Я маладая. І мне не ўсё роўна!

Важное Главное Новости Разное

 

Лёгка клапаціцца аб сваіх родных. Наведваць бабулю з дзядулем у вёсцы раз у месяц. Даваць жыццёвыя парады сваёй малодшай сястры. Дарыць усмешкі бацькам і дапамагаць сябрам. Але што рабіць з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе, клопаце, знаходзячыся далёка ад цябе? Як быць з кінутымі на волю лёсу жывёламі? Тымі, хто вымушаны жыць на вуліцы, тымі, каму не дапаможа ніхто, акрамя цябе?
Кожную раніцу, ідучы ў школу, я сустракаю сямейку катоў, якія прыжыліся ў склепе суседняга дома. Першай да мяне падбягае кошка-маці, такая смелая — просіць ежы. Следам бяжыць і кот-важак — мабыць, выбраннік кошкі. Ён засланяе яе сваім целам, даючы зразумець, што яна – пад яго аховай. А калі будзе пагражаць небяспека, то кот адразу ж абароніць кошку, смела і бясстрашна. Маленькія кацяняткі топчуцца ззаду — баяцца падысці. Я гляджу на гэта і ўсміхаюся, якая ўсё ж такі дзівосная і цудоўная прырода! Дастаю пакецік з сухім каціным кормам і накладваю яго ў місачку, што паставілі такія ж людзі, як і я. Маленькія кацяняткі адразу ж падбягаюць, таўкуцца, муркаюць ад задавальнення, пачынаючы есці.
Я дапамагаю бяздомным жывёлам, як магу, у сілу сваіх здольнасцяў і ўзросту. Заўсёды падкормліваю, сачу за тым, каб была ежа і вада. Нават калі сустракаю жывёлу ў далечыні ад дома — для мяне гэта не бяда, я часта нашу з сабой маленькі пакуначак корму. На шляху заўсёды сустракаюцца кошкі — сабакі не падыходзяць.
Я з дзяцінства марыла працаваць з жывёламі. Магчыма, быць ветэрынарам, рабіць ім уколы, накладваць гіпс, нават праводзіць аперацыі. Вядома, я ўяўляю, наколькі цяжка мне было б зрабіць укол, але з цягам часу я б справілася! Або стаць валанцёрам, шукаць жывёл, што згубіліся, і прыносіць кінутых людзьмі ў прытулак. Я нават марыла працаваць у гэтым самым прытулку: карміць, чысціць вальеры каткоў і сабачак.
На самай справе, я б і зараз пайшла працаваць, але пакуль не дазваляе ўзрост. І нават у валанцёры не бяруць. А вельмі шкада.
На шчасце, я ўсё ж дапамагаю. Акрамя таго, што я ўвесь час падкормліваю жывёл, наша сям’я кожны месяц пералічвае грошы ў прытулак для жывёл. І я вельмі ганаруся гэтым. Расказваю пра гэта сваім знаёмым і сябрам, прашу іх далучыцца, таксама дапамагаць “братам нашым меншым”.
Падумайце, колькі ўсяго можна даць забытым жывёлам, згубленым, народжаным на вуліцы! Колькі дабра можна ўнесці ў жыццё кацяняці, проста узяўшы яго з халоднай бруднай вуліцы дахаты, накарміўшы і забяспечыўшы яму дах над галавой. А колькі ўсмешак выкліча маленькі шэранькі камячок шчасця ў вашых дзяцей! У маёй сям’і жыве рыжы кот. Калі шчыра, я не ўяўляю, штоб б мы рабілі без яго. Як бы мы жылі, калі б кожнага з нас штодзень не сустракаў ля дзвярэй наш Рафаэль, якога мы тры гады назад забралі ад валанцёраў. Тады ён быў яшчэ кацянём і жыў на вуліцы, кожны дзень рызыкуючы загінуць ад голаду ці людскога раўнадушша. Калі б яго не было, хто б прыходзіў на калені кожны раз, калі ты глядзіш фільм? Або хто б клаўся побач і даваў сябе пагладзіць, калі ты злёг з высокай тэмпературай? Ён не толькі адчувае, што чалавеку дрэнна, ён разумее гэта і спрабуе дапамагчы. І яму гэта ўдаецца!
Я ганаруся тым, што ў кожнага майго сябра дома жыве гадаванец. Ёсць і коцікі, і сабачкі. Ёсць і рыбкі, і папугаі. У адной дзяўчынкі нават ёсць змяя! І гэта выдатна! Кожнаму з іх падаравана самае галоўнае — гэта любоў. Гэта цяпло і ўтульнасць. Гэта добрыя і любячыя гаспадары.

Дапамагайце бяздомным жывёлам. Карміце іх, забірайце да сябе, калі дазваляе сітуацыя. Прыстройвайце ў добрыя рукі. І вашыя гадаванцы дадуць вам безліч хвілін сапраўднага шчасця. Яны будуць вам сябрамі, а гэта вельмі важна – быць камусьці сябрам. Таму што мы – маладыя, і нам не ўсё роўна, што будзе з тымі, хто слабей за нас і мае патрэбу ў нашай абароне і любові.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *