Сакрэтная сiла назвы

Культура

56aadc6de8502

           Любы пісьменнік вельмі адказна ставіцца да выбару назвы свайго твора, бо  назва  прыцягвае ўвагу чытача, накіроўвае яго на разуменне ідэйнага зместу.Згадзіцеся, многія аўтары вібіраюць за назву вобраз-сімвал, бо ён дазваляе рэалізаваць дзве вышэйназваныя ўмовы, але гэтая назва павінна быць сапраўды вельмі ўдалай, яе выбар можа здзейсніць толькі вопытны, таленавіты пісьменнік.

           У беларускай літаратуры многа твораў з сімвалічнымі назвамі. Узгадаем “Пошукі будучыні” К. Чорнага, “На ростанях” Я. Коласа, “Mementomori” Я.Брыля. Мне хочацца спыніцца на некалькіх творах з сімвалічнымі назвамі. Па-першае, гэта аповесць “Сэрца на далоні” І. Шамякіна, дзе аўтар стварае вобраз сумленнага, дужага, мужнага, прыгожага і вонкава, і душой чалавека-доктара Яраша.Не выпадкова, што іменна ў яго руках аказваецца не адно сэрца ўратаваных ім людзей. У ліку многіх трымае ён на далоні і сэрца сваёй ратавальніцы ў вайну, пакалечанай, пазбаўленай здароўя Зосі Савіч.І. Шамякін даверыў прыгожаму чалавеку з чыстымі рукамі сэрца сваёй гераіні, нібы сказаўшы тым самым, што толькі людзі з чыстым сумленнем і такімі ж рукамі могуць вырашаць лёс іншых. Назва рамана пралівае святло на многае.Аўтар рамана нібы гаворыць нам яго загалоўкам, што трэба быць добрым,шчырым і сумленным, толькі тады ты зможаш заваяваць прыхільнасць і любоў людзей.

           Раман У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” таксама мае сімвалічную назву. Яго аўтар у першую чаргу гістарычны пісьменнік, ён кажа нам сваім раманам, што кожны з нас-колас пад сярпом гісторыі.Яе вялікасць Гісторыя можа крута повярнуць нашыя лёсы, але і ад нас у сваю чаргу залежыць, якой яна будзе.Аўтар кажа, што “кніга наўрад ці здольна з бруднага мярзотніка стварыць добрага чалавека.Яна проста агеньчык, сігнал для іншага, які ідзе, што ён не адзін, што побач ёсць яшчэ чалавек.І можа быць, у таго, хто ідзе, прыбавіцца сілы.”Абедзве часткі рамана таксама маюць сімвалічныя назвы.1-“Выйсце крыніц”,у якой апавядаецца пра маленства Алеся Загорскага, яго сталенне, метафарычны вобраз мора. “Ручаінка”, “крыніца”, якая сімвалізуе ў творы незаскарузлыя душы галоўнага героя і яго сяброў , змагла “ўбачыць” мора, адчуць сваю прыналежнасць да нацыі, імя якой-беларусы. Назва 2-ой часткі “Сякера пры дрэве” сімвалізуе выпрабаванні на вернасць ідэалу, праз якія давядзецца прайсці галоўнаму герою.У цэлым , твор глыбока сімвалічны, цікавы, які прымушае думаць, разважаць, дае прыклад ідэальнага героя.Адзін з лепшых твораў беларускай літаратуры.

          Асабліва хочацца спыніцца на  аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”, за якую знакаміты беларускі пісьменнік у 1986 годзе атрымаў Ленінскую прэмію.Думаю, што гэты твор мае самую сімвалічную для нас назву.Тут  два ключавых словы “знак” і “бяда”. Тым самым аўтар адкрытым тэкстам заяўляе, што гаворка пойдзе не проста аб нейкай чалавечай бязде, што таксама вельмі важна, а аб яе змрочных знакавых прадвесніках, своеасаблівых папярэдніках. У аповесці яскрава паказана, што ўсё жыццё галоўных герояў Петрака і Сцепаніды і ў даваенны час, і ў гады вайны было бесперапыннай бядой, якая ў рэшце рэшт завяршылася трагічнай смерцю гэтых працавітых і, увогуле, сумленных сялян. Яны потам і крывавымі мазалямі здабывалі хлеб на сваёй Галгофе, шанавалі зямельку, цярпліва неслі свой крыж. А тым часам нехта як бы зверху дасылаў ім знакі-сігналы, якія папярэджвалі: пры такім жыцці шчаслівымі вы ніколі не станеце. Гэта і скалечаная старая ліпа, на якую нават вароны баяліся сесці; знойдзены на палетках мёртвы жаўранак – старадаўняя прыкмета маючай адбыцца бяды і пакут, цынічная зруйнаванне мясцовымі камсамольцамі святога крыжа на Галгофе; чорная варона, якая пасля пачатку вайны кожную раніцу на працягу тыдня прылятала на хутар, садзілася на плот і жудасна каркала. Змрочнымі былі і сімвалічныя сны Петрака і Сцепаніды. Пятрок убачыў нейкіх чарвей, якія варушыліся, абкручваліся адзін вакол другога і паўзлі па яго нагах. Пазней яму прысніўся пацук, якога ён так і не змог забіць. А Сцепаніда часта сніла, што гарыць Яхімоўшчына. Пералік прыкмет, якія суправаджалі жыццё галоўных дзеючых асоб аповесці, можна прадоўжыць, і ўсе яны не падманулі, аказаліся прарочымі. Спачатку на хутар прыехалі паліцаі, затым немцы. Пасля збілі Сцепаніду так, што яна не магла ўстаць. Забралі і забілі Петрака. Нарэшце, згарэла Яхімоўшчына, а ў агні загінула Сцепаніда.

            Зададзімся, аднак, пытаннем: чаму аповесць называецца не “знакі”, а “знак” бяды? Думаецца, што гэта зроблена не выпадкова. Любы пісьменнік, тым больш узроўню Быкава, заўсёды вельмі рупліва адносіцца да фармулёўкі назвы сваіх твораў, бо яна павінна нацэльваць чытача на пошук галоўнай ідэі. Таму можна дапусціць, што ў аповесці павінен быць нейкі таямнічы, старанна замаскіраваны дамінантны знак. Толькі вось які ён?

            Для адказу на гэта пытанне сцэнарый трагічных падзей, якія разгортваюцца ў аповесці, карысна прачытаць з канца, з фіналу. Пятрок і Сцепаніда гінуць ад рук паліцаяў, сваіх аднавяскоўцаў. Гэта жудасныя людзі, нават больш жудасныя, чым самі акупанты. Але пры ўсім пры тым Зміцер Гуж, Каландзёнак і Антось Недасека з’яўляюцца параджэннем таго зла, якое прынесла калектывізацыя вельмі вялікай колькасці працавітых беларускіх сялян. А “зло, — піша Быкаў, — не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна”.

            Сцепаніда і Пятрок нікому з  людзей наўмысна нічога дрэннага не зрабілі. Але ў іх быў маленькі грэх. Яны атрымалі дзве дзесяціны зямлі з надзелу Адольфа Яхімоўскага. “На чужым і дармавым шчасця не будзе. Мне шкада вас…” – гэтыя словы старога пана прагучалі як праклён для Сцепаніды і Петрака. А пакалечаная ліпа, змерзлая птушка, крыклівая варона і іншыя з’явы можна лічыць напамінам аб адказнасці за ўчыненае і зробленае імі хоць і не вялікае, але ўсё ж такі зло. Вядома, што Сцепаніда і Пятрок правялі бяссонную ноч ў трывогах, раздумах і сумненнях. Можа, лепш адмовіцца ад зямлі? А як жыць без яе? Калі ж браць, то як глядзець ў вочы свайму былому гаспадару? У гэтых разважаннях бачыцца высакароднасць і прыгажосць душы герояў. Але ўсё ж такі выбар быў зроблены імі так, што чужая зямля ў канчатковым выніку стала іх уласнасцю.

            Зло можа быць розным па сваіх памерах, змесце і форме. Але калі нехта зрабіў яго, то яно становіцца фатальным знакам таго, што ты сам хутка сутыкнешся з бядой, спазнаеш гора. Тут дзейнічае прынцып бумеранга. На знакі-спадарожнікі нашага жыцця з дрэннымі прыкметамі, знакі, якія засмучаюць нас, вымушаюць хвалявацца, трэба звяртаць пільную ўвагу. А можа, гэта нейкі знешні індыкатар стану здароўя нашай душы, яе магчымай хваробы? Жыццё ж у адпаведнасці з дэфармаваным сумленнем і ёсць сапраўднае зло, якое прыносіь бяду не толькі іншым людзям, але і самому сабе.

           У Петрака і Сцепаніды была магчымасць выжыць. Для гэтага ім трэба было зноў прыстасоўвацца да абставін, а значыць, далей таптаць сваю душу і тым самым множыць гора. Такое рабіць Пятрок і Сцепаніда не сталі. Іх смерць разарвала доўгі ланцуг бяды. Яны дажылі да шчасця, бо памерлі годнымі людзьмі. Пан Яхімоўскі памыліўся ў сваім прагнозе.

           І яшчэ вельмі важны момант… Памятаеце прозвішча галоўных герояў аповесці? На маю думку, яно гаваркое. Чым багатыя нашы Багацькі? Гэта носьбіты векавой народнай маралі і мудрасці: жыць з працы сваіх рук, паважаць зямлю і аднавяскоўцаў, жыць з імі ў міры. Зямля для іх-святыня, карміцелька, яны жывуць па біблейскім залатым правіле паводзін. Тады ў чым асноўны знак бяды? У тым, што вайна, былыя “свае” людзі-паліцэйскія вынішчаюць лепшых, тых,  хто  Багацькі, хто здзяйсняюць повязь пакаленняў,а з іх гібеллю повязь ірвецца…

           Такая ж думка ляжыць у аснове рамана А. Камю “Чума”: “У час чумы нас пакідаюць самыя лепшыя”… І таму так узмоцнена эмацыйна гучыць антываенны пафас твора В. Быкава- ніколі не павінна быць войнаў, бо яны вынішчаюць лепшых, якім сумленне не дазваляе прыстасавацца да абставін. Трэба рабіць усё, каб папярэдзіць войны! І зноў так дарэчы гучаць словы А. Камю: “Усё, што чалавек здольны выйграць у гульні з чумой і з жыццём, —  гэта веды і памяць”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *