адзін з іх – Аляксандр Канстанцінавіч Казак – былы галоўны рэдактар газеты «Бабруйскае жыццё», з выхадам на пенсію – спецыяльны карэспандэнт газеты «Вечерний Бобруйск». Вучань Стральцова падзяліўсяўспамінамі пра свайго настаўніка.

Аляксандр Канстанцінавіч Казак

— Першае знаёмства з Барысам Васільевічам. Можаце распавесці як гэта адбылося?

— Нашы сустрэчы звычайна, адбываліся на занятках у аўдыторыях на Маскоўскай вуліцы. Выкладаў Барыс Васільевіч выключна з практычным ухілам, гэта значыць, са стосам газет, як правіла, раённых. Вывучалі з іх дапамогай, здаецца, стылістыку інфармацыйных жанраў. Ён даваў заданне студэнтам прааналізаваць выкарыстанне тых ці іншых стылістычных сродкаў у публікацыях, прапанаваць свае варыянты. Такая форма работы нам падабалася, бо кожны спачатку газетны, а потым студэнцкі ляп выкладчык з гумарам, вельмі трапна каментаваў. Потым разам даходзілі да ісціны.
— У адным інтэрвю Вы сказалі: «Студэнцтва – лепшы час у жыцці». А якім быў журфак пры Стральцове? Што Барыс Васільевіч у Вас выкладаў?

— Вёў Барыс Васільевіч, наколькі памятаю, спецкурс, выкладаў інфармацыйныя і аналітычныя жанры ў друку. Журфак пры ім быў, на мой погляд, па-бацькоўску ўважлівы да студэнтаў і ўдзячна-паважлівы да выкладчыкаў.

— Цяпер кажуць, што на журфаку вучаць ледзь не ўсяму, апроч галоўнага – як пісаць. А як Вы лічыце, чаму галоўнаму Вас навучыў Барыс Васільевіч?

— Спачатку настаўнік навучыў мяне асабіста пісаць рэпартажы. Мы ж тады выконвалі практычныя заданні ў розных газетных жанрах. Дайшла чарга падрыхтаваць нарыс. Я прапанаваў, як здавалася, эпічнае палатно з гучнай назвай «Першае зерне». Пачытаў Барыс Васільевіч «палатно» і сказаў, што гэта толькі подступ да нарыса, бо матэрыял «скрозь рэпартажыць». А каб атрымаўся нарыс, трэба больш разважаць – спачатку над фактамі і з’явамі, а потым на паперы, каб цябе зразумелі чытачы. Гэта і ёсць тое галоўнае, чаму, якмяркую,павіннападпарадкавацца журналістыка.

— Ці былі думкі працягнуць вучобу ў аспірантуры пад апекай Стральцова і стаць у адзін шэраг з нашымі навукоўцамі? Калі так, чаму не іх рэалізавалі?

—Думкі аб навуцы неяк не наведалі тады маладую галаву. Нас больш скіроўвалі на практычную работу ў друку, дзе трэба было «палымяным словам мабілізоўваць масы на выкананне заданняў пяцігодак». З аднакурснікам нават паспрачаліся, калі развітваліся: ён заставаўся ў Мінску і яму няўцям было, чаму я еду ў Бабруйск. Я на поўным сур’ёзе сцвярджаў, што калісьці ўсё адно трэба ж  будзе паварочваць раёнкі, мясцовы друк ад суцэльнага «ворыва зябліва» да журналістыкі з нармальным тварам, а галоўнае – душой. Гэтаму, урэшце рэшт, вучыў і Барыс Васільевіч.
— Барыса Васільевіча называюць патрыярхам беларускай журналістыкі. Як вы ацэньваеце яго навуковую дзейнасць? Наколькі яна паўплывала на вас як рэдактара?

— Паўплывалі  не толькі яго падручнікі, як мастацкія творы, і публіцыстыка з прозай, як падручнікі жыцця, а і асабістая вернасць мэтра справе, роднай мове, свайму чытачу.

— Як Вы лічыце, чаго не хапае маладым журналістам, якія толькі прыходзяць пасля размеркавання ў рэдакцыю, таго чаму вучыў Вас Барыс Васільевіч?

— Некаторым маладым не хапае веры ў тое, што да іх з’яўлення ў жыцці і прафесіі свет таксама існаваў. Што да іх таксама прадзеды, дзяды, бацькі тое-сёе разумелі, умелі, рабілі. У маім жыцці спецкурс Стральцова атрымаў працяг, бо мне давялося працаваць з некалькімі паплечнікамі, аднадумцамі, сябрамі Барыса Васільевіча.

— Барыс Васілевіч пачынаў працу журналіста ў рэгіянальным выданні «Савецкая Радзіма». Цяпер жа ўсё менш студэнтаў журфаку  пачынаюць сваю творчую дзейнасць у раённым друку. Як Вы думаеце, чаму адбываецца такая зява і як можна яе выправіць?

— Барыс Васільевіч працаваў у свой час у бабруйскай абласной газеце «Савецкая Радзіма», але яго паклікала ў сталіцу прага да вялікай навукі. І ён сваёй мэты дасягнуў. Зараз жа камерцыялізацыя апанавала ўсё навокал. Галоўны крытэрый сёння – грошы, а дакладней – іх колькасць. У раёнках аплата журналіста непараўнальная са сталічнай. Таму і не едуць журналісты на перыферыю. За якасны інфармацыйны прадукт, на мой погляд, трэба плаціць па аднолькавых стаўках хаця б ганарару – што ў Мінску, што ў Глуску…

Матэрыял падрыхтаваў Аксіновіч Павел.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *