Місія захаваць

Важное Культура Разное

Усё часцей беларусы праяўляюць цікавасць да сваіх вытокаў. Зноў запатрабаваным становіцца фальклор у цэлым і народныя танцы ў прыватнасці. У буйных гарадах праходзяць вечарыны і майстар-класы, працуюць нават спецыяльныя школы народнага мастацтва. У маленькіх жа мястэчках юныя аматары танцавальнай і музыкальнай спадчыны знаёмяцца з бабулінымі танцамі і песнямі ў фальклорных гуртах. Ужо больш за 20 гадоў падлеткаў, якія захапляюцца народнай творчасцю, аб’ядноўвае ўзорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі”.

Навучанне народным спевам, танцам і найгрышам пачынаецца з краязнаўчай працы і грунтуецца на сувязі паміж рознымі пакаленнямі. За два дзесяцігоддзі ўдзельнікі ансамблю з кіраўніком Вольгай Гаўрылаўнай Дульскай вывучылі вялікі пласт народнай культуры раёна, сабралі шмат узораў фальклорнай спадчыны. І хоць шмат хто са знаўцаў мясцовага фальклора ўжо пайшоў з жыцця, гурткоўцы працягваюць сустрэчы з носьбітамі. Падлеткі запісваюць мелодыі і запамінаюць танцавальныя рухі, знаёмяцца з непаўторнай манерай выканання. Яны танчаць, спяваюць, граюць на гармоніку так, як і іх прабабулі і прадзядулі, бо танцы пераймаюць “з нагі ў нагу”, песні – “з голаса ў голас”.

Гурткоўцы вельмі адказна ставяцца да падрыхтоўкі, праяўляюць мэтанакіраванасць і цвёрдасць характару. Прыходзіцца шмат рэпеціраваць, каб паглыбіцца ў танец ці песню, адпрацаваць нават самы дробны элемент. Бо і танец, і песня прадстаўляюць сабой цэлае жыццё. Заўсёды новае, напоўненае новымі ўзаемаадносінамі і эмоцыямі. Кожны рух у танцы і нота ў песні – гэта нібы сказ ў тэксце. Хлопцы і дзяўчаты вывучаюць народны этыкет, імкнуцца зразумець настрой твора і захаваць аўтэнтычную манеру выканання. Яны маюць не толькі талент і фізічную сілу, але і адпаведны душэўны настрой. Яны любяць свае карані, родную культуру і жадаюць падзяліцца ёй з іншымі.

Намаганні падлеткаў апраўдваюцца заўсёды: калектыў станавіўся пераможцам і дыпламантам кожнага з дзевяці фестываляў фальклорнага мастацтва “Берагіня” і іншых мастацкіх форумаў, а выступленні на канцэртах і фэстах у Расіі, Германіі, ва Украіне ніводнага замежнага гледача не пакінулі абыякавым.

А галоўнае, што юнакі і дзяўчаты з “Рудабельскіх зорачак” дасягаюць сваёй мэты – захоўваюць беларускі фальклор і знаёмяць з ім суайчыннікаў і замежнікаў.
̶ Факльклор – гэта тая крыніца ведаў і натхнення, якая дапамагае зразумець, хто мы і адкуль мы, — кажа ўдзельніца ансамблю Марыя Грынкевіч. ̶ Мы з вялікай ахвотай вывучаем народную культуру і распаўсюджваем яе, каб беларусы не забылі пра свае вытокі і не сталі людзьмі без каранёў. Бо без ведання мінуўшчыны, нельга збудаваць шчаслівую будучыню і застацца сабой у такім разнастайным і пераменлівым свеце.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *