Не так даўно я задаў сабе пытанне: ці існуюць цікавыя мабільныя дадаткі на роднай, беларускай мове? Доўга думаць не прыйшлося, бо ўвагу я звярнуў на самы першы дадатак пад назвай Kazki, калі напісаў «беларуская мова» у адпаведнай краме на смартфоне (App Store, Google Play).
Дадатак з прыгожым інтэрфейсам і простым кіраваннем даволі ўразіў мяне, таму я адразу ж пачаў больш падрабязна яго вывучаць.
Пачнем з таго, што праект Kazki — гэта бескаштоўная бібліятэка з 53 казак на беларускай мове, адабраных беларускім музыкантам, кампазітарам, радыёвядучым, лідарам фолк-мадэрн гурта «Палац», прадзюсарам Алегам Хаменкам, які агучыў іх разам з гуртам.

У дадатку можна знайсці народныя казкі з усёй Беларусі, гісторыі пра жывёл, жыццё простых людзей і чараўнікоў, а таксама павучальныя казкі. Гісторыі па кожнай з тэм падзеленыя на блокі, што дадае зручнасці. Больш таго, кожная казка суправаджаецца прыгожымі і сучаснымі ілюстрацыямі. Магчымасць перад праслухоўваннем пабачыць працягласць гісторыі я лічу даволі прыемным бонусам.
Распрацоўшчыкі прапануюць паглыбіцца у свет беларускай вёскі і спампаваць Kazki, бо, зрабіўшы гэта, мы атрымаем:
- 53 аўдыёказкі альбо 6 вечароў у кампаніі цудоўных беларускіх гісторый;
- Прафесійнае агучванне;
- Музыкальнае суправаджэнне;
- Каляровыя ілюстрацыі з героямі казак;
- Размалёўкі;
- Афлайн доступ.
Асабіста я б дадаў да гэтага спісу магчымасць спампаваць казкі па раздзелам або ўсю бібліятэку цалкам, а таксама абраць мову інтэрфейсу з трох правпанаваных: беларускай, англійскай, рускай.
На мой погляд, дадатак Kazki даволі ўдалы, бо падобных на яго вельмі мала ці зусім няма. Мне даспадобы, што людзі з усяго свету пры жаданні з лёгкасць могуць паслухаць беларускія казкі ў дадатку, за які не сорамна, бо, як я ўжо не аднаразова казаў, інтэрфейс даволі сучасны і прыемны. Радуе і той факт, што праект некамерцыйны. Пацвярджэннем гэтаму служыць жаданне уладальнікаў стварэння старонкі праекта ў Facebook, каб карыстальнікі маглі дасылаць новыя казкі для ўключэння іх у бібліятэку.