Які твор я параю прачытаць?

Важное Главное Культура Поэзия Разное

Ці існуе кніга, прачытаць якую павінны ўсе? На мой погляд – гэта кніга пра вайну. такіх кніг шмат, але якую параю прачытаць я? Самыя хвалюючыя — гэта зборнікі ўспамінаў людзей, якія прайшлі гэты жах. Нядаўна адкрыла ў сабе любоў да творчасці Алеся Адамовіча. Я чытала яго «Блакадную кнігу», створаную разам з Даніілам Граніным. Вельмі моцнае ўражанне пакінула яна ў маёй псіхіцы. Мне стала цікава, ці ёсць у Адамовіча яшчэ падобныя творы. У той момант я натыкнулася на «Я з вогненнай вёскі…». Кніга створаная Алесем Адамовічам, Уладзімірам Калеснікам і Янкам Брылем.
“Ніколі не забуду твар, вочы аднаго селяніна, яго ціхі-ціхі аповяд пра тое, як усю іх вёску загналі ў царкву і перад спаленнем афіцэр з зондэркаманды прапанаваў: «Хто без дзяцей, выходзь». І ён не вытрымаў, выйшаў, пакінуўшы ўнутры жонку і маленькіх дзетак… Як спалілі, напрыклад, іншую вёску: дарослых усіх сагналі ў свіран, а дзяцей пакінулі. А потым, п’яныя, акружылі іх з аўчаркамі і дазволілі сабакам ірваць дзяцей”. Пасля гэтай цытаты я пайшла чытаць кнігу. Бо я ведала, што вайна — гэта пекла, але не ўяўляла наколькі. Мне трэба было ведаць. Калі на зямлі і была апраметная, то яе галоўны філіял быў там, у спаленых вёсках.
Кожны ліст — каштоўны дакумент часу. Урыўкі з лістоў людзей рознага сацыяльнага паходжання, узросту і адукацыі мяняюць стаўленне да падзей мінулага, расстаўляюць акцэнты іншыя,  чым тыя, да якіх мы даўно прывыклі. Яны паказваюць праўду жыцця маленькага чалавека, якому дадзена адно адзінае жыццё, «якое не выбіраюць». Апавяданні людзей, якія ўзялі на сябе працу разварушыць даўно забытае, устрывожыць мінулае, часам вельмі пакутлівае. Можа быць, перажыць горкія хвіліны і нават праліць слёзы. Памяць людская, якая захавала жах тых дзён, калі чалавечае жыццё не ставілася ні ў што, калі знішчаліся сотні тысяч жанчын, дзяцей.
Мы часта кажам: «Жорсткія часы». Усе яны па-свойму жорсткія. Пакалення змяняюцца. Яны ўсе розныя, непаўторныя, асаблівыя. Але я дакладна ведаю, што нельга забыць пра пакаленне тых, чыё жыццё прыйшлося на ваенны час. Вайна — гэта гора, боль, слёзы, страты. Яна не шкадавала ні дарослых, ні дзяцей, ні старых. Вайну забыць немагчыма. Калі гэты жах быў на планеце, то памяць пра гэта павінна жыць вечна. Але нішто не забыта — гэтыя словы гучаць і як упэўненасць, і як надзея, просьба. Так, усё гэта памятаюць ветэраны, людзі, якія перажылі вайну. Яны яе вытрымалі, пераносілі з дня ў дзень, захоўваючы чалавечую годнасць.
Гэтага дастаткова, каб зразумець — такое забыцца нельга. Савецкія грамадзяне вайну пераносілі з дня ў дзень са стойкасцю і мужнасцю. Тыя, хто выжыў, з той жа стойкасцю доўгія гады захоўвалі ў сабе праўду. Такое цяжка і балюча ўспамінаць, але яшчэ больш балюча думаць, што гэта можа паўтарыцца. Памятаць важна і трэба, каб такога на зямлі больш не здарылася.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *