ДЗЯКУЙ, ШТО ЖЫВЫ…

Апавяданне пра жыццё славутага беларускага песняра — Янкі Купалы, было прадстаўлена на сцэне знакамітага тэатра беларускай драматургіі. Гэта дакументальная алегорыя была прадстаўлена зоркамі беларускага тэатра, якія таленавіта ўвайшлі ў ролі сваіх герояў.

Янка Купала. Здаецца, пра гэтага чалавека мы ведаем практычна ўсё: сапраўднае імя, калі і дзе нарадзіўся, якія творы і вершы пісаў, які жыццёвы шлях прайшоў, калі і дзе памёр, якую памяць пра сябе пакінуў. Аднак спектакль «Кругі раю» адкрывае новыя старонкі жыцця беларускага пісьменніка.

З самага пачатку трэба сказаць, што Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі дае вялікую магчымасць гледачам амаль дакрануцца да акцёраў, добра пабачыць іх эмоцыі і міміку твару. Сцэна размяшчаецца максімальна блізка да месцаў, дзе сядзяць гледачы. Зала тэатра сама па сабе не надта вялікая, але прымае ў свае ўтульныя сцены ўсіх аматараў мастацтва.

Спектакль нам расказвае пра розныя этапы жыцця Янкі Купалы, пачынаючы ад нараджэння і завяршаючы смерцю. пераплятаюцца рэальныя падзеі з яго творчасцю – разам з рэальнымі людзьмі на сцэне існуюць і персанажы твораў паэта. Дзеянні на сцэне дапаўняюцца сапраўднымі гістарычнымі дакументамі: газетныя публікацыі, лісты і нават пратаколы допытаў.

Рэалістычнасць вобразу Івана Луцэвіча надае выканаўца галоўнай ролі, які, на маю думку, чымсьці падобны на сапраўднага паэта. Трэба адзначыць, што акцёр цудоўна ўваходзіць у ролю свайго героя і на сцэне тэатра аддае сябе да апошняй кроплі; гэта было нескладана пабачыць напрыканцы спектакля, калі гледачы заўважылі, як стаміўся Дзяніс Паршын.

У аснову спектаклю пакладзены раннія вершы і паэма «Бандароўна». Лічу, што нездарма рэжысёр уплёў у пастаноўку менавіта «Бандароўну». Галоўная гераіня паэмы, як і сам Купала, не здавалася да апошняга і выбрала смерць з гонарам і пачуццём уласнай годнасці. У гэтым творы Янка Купала паказваў сілу простага беларускага народа: як маладая і слабая дзяўчына пераадолела моцнага пана, і фізічная сіла тут ні пры чым.

Падчас спектаклю асабіста мне некалькі разоў хацелася заплакаць, двойчы крыкнуць «Брава! Гэта так цудоўна!», да і проста падняцца і патанчыць разам з акцёрамі пад вясёлыя беларускія песні. Асобна хочацца адзначыць танцы, які былі пастаўлены ў «Кругах раю». Так добра надаваць каларыт і настрой могуць толькі сапраўдныя беларускія народныя пляскі.

Сапраўды, спектакль выкананы з душой, пра што сведчыць і ігра акцёраў, і падрыхтоўка сцэнарыя, і збор гістарычных матэрыялаў. Змена кожнай сцэны заводзіць гледача ў новы перыяд, у іншую атмасферу. Кожная новая «рэальнасць» дапаўняецца фонавай музыкай і зменай колеру сцэны. Гэта з’ява, безумоўна, уражвае гледача і застаўляе яго перажываць за лёс героя, нягледзячы на тое, што гісторыю яго жыцця ведае вельмі добра. Пачуцці задаволенасці і пранікнёнасці, які дорыць тэатр не параўнаюцца ні з чым.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *