Мода XXI стагоддзя. Што гэта?

Healthy lifestyle

Сёння мы жывём у час, дзе ўсё мяняецца з касмiчнай хуткасцю. Адна тэндэнцыя прыходзiць на змену другой, а трэццяя, як кажуць, ужо «сядзiць на чамаданах», каб заняць месца папярэдняй. Нават цяжка сабе ўявiць, як можна ўсачыць за ўсiмi гэтымi моднымi навiнкамi. Але ж мода змяняецца не толькi на даўжыню спаднiцы ды колер хусткi. Сучасная моладзь добра ведае: здаровы лад жыцця – вось яна, мода XXI стагоддзя. Пытанне паўстае толькi адно: адкуль гэта мода ўвогуле з’явiлася пасля гучных 90-х, ды часоў хiппi, дзе што такое здаровы лад жыцця, здаецца, увогуле не ведалi?
Справа ў тым, што любая змена ў адзеннi адлюстроўвае змены, па-першае, у грамадстве. Быць модным — значыць не вылучацца з натоўпу жоўтымi валасамi цi пiрсiнгам на ўвесь твар, гэта значыць iдэальна дапасоўвацца да канкрэтнага месца i ў канкрэтны час. А каб падыходзiць да ладу жыцця, якi iснуе сёння, трэба быць дужа энергiчным, працаздольным, камунiкатыўным ды ўпартым. Але галоўнае, калi ты жадаеш iсцi ў нагу з часам, патрэбна быць здаровым. Вось лёгкi прыклад. Узгадай, што першае табе жадаюць на Дзень нараджэння? Шмат грошай, кахання, поспеху ў справах? Не, безмоўна, перш-наперш жадаюць моцнага здароўя, бо калi ты хворы, думаць пра справы будзеш у апошнюю чаргу, каханаму будзе цяжка на цябе глядзець, а грошы ў момант ператворацца ў непатрэбныя паперкi.
Але ж што значыць быць здаровым? Большасць людзей шчыра верыць, што калi ты займаешся спортам, ясi гароднiну ды садавiну, наведваеш урача раз у паўгода, спiш па 8 гадзiн у суткi i чысцiш зубы два разы ў дзень, то можаш з пагардай сказаць, што ты абсалютна здароў. На вялiкi жаль, мала хто ведае, што пад словам «здароўе» маецца на ўвазе не толькi фiзiчная, але i псiхалагiчная раўнавага. Таму ў спiс пад назвай «Як стаць здаровым» трэба дабавiць пункцiкi: «Не турбавацца па дробязях», «Перастаць раждражняцца» i «Навучыцца адпачываць».
Навукоўцы адзначылi, што здароўе чалавека залежыць на 50% ад укладу жыцця, а астатнiя 50% прыходзяцца на экалогiю, медыцыну i iншыя ўмовы, якiя ад нас, на жаль, не залежаць. I калi мы не можам нiчога зрабiць з другой паўсотняй працэнтаў, то права абраць яблык замест гамбургера ды чыстую ваду замест кока-колы ў нас нiхто не адбiраў. Што ўжо казаць пра поўную волю ў выбары заняткаў спортам i штодзённых ранiшнiх прабежак, якiя заўсёды пачынаюцца з чароўнага восьмага дня тыдня, якi называецца Заўтра…

Здаровы лад жыцця – гэта выбар кожнага. На маю думку, казаць, што гэта новая мода толькi XXI стагоддзя – глупства. Я шчыра веру, што такiя моднiкi былi ва ўсе часы. I прытрымка здаровага ладу жыцця даўно стала iх стылем. Трэба толькi зразумець, што мода з табой часова, а стыль – назаўжды.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *