“Радзіма назаўсёды адзіная”, — такое па-сапраўднаму банальнае меркаванне мы чуем у школе, заўважаем у творах таленавітых беларускіх аўтараў, але ці сапраўды гэта так? Паспрабуем разабрацца разам.
Я звярнулася да сваёй аднакласніцы, Мкртчан Крысціны, якая дзяцінства правяла ў Арменіі, а ўжо ў тры гады пераехала ў Беларусь. Я ўзяла ў яе невялічкае інтэрв’ю, якое зможа дапамагчы нам знайсці адказ на галоўнае пытанне: “Радзіма адзіная ці не?”
- Крысціна, чаму твая сям’я вырашыла пераехаць менавіта ў Беларусь?
- На самой справе, у маіх бацькоў не было дакладнай мэты пераехаць менавіта ў Беларусь. Тут яны знайшлі працу, палічылі гэта месца выгадным і зручным для жыцця. Але важна адзначыць, што мы ні разу не пашкадавалі, што аказаліся менавіта тут.
- Адкажы, калі ласка, ці ёсць у нашай краіне штосьці такое, чаго няма ў Арменіі?
- Так, у Беларусі вельмі шмат рэк і азёр, чаго нельга сказаць пра Арменію.
- Крысціна, ты можаш назваць Беларусь сваёй другой Радзімай?
- Так, я жыву ў Беларусі ўжо больш за дзесяць гадоў. За гэты час я ў поўнай меры палюбіла кожны яе куточак. Канешне, можна сказаць, што Радзіма – месца, дзе ты нарадзіўся. Гэта безумоўна так. Але не заўсёды яна з’яўляецца месцам толькі нараджэння. Радзіма –месца, дзе ты прайшоў этап станаўлення як асобы. Такім для мяне з’яўляецца Беларусь. Менавіта таму ў мяне дзве Радзімы: Арменія і Беларусь.
- Як часта ты наведваеш Арменію? Ці сумуеш па Беларусі, калі знаходзішся там?
- Я стараюся наведваць Арменію кожныя 2 гады. Калі я доўгі час знаходжуся там, то пачынаю сумаваць па Беларусі. Але не толькі таму, што тут мае сябры ды блізкія людзі. Хаця гэта таксама з’яўляецца прычынай. Я сумую па беларускай прыродзе, па яе цудоўных краявідах.
- Якая культура табе бліжэй, Арменіі ці Беларусі?
- Мне варта адзначыць, што ўсе мае родзічы армяне. Менавіта таму культура гэтай краіны мне бліжэй. Я з вялікай павагай стаўлюся і да беларускай, але ўсё ж такі нельга змяніць закладзеныя ў мяне з самага дзяцінства традыцыі.
- Крысціна, адкажы, калі ласка, што для цябе Радзіма? Месца дзе ты нарадзіўся ці вырас?
- Я лічу, што і тое, і тое. Мы не можам змяніць Радзіму, але ёсць верагоднасць знайсці яшчэ адну.