Дзень пісьменства – замена Дажынкам? Як прайшло свята ў Рагачове

000027_232237_big

Фота: http://www.belta.by/

Як вядома,традыцыі беларускага пісьменства вельмі старажытныя, наша мова і літаратура сягаюць каранямі ў самую глыбіню вякоў. Знакамітая Беларусь і тым, што менавіта з нашай зямлі паходзіць усходнеславянскі першадрукар — Францыск Скарына. Таму цалкам зразумела, што свята беларускага пісьменства (а цяпер яго часта называюць і святам славянскага пісьменства) адзначаецца на высокім дзяржаўным узроўні з пачатку станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы — з 1994 года — і з кожным годам становіцца ўсё больш маштабным.
Сёлета гонар прымаць гэтае свята меў Рагачоў. Гэта легендарны горад. Першая згадка пра яго з’явілася ў 1142 годзе — такім чынам, гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў краіны. Ён стаіць на двух рэках, а замкавая гара, на якой калісьці стаяў палац каралевы Боны, узвышаецца над месцам злучэння Друці і Дняпра. Рагачоў адзін з тых гарадоў (побач з Полацкам, Гародняй, Навагрудкам, Пінскам, Нясвіжам…), з якімі маюцца трывалыя асацыяцыі ва ўсіх аматараў беларускай літаратуры. І галоўная асацыяцыя з Рагачовам — гэта Уладзімір Караткевіч. У гэтым горадзе найпапулярнейшы беларускі класік напісаў свае галоўныя творы, гэтыя мясціны многа разоў апеў у сваёй творчасці. Такім чынам, Рагачоў для беларускай літаратуры з’яўляецца, можна сказаць, знакавым горадам. І вельмі заканамерна, што ён нарэшце быў абраны сталіцай свята беларускага пісьменства.

Для Рагачова гэта стала не толькі гонарам. Усім вядома, што ў Беларусі рэспубліканскія святы ў райцэнтрах — гэта заўжды больш, чым проста святы. Выбар горада для правядзення ўрачыстасці азначае вылучэнне фінансавання на рэканструкцыю горада. Раней каталізатарам абнаўлення гарадоў былі рэспубліканскія Дажынкі, а пасля іх адмены ў гэтай ролі выступае Дзень пісьменства (хіба што з меншым размахам). І раней, і асабліва цяпер, ва ўмовах эканамічнага крызісу, абранне горада сталіцай рэспубліканскага свята з’яўляецца для яго шанцам (часта адзіным) стаць больш сучасным, прыгожым, утульным і зручным.

І для Рагачова гэты шанец — вялікая ўдача. Бо назваць Рагачоўскі раён багатым ніяк немагчыма, бюджэт яго далёкі ад патрэбных аб’ёмаў — адпаведна, нават у цэнтры горада нічога не абнаўлялася і не рэканструявалася вельмі даўно, не кажучы ўжо пра ўскраіны і ўвесь раён. Максімумам добраўпарадкавання з’яўлялася фарбаванне фасадаў дамоў. Ні пра сур’ёзныя рамонты дарог, ні пра новыя аб’екты інфраструктуры ўжо даўно нават гаворкі не ішло. Таму яшчэ раней людзі з вялікай надзеяй ўспрынялі вестку аб тым, што ў 2013 годзе рэспубліканскія Дажынкі мусілі адбыцца ў Рагачове. Аднак у той раз свята з нейкіх прычын было літаральна за некалькі месяцаў да правядзення аддадзена суседняму Жлобіну (па чутках, з-за таго, што на добраўпарадкаванне багатага горада металургаў спатрэбілася б выдзяляць істотна менш грошай з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў). Пасля таго рагачоўцы, можна сказаць, затаілі крыўду і паставілі крыж на будучыні роднага горада, ад людзей часта можна было пачуць: «Нічога тут не было і нічога, відаць, ужо не будзе». Здавалася, Рагачоў незаслужана і ўжо назаўжды забыты ўладамі вобласці і краіны, і зменаў не дачакацца. На жаль, можна здагадацца, што менавіта так адчуваюць сябе жыхары многіх невялікіх беларускіх гарадоў, не абласканых лёсам.

Таму можна сабе ўявіць, наколькі радаснай для рагачоўцаў была навіна аб намеры правесці ў нашым горадзе Дзень беларускага пісьменства. Пайшло фінансаванне, пайшлі падрыхтоўчыя працы. І вось тут выявіўся галоўны мінус такога фармату правядзення святаў: яны губляюць свой твар. Ні людзям, ні чыноўнікам, па сутнасці, не важна, да якога менавіта свята рыхтуецца горад — галоўнае, што нешта адбываецца, што з’явіліся грошы, на якія ў горадзе можна нешта зрабіць. Напрыклад, што адбывалася ў Рагачове? Працы пачаліся ў чэрвені і не закончыліся нават пасля свята. Рэканструявалі ўезд у горад з боку Мінска і прылеглыя тэрыторыі, адрамантавалі адну са школ (там жа, на ўездзе), пашырылі цэнтральную вуліцу Леніна да чатырох палос (што выклікала незадавальненне жыхароў: высякаліся дрэвы, дарога падышла пад самыя вокны дамоў, ды і неабходнасці ў дарагім пашырэнні не было). Паклалі новы асфальт яшчэ на пары асноўных вуліц. Рэканструявалі цэнтральны парк (зноў жа высекшы траціну дрэў) і давялі да ладу парк «Балота», будаўніцтва якога пачалося яшчэ да меркаваных Дажынак і, здавалася, ніколі не скончыцца. Праводзілі работы па рамонце сістэм вадаправоду і каналізацыі. Паставілі светлафоры на скрыжаваннях і платы з металапрофілю. Нават зрабілі міні-парк вайсковай тэхнікі пад адкрытым небам!.. Гэта ўсё, безумоўна, добра, але ўзнікае пытанне: ягое дачыненне ўсё гэта мае да Дня пісьменства?

Таго, што рэальна звязана з культурай, было зроблена вельмі мала: па сутнасці, усё абмежавалася рэканструкцыяй цэнтральнай бібліятэкі («Дома кнігі») і адкрыцця ў ім адзінай у горадзе кнігарні. Дом кнігі прысвяцілі Уладзіміру Караткевічу, існуючай школе мастацтваў надалі імя Анатоля Каплана (вядомага мастака-графіка, які паходзіць з Рагачова). Гэта было засведчана адпаведнымі мемарыяльнымі дошкамі. Акрамя таго, у цэнтры з’явіліся дзве міні-скульптуры: адна ў выглядзе рога, як на гербе горада, а другая — пісьмовы стол з вялікім пяром. Гэтым і абмежаваліся дзеянні, якія тычыліся культуры і пры гэтым патрабавалі фінансавання. Мясцовыя жыхары кажуць, што варта было як мінімум паставіць прыстойны помнік Уладзіміру Караткевічу або скульптуру па матывах яго твораў, бо ён заслугоўвае нашмат лепшага ўшанавання, чым сціплая мемарыяльная дошка. Але пра іншых пісьменнікаў і зусім забылі, а між іншым, з Рагачоўшчыны паходзяць Ядвігін Ш., Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак — і гэта толькі самыя вядомыя імёны. Словам, свята адбылося, але да самага яго дня было б цяжка, не ведаючы, здагадацца, што ж рыхтуюцца правесці ў Рагачове — Дзень пісьменства або чарговыя Дажынкі. Горад абнавілі, але не скарысталіся шанцам і рэспубліканскім фінансаваннем, каб зрабіць яго больш адметным у культурным плане і прывабным для турыстаў. Тым часам другога такога шанца, бадай, не будзе, а ў бюджэце горада наўрад ці знойдуцца ў бліжэйшай будучыні грошы на той жа помнік Караткевічу.

Аднак з прыходам самога дня святкавання гэтыя негатыўныя моманты адышлі на другі план. З’явіліся прыгожа аздобленыя гандёвыя шэрагі, выставачныя пляцоўкі, вуліцы горада запоўнілі госці з усёй Беларусі і суседніх краін, адусюль гучала музыка, куды ні кінь вокам — усе надпісы былі па-беларуску. Рагачоўцы ўжо даўно забылі, што такое сапраўднае свята ў горадзе, і вось нарэшце яны яго атрымалі і радаваліся гэтаму вельмі шчыра. Два дні ўвесь горад гуляў на абноўленых светлых вуліцах і ў новых парках, і кожны мог знайсці цікавае для сябе мерапрыемства: каму выстава абласных газет і старой фотатэхнікі, каму літаратурныя чытанні, каму рэканструкцыя працэсу друку часоў Скарыны (з магчымасцю ўласнаруч надрукаваць на станку кніжную старонку), каму канцэрт «Песняроў», а каму сяброўскае частаванне ў кавярні-намёце пад назвай «Тарас на Парнасе». І ўсё гэта было арганізавана на сапраўды высокім узроўні.

Такім чынам, можна многа казаць пра недасканаласць самой сістэмы і такога фармату мерапрыемстваў, пра растрату сродкаў і неадназначную якасць работ, праведзеных у аўральным рэжыме, пра недастатковую ўвагу да культуры, нягледзячы на тэматыку мерапрыемства. Але добра ўжо тое, што гэта наогул адбываецца, добра, што малыя гарады атрымліваюць шанец на пераўвасабленне. А людзі атрымліваюць свята. Бо ў такія няпростыя для ўсіх часы людзям няхай зрэдку, але неабходныя сапраўдныя святы.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *