«ВАЖНА ПІСАЦЬ НА ТОЙ МОВЕ, НА ЯКОЙ ГАВОРЫЦЬ ТВАЯ ДУША». ІНТЭРВ’Ю З ПІСЬМЕННІЦАЙ АНАСТАСІЯЙ НАРЭЙКА

Новости

Анастасія Нарэйка – камянецкая журналістка і пісьменніца. Вершы, апавяданні, эсэ, мары аб новых здзяйсненнях у пісьменстве – неад’емная частка яе жыцця. Яна сапраўдны прадстаўнік сучаснай беларускай літаратурнай творчасці. У гэтым інтэрв’ю мы пазнаёмімся з творчым шляхам Анастасіі, з рознымі прыгодамі і цяжкасцямі на гэтым шляху.

Вашы любімыя тэмы ў творчасці?

Гісторыя. І ўнутраныя перажыванні асобнага чалавека, у якім – цэлы Сусвет.

Што натхняе вас пісаць?

Усё новае, прыгожае і добрае: людзі, мясціны, прырода, кнігі, кіно, музыка… Для натхнення патрэбны ўражанні, перажыванні. Яны перапаўняюць і літаральна просяцца ў вольны свет – на паперу.

Звязана ваша творчасць з прафесіяй журналіста ці вы пішаце проста для душы?

Вершы – для душы, а да празаічных твораў мяне падштурхоўвае, сярод іншага, і мая работа. Яна складаецца з сустрэч з людзьмі, і ў кожнага – свая жыццёвая гісторыя, вартая рамана. Здаралася так, што чалавек расказваў мне пра свой лёс (такі неапісальна шчымлівы, часам неверагодны, страшны і прыгожы адначасова, варты павагі і разумення!), але прасіў не пісаць пра гэта ў газету. Тады ўжо я прасіла “падарыць” мне пачутую кранальную гісторыю, каб пераўтварыць яе ў апавяданне, змяніўшы імёны, назвы мясцін і іншыя падрабязнасці. Кожная гісторыя заслугоўвае таго, каб быць пачутай.

Як часта вы пішаце?

Дзённік вяду практычна штодзень, а з творамі звычайна няма ніякага графіка: яны прыходзяць тады, калі пажадаюць.

Ці адчувалі вы творчы крызіс і як спраўляліся з ім?

Аднойчы быў у мяне “год паэтычнага маўчання”, калі можна так сказаць. Гэта было пакутліва. І “выцягнуў” мяне з таго года Сяргей Ясенін. Я чытала яго вершы і потым неяк нязмушана, проста і натуральна напісала свой верш-зварот да яго. Помню вялікае шчасце, што абрынулася тады на мяне. І палёгку.

Што б вы хацелі паспрабаваць напісаць?

Вянок санетаў! Не кажучы ўжо пра вянок вянкоў. Для мяне гэты твор – недасяжная мара.

Што падштурхнула вас да пісьменніцтва?

Я многа чытала ў дзяцінстве. І аднойчы вырашыла паспрабаваць: а ці змагу я сама так? Першы мой верш называўся “Мая Беларусь”, мне было 10.

Вашы любімыя кнігі?

Часта, калі бяру інтэрв’ю ў чалавека, задаю яму маё любімае пытанне “Калі б падчас сусветнага пажару вы маглі выратаваць толькі 3 кнігі (ведаючы, што астатнія загінуць незваротна), якія б вы выбралі?” Адказ на гэта пытанне, на маю думку, выдатна характарызуе чалавека. Сама ж адкажу на гэта пытанне так: я пакуль вызначылася толькі з дзвюма кнігамі – “Нельга забыць” Караткевіча і “Трыумфальнай аркай” Рэмарка. Трэцюю пакуль шукаю. Падумваю над тым, ці не ўвесці ў спіс раман Дастаеўскага “Ідыёт”…

Каго з вядомых беларускіх пісьменнікаў вы можаце назваць лепшым?

Вызначаць лепшых – занадта складаная і няўдзячная справа. Пералічу любімых. Гэта: з беларускіх – Уладзімір Караткевіч, Людміла Рублеўская і Пятрусь Макаль, з рускіх – Марына Цвятаева, з замежных – Эрых Марыя Рэмарк і Райнер Марыя Рыльке.

Азіраючыся на свой вопыт, што самае важнае вы можаце адзначыць у пісьменніцтве?

Важна пісаць на той мове, на якой гаворыць твая душа, і пра тое, што для яе важна.

Беларусь памятае сваіх пісьменнікаў мінулага, якія заззялі зоркамі на небасхіле беларускай культуры. І ў той жа час у гэтым цудоўным краі запальваюцца новыя зорачкі – новыя пісьменнікі, гатовыя з годнасцю прадставіць Радзіму, такія, як Анастасія Нарэйка.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *