Я вельмі люблю падарожнічаць, асабліва летам. Як толькі пачынаюцца канікулы, мы разам з маці абмяркоўваем маршрут якой-небудзь цікавай экскурсіі і здзяйсняем яе.
Мінулым летам мне вельмі запомнілася наведванне ў горада Нясвіж – адной з культурных сталіц Беларусі. Нясвіжскі замак і парк з дэкаратыўнымі азёрамі і цяністымі алеямі самы прыгожы палацава-паркавы ансамбль Беларусі, які прываблівае мноства турыстаў. На працягу стагоддзяў ен быў рэзідэнцыяй адной з найбагацейшых і ўплывовых дынастый у Еўропе — Радзівілаў. А сёння Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» уключаны ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, з’яўляецца візітнай карткай Беларусі.
Мне пашчасціла пабываць у гэтых мясцінах, пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай 16 стагоддзя, акунуцца ў эпоху Сярэднявечча. Аглядная экскурсія пачалася са знаёмства з арыгінальным помнікам архітэктуры – Слуцкая брама. Яна некалі ўваходзіла ў сістэму гарадскіх ўмацаванняў і выконвала ролю ўязной брамы са Слуцкага тракта. Прагульваючыся па ціхіх, утульных, гарадскіх вуліцах, мы апынуліся на цэнтральнай плошчы горада, дзе пазнаёміліся з гісторыяй ўзнікнення гарадской Ратушы канца 16-пачатку 17 стагоддзяў, гандлёвымі радамі, дамамі рамеснікаў. Набліжаючыся да замка, мы паспелі наведаць Фарны касцёл, першы ва Усходняй Еўропе помнік у стылі барока. Інтэр’еры храма дэкараваны фрэскавым роспісам. Касцёл з’яўляецца родавай пахавальняй князёў Радзівілаў.
![]()
Доўга не затрымліваючыся, экскурсавод павяла нас да непаўторнага палацавага-паркавага комплексу. Экскурсія пачалася са знаёмства з гісторыяй, архітэктурай, абаронай Нясвіжскага замка Радзівілаў. Я даведаўся, што першы камень замка быў закладзены ў 1583 годзе. Замак перабудоўваўся шмат разоў і ў выніку набыў выгляд палаца, які спалучае рысы многіх стыляў: рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, неаготыкі. Экскурсавод адкрыла сакрэты майстэрства архітэктараў 16 стагоддзя, расказала аб канструкцыі падземных тунэляў для перамяшчэння абаронцаў.
Таемныя калідоры прывялі нас у бальную залу, дзе так і хацелася патанцаваць. У некаторых з іх было прадугледжана тактыльнае знаёмства макетамі найбольш важных экспанатаў, а таксама з арыгінальнымі прадметамі экспазіцыі. Потым нас запрасілі ў Стары парк, куды мы ішлі па алеі ўздоўж набярэжнай замкавай сажалкі. Там, у парку, мяне ўразілі кроны стагадовых дрэў і чарадзейны камень, дакрануўшыся да якога, я мог загадаць патаемныя жаданні. Запомніліся і легенды, якія нам расказвалі ў парку, асабліва пра сасну і дуб, якія , абняўшыся, стаяць, як закаханыя, пра беднага музыканта, які служыў у Радзівілаў,пра Барбару Радзівіл і Жыгімонта ІІ Аўгуста, пра княгіню-саву.
Нясвіж – горад-легенда, горад з надзвычай багатым мінулым. Пабываўшы на экскурсіі, я, у прамым сэнсе, змог дакрануцца да гісторыі горада, да гісторыі маёй краіны. Я хачу параіць кожнаму пабываць на экскурсіі хоць адзін раз у гэтых знакавых для нашай Беларусі месцах.