Я памятаю, як у дзяцінстве сядзела ў бабулі на каленях, яна брала ў свае дарослыя далоні мае маленькія, хлопала і спявала:
“Ладачкі-ладкі!
Дзе былі? – У бабкі.
Што пілі вы? – Малако.
А што елі? – Ко-ко-ко.
Доўга ж вы сядзелі,
Доўга пілі-елі.
– А мы не сядзелі –
Цэлы дзень дурэлі.
Мы і заўтра пойдзем
Да бабулі нашай –
Абяцала бабка
Бярозавай кашы.”
У вас былі ў дзяцінстве любімыя паэты? У меня быў — гэта Васіль Вітка. Зараз яго вершы пагружаюць мяне ў эйфарыю мінулага.Я ўспамінаю бабулю, яе наказы. Я ўспамінаю, як мы выходзілі на двор перад хатай, мне было гадоў пяць, яна садзілася на лаўку і чытала мне напамяць вершы паэта. Я пытала ў яе, адкуль яна ведае так многа, а бабуля адказвала:”Калі спадабаецца верш, ён проста застаецца ў галаве, ты амаль не заўважаеш, як гэта адбываецца.”
Бабуля памерла, а вершы да сённяшняга дня засталіся ў памяці.
16 мая 1911 года – гэта дзень, калі ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна нарадзіўся Васіль Вітка. Сапраўднае імя паэта — Крысько Цімох Васільевіч. Гэты чалавек — прыклад працавітасці. Паэт скончыў Слуцкую прафтэхшколу ў 1928, потым працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце і адначасова пісаў вершы. Першы зборнік паэта — «Гартаванне», які быў выдадзены ў 1944 годзе ў Маскве. Пасля выходзілі ў свет зборнікі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961) і шмат іншых. Васіль Вітка араў, сапраўды араў і ўжо ў 1978 быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя X. К. Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў ганаровы спіс вялікага дацкага казачніка. Яго творчасць, ён як асоба служыць стымулам і прыкладам для мяне.