Нічога. Нічога. Усё яшчэ будзе
добра, чыста, смела. І людзі
на зямлі будуць людзьмі.
Алесь Загорскі
Гісторыя – падмурак для будавання будучага. Без учарашняга дня немагчыма ўявіць сабе заўтра. Таму вельмі важна праводзіць тонкую ніць, якая злучае мінулае, сучаснасць і будучыню, знаходзіць памылкі, якія ўжо былі кімсьці ўчыненыя, і ніколі іх не паўтараць. Сакавітую цікавасць у чытачоў вызывае мастацкая літаратура на гістарычную тэматыку. На жаль, няшмат беларускіх пісьменнікаў працавалі ў такой галіне. Пачынальнікам можна лічыць Ластоўскага, затым працягнуў гэту справу Караткевіч, сёння пераемніцай гістарычнай прозы можна лічыць Урублеўскую. Але спынімся на творчасці беларускага Вальтэра Скота і звернемся да яго рамана “Каласы пад сярпом тваім”, які выйшаў у свет 50 год таму.
З самага маленства будучы пісьменнік цікавіўся гісторыяй свайго роду, сваёй краіны. Любіў слухаць казкі, якія расказваў яму дзядуля, і дадумваць свой працяг твора. Ва ўніверсітэцкія гады Уладзімір Караткевіч увабраў у сябе лепшыя якасці: сумленнасць, неабыякавасць да навакольнага свету, прынцыповасць. На напісанне рамана “Каласы пад сярпом тваім” аўтара натхніла сямейная гісторыя: продкі Караткевіча з’яўляліся ўдзельнікамі паўстання 1863 года.
Цэнтральная тэма рамана – барацьба за незалежнасць. Аўтар апісвае жыццё як шляхты, так і сялянства. На прыкладзе сям’і Кагутоў Караткевіч паказвае арыстакратычнасць сялян, для якіх вельмі важным пунктам з’яўлялася гісторыя роду, вернасць традыцыям продкаў. Дваране Загорскія таксама вельмі заклапочаны захаваннем ведаў аб мінулым. Яны, як і многія іншыя шляхціцы, выступалі за свабоду, якая павінна быць у кожнага. У ёй моц нацыі. Чалавек, маючы свабоду, можа максімальна развіць свае таленты для ўзмацнення роднай краіны. Некаторыя гісторыкі робяць заўвагу Караткевічу за тое, што галоўны герой твора быў адпраўлены на дзядзькаванне, якое з’яўлялася традыцыяй 13 ст., а да 19 ст. не мае ніякага дачынення. Але ў гэту дэталь твора аўтарам быў закладзены вельмі важны сэнс: кожны шляхціц (кіраўнік) павінен пабыць на месцы свайго селяніна (падданага), каб стаць мудрым і кемлівым уладаром. Галоўны герой рамана кажа, што ў дзядзькаванні яго няшчасце, але гэта насамрэч не так. Аўтар паказвае і тых гаспадароў, якія прыніжаюць сваіх сялян і выступаюць супраць іх свабоды. Гэты кантраст дапамагае чытачу параўнаць погляды розных людзей аднаго сацыяльнага ўзроўню на аднолькавыя рэчы.
Асноўныя тэмы рамана актуальны і сёння: гуманізм, жыццёвая гармонія, удасканаленне рэчаіснасці, адданасць сваёй краіне, любоў да роднай мовы. “Каласы пад сярпом тваім” – крыніца, з якой мы павінны чэрпаць мудрасць і сілы для захавання нашых традыцый. Рыцар сумлення і свабоды, Караткевіч жыў бесперапынным рухам і вечным абнаўленнем жыцця. Не даведзеная да канца эпапея і так атрымалася цэласным творам пра жыццё нашай краіны ў пераломны, драматычны час, пра імкненне людзей да свабоды, пра тое, што яны – не проста каласы пад жорсткім сярпом гісторыі, але і змагары за свой шчаслівы лёс.