Дзіцячы погляд на дарослыя тэмы

Абитуриент

Кожны з падлеткаў на пэўным этапе жыцця чуў фразу: «Ты яшчэ занадта малы і нічога не разумееш!». Чамусьці да гэтага часу існуе меркаванне, што тыя, хто не дасягнуў трыццацігадовага ўзросту, не могуць выказаць слушнае меркаванне на той ці іншы рахунак у сілу сваёй неспрактыкаванасці. Але варта браць пад увагу той факт, што многія падлеткі на сучасным этапе развіцця свету валодаюць даволі-такі шырокімі навыкамі і ведамі, можа быць, нават больш вялікімі за дарослае пакаленне, бо мы жывем у інфармацыйным грамадстве і маем доступ да Інтэрнэту. Каб даказаць гэта на практыцы, былі апытаны некалькі асоб, якія выказалі свой погляд на дарослыя тэмы ў нязвыклым для іх фармаце. У якасці тэм былі прапанаваны тры выказванні, якія закраналі вельмі актуальныя тэмы: узаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай, ролю жанчыны ў сучасным свеце і праблема выбару.

Свае меркаванні наконт першай тэмы будуць выказваць Ягорава Анастасія (17 гадоў) і Анішчыц Ягор (19 гадоў).

— Насця, Ягор, вашай увазе прапануецца фраза «Б’е значыць любіць». Якія ў вас узніклі думкі пасля яе чытання? Што вы думаеце аб гэтым пытанні?

— Гэта абсурд. Я лічу, што калі твой родны чалавек сапраўды цябе любіць, то гэта павінна выяўляцца ў клопаце, але ніяк не ў збіванні. Адваротнае сведчыць аб вялікіх праблемах з псіхікай.

— Я ў корані не згодны з гэтай фразай, так як расцэньваю яе як адгаворку пры «дзікіх» праблемах у адносінах. І, наогул, калі б’е -значыць не тое, што не любіць, так да ўсяго іншага яшчэ і не паважае.

Што датычыцца другой тэмы, то на яе было прапанавана выказацца Яраховіч Дар’і (16 гадоў).

— Даш, я ведаю, ты часта разважаеш на гэтую тэму і таму думаю, што табе не будзе складана выказаць сваё меркаванне з нагоды гэтага. Што ты думаеш аб фразе «Сэнс жыцця жанчыны — у дзецях»?

— Гэтую фразу часта можна пачуць у якасці папроку ў адрас прадстаўніц прыгожага полу. Дзеці, калі яны ёсць, гэта, вядома, галоўнае для жанчыны. Але, на мой погляд, гэтага недастаткова, каб адчуць сябе паўнавартаснай. У наш час, калі жанчына не рэалізавалася як асоба, яна не будзе ў поўнай меры шчаслівая, так як будзе лічыць сябе няўдачніцай.

Мы даведаліся думкі на дзве тэмы і цяпер прыйшла чарга трэцяй. Дзве выдатныя дзяўчыны, Дзве выдатныя дзяўчыны, Буневіч Дар’я (16 гадоў) і Хоміч Марыя (18 гадоў), ласкава пагадзіліся падзяліцца сваім меркаваннем.

— Маш, ці лічыш ты справядлівым выказванне «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся»?

— На самай справе гэта няпростае пытанне. У сучасным жыцці чалавек гоніцца за лепшым жыццём, і гэта часам прыводзіць да таго, што яму даводзіцца змяніць не адзін горад і нават краіну. Але ж дасягнуць поспеху можна і на «малой радзіме». Там, дзе чалавек нарадзіўся, вырас, атрымаў веды, — ён, безумоўна, спатрэбіцца для таго, каб удасканаліць сваё роднае месца, але гэта не значыць, што яго непасрэдны абавязак. У кожнага ёсць выбар.

— А ты, Даша, як лiчыш?

— Я не згодна з гэтым выказваннем. У любой з краін ёсць незлічоная колькасць магчымасцяў зладзіць сваё жыццё. Ніхто не можа ведаць, дзе ён будзе больш патрэбны. Можа быць, у іншай краіне чалавек уладкуецца лепш, чым змог бы гэта зрабіць у сваёй, і наабарот. У любым выпадку чалавек унясе вялікі ўклад у развіццё свету нягледзячы на месцазнаходжанне.

 

Наколькі аб’ектыўны гэтыя меркаванні вырашаць вам. Але, мне здаецца, што падлеткі «новага пакалення» дастаткова добра развіты, каб выказаць сваё меркаванне і даць слушную параду як дарослым, так і сваім аднагодкам.

print



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *