Патанчым над горадам?

Культура

Новая кніга Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам» злучае ў сабе тры аповесці. З аднаго боку, яны звязаны агульнай карцінай містыкі, з другога боку, іх сувязь прасочваецца ў скрыжаваннях сюжэтаў. я.

У «Танцах над горадам» мы бачым лірычнага героя, які распавядае гісторыю свайго сталення. Больш за ўсё ўвага звернута на дзяцінства і падлеткавы ўзрост. У гэты час герой хварэў лунатызмам, ці ж самналабулізмам па-медыцынску, і так размалёўваў сваё жыццё. Бацькі вадзілі да лекара, але хітры хлопчык адказваў занадта разумна, што не давала вызначыць прычыны хваробы. А гэта хутчэй за ўсё была бурная фантазія і фантастычныя кнігі на ноч. Самае цікавае, што адразу было цяжка зразумець: рэальныя гэтыя танцы на даху гатэля ці ж гэта сны і фантазіі. Па ходзе апавядання мы самі выбіраем чым лічыць гэтыя танцы і што яны значаць. А таксама куды знікаюць астатнія героі, якія танчылі ў крузе. Аўтар пісаў, што яны паміралі. І чытачам самім выбіраць: памерлі ў жыцці або скончыліся сны з танцамі на даху, наступіла сталенне. Мне здаецца, гэты аповед самы яркі з кнігі, таму аўтар і даў па ім назву. Нельга не адзначыць стыль Арлова, калі апісанне чагосьці рэальнага і метафізічная ўспрымаецца як адзінае цэлае, быццам ты сам ляціш над горадам і бачыш гэта.

Другая аповесць пад назвай «Чорны чалавек на зялёным канапе» яшчэ больш працятая містыкай. Калі першую гісторыю можна растлумачыць лунатызмам, то хто такі Чорны чалавек незразумела. Герой-пісьменнік піша «Танцы над горадам», а ў доме сястры з’яўляецца Чорны чалавек. У героя няма страху, ён наадварот вырашае праводзіць літаратурныя і алкагольныя эксперыменты. Як нешта, што дае зразумець каштоўнасці жыцця, вылучаецца момант, калі Чорны чалавек выратаваў пісьменніка ад ўтаплення, а ён убачыў маладога студэнта, якому на мёртвыя грудзі клалі лілеі. Ва ўсіх аповесцях Арлова мы бачым тэму смерці, але тут яна выказана найбольш ярка і паказана ў развагах. Потым Чорны чалавек знікае, калі пісьменнік у сваім творы ставіць кропку. Гэта як сімвал таго, што ўсе рана ці позна сканчаецца. Магчыма, гэтая кропка і сімвал смерці. А хто такі Чорны чалавек мы зноў не ведаем, чытачу застаецца толькі здагадвацца.

Трэцяя аповесць «Дом з дамавікі» распавядае пра пісьменніка Марціна, які з таварышам паехаў на канферэнцыю ў Швецыю, а там сустрэўся з сямейнымі легендамі. Цікавы эпізод з кошыкам вінаграда і груш, якія з’яўляліся ў пісьменніка ў нумары гатэля. Першы раз гэта было як прабачэнне суседзяў за шум, а другі раз занадта незразумела, але была адсылка да такога ж кошыку дома ў вар’яцкай жанчыны. І ў гэтай аповесці мы таксама бачым смерць.

Можна заўважыць яркую сімволіку зялёнага колеру. З аднаго боку — бязмежная энергія, а з другога — усёпаглынальны спакой.

Самае цікавае, што здаецца, быццам лірычны герой і ёсць сам аўтар кнігі. Таму што настолькі падрабязны выраз думак цяжка ўявіць выдумкай. І ў гэтых апавяданнях, асабліва першым, можна знайсці і сябе. Шмат хто ў дзяцінстве таксама марыў, зачытваўся фантастыкай і лунаціў у сне. Можа, варта часам зноў паверыць у нешта містычнае і патанчыць на даху?

Кудрашова Анжаліка, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *