Гісторыя аб тым, што журналіст можна стаць сведкам таго, як ісціна перамагае

Гэта адбылося зімой. Я толькі прыйшла ў штат газеты «Звязда». Да гэтага некалькі месяцаў працавала пазаштатна. Не трэба выпісваць пэўную колькасць знакаў і згаджацца хадзіць на ўсе прапанаваныя кіраўніком мерапрыемствы. Свабода творчасці, лічыце. Зразумела, што з прыходам у штат усё цалкам змяняецца. З’яўляецца шмат «трэба», а на «цікава» застаецца ўсё менш часу.

фота Сяргея Нікановіча 4Але з першым даручэннем пашчасціла. Мой кіраўнік выклікала мяне і прапанавала разабрацца ў спрэчнай сітуацыі. Побач з праваслаўным храмам Святога Архангела Міхаіла ў Мінску і бліжэйшымі да яго дамамі (мікрараён Сухарава) пачалося будаўніцтва. Спачатку людзі маўчалі. А калі на ўчастку вырылі катлаван глыбінёй у шэсць метраў, жыхары перадалі права голасу прыходу і сталі збіраць подпісы супраць будаўніцтва. Настаяцель царквы пачаў дасылаць лісты ў вышэйшыя інстанцыі і адзін адправіў у рэдакцыю «Звязды». Так зварот трапіў да кіраўніка майго аддзела, а пасля і да мяне.

Першае пытанне, якое ўзнікла, – з чаго пачаць? Я патэлефанавала настаяцелю і ўжо на наступны дзень накіравалася да яго. Прыехала на тое самае месца і зразумела: праблема сапраўды ёсць. У метрах трох ад плота царквы пачыналася агароджа будоўлі.
фота Сяргея Нікановіча 2Настаяцель расказаў, што намаганнямі святара быў узведзены па шчырасці прыгожы храм. А зараз побач з ім можа з’явіцца велічэзны гандлёвы цэнтр. На храм выдаткавана жыхарамі мікрараёна шмат грошай. А будучы будынак закрые ўвесь від на царкву. Ад настаяцеля атрымала ў тым ліку і інфармацыю пра тое, што ён летам падпісаў дазвол на будаўніцтва гандлёвага цэнтра. Але, па яго словах, пра памер будынка ні слова ў дакументах не было.

Далей я накіравалася ў орган, які даў непасрэдны дазвол на будаўніцтва, – адміністрацыю Фрунзенскага раёна. Туды прыйшла да супрацоўніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва. Але ён сказаў, што без дазволу кіраўніцтва не можа са мной размаўляць. Ідзем да кіраўніка. Я не запісвала нашу размову і моцна пасля пра гэта пашкадавала. Бо яго словы ў адказ на маю рэпліку былі прыкладна такімі: «Падумаеш, некалькі соцень людзей чымсьці незадаволены». Але цытату не магла выкарыстаць, бо ў мяне не было чым пацвердзіць гэту інфармацыю.
фота Сяргея НікановічаЗатое афіцыйны дазвол быў атрыманы, і ўсё ж такі сустрэлася з супрацоўнікам упраўлення архітэктуры і будаўніцтва. Ён даў мне копію дакументаў, па якіх настаяцель сапраўды дазволіў будаўніцтва гандлёвага цэнтра. Але там не пазначана, колькі паверхаў у ім будзе. А павінна было быць цэлых пяць з адным падземным.

З размовы высветлілася, што гэты кавалак зямлі ля царквы – кампенсацыйны. Яго далі наўзамен таму, што раней выдзелілі заказчыку, бо на першым участку пачалі будаваць дарожную развязку. Асноўнае, што мяне цікавіла – гэта бяспечнасць распачатай будоўлі.

Вырашыла паразмаўляць пра гэта з тым, хто дапамагаў рабіць праект храма. Гэта прафесар БНТУ, які ў 2006 годзе рабіў інжынерна-геалагічныя даследаванні для прыхода і вывучаў склад глебы ў гэтай мясцовасці мікрараёна Сухарава. Ён сказаў, што небяспека для храма можа быць тады, калі на суседнім участку збіраюцца выкарыстоўваць буранабіўныя палі.
фота Сяргея Нікановіча 3Далей – да будаўнікоў. Прараб паказаў дакументы, па якіх можна вызначыць від паляў. З гэтым прыехала да прафесара. На дакументы ён сказаў «гэтага недастаткова» і перавёў гутарку на глебу, якая з-за вільготнасці можа «паплыць» і пацягнуць за сабой будынак царквы.

Далей адчула, што гэта тупік. Хацелася адшукаць праўду, але ў кожнага яна была свая.
Аднак было тое, што пацвярджала неправамернасць будаўніцтва. Па-першае, не было грамадскага абмеркавання. Яно павінна адбывацца, згодна закону, да пачатку будоўлі. Грамадзяне павінны мець права пабачыць праект будынка і пасля, калі гэта неабходна, папрасіць змяніць яго. У нашым выпадку абмеркаванне правялі ўжо пасля таго, як будаўнікі пачалі працу. Плюс большасць жыхароў бліжэйшых дамоў пра яго нават не ведала.

Па-другое, ні ў адным дакуменце не было пазначана, што на тэрыторыі цэнтра не будзе казіно ці начнога клуба. А праз некалькі метраў – царква. Але як жа маральна-этычны бок?

Праз тры тыдні пошукаў ісціны адміністрацыя Фрунзенскага раёна арганізавала тлумачальную размову з жыхарамі мікрараёна Сухарава. Пад канец сустрэчы кіраўнік адміністрацыі папрасіў заказчыка прыпыніць будаўніцтва.

Праз месяц «Звязда» апублікавала нататку, што будаўніцтва ля прыходу Святога Архангела Міхаіла афіцыйна скончана і для гандлёвага цэнтра будзе выдзелены новы ўчастак зямлі.

Калі села пісаць тэкст, прыйшлося скласці майнд-мэп: на аркушы паперы пазначыла ўсіх, хто даваў мне каментар. Расклала іх у лагічнай паслядоўнасці і пачала пісаць. Так выйшла мая першая паласа.

На гэты матэрыял у мяне сышоў месяц. Галоўная праблема заключалася ў тым, што ад самага пачатку ў мяне не было сістэмы напісання. Не разумела, да каго трэба звярнуцца.

Дарэчы, падобны ліст нядаўна ізноў прыйшоў у рэдакцыю. Праўда, ужо не з Мінска. І мне даручылі разабрацца ў справе.

Вераніка ПУСТАВІТ, 4 курс

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

админ ЖФ

"ЖФ" родились в 2009 году на кафедре периодической печати. Наша прописка: г. Минск, Кальварийская, 9.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *