Пакінуць нашчадкам: цікавыя беларускія словы

Новости

Як перакласці на беларускую мову “анютины глазки” ? А ці ёсць у рускай мове адпаведнік нашаму роднаму слову “гмах”? Вы чулі калі-небудзь словы хрушч, гумовікі,кабета?

Аб чым сведчаць гэтыя пытанні?Яны сведчаць аб незвычайнасці і разнастайнасці нашай мовы. Слоўнік беларускай літаратурнай мовы налічвае прыкладна каля 500.000 слоў, а ў дыялектнай мове існуе прыблізна каля 2 мільёнаў слоў. Асаблівай адметнасцю нашай мовы зяўляецца літара “Ў”, помнік якой знаходзіцца ў Полацку на бульвары праспекта Францыска Скарыны . А колькі яшчэ цікавых рэчаў мы не ведаем!Паводле статыстыкі ЮНЕСКА, беларуская мова займае другое месца па мілагучнасці пасля італьянскай. Ці гэта не нагода для гонару?

Будучыня нашай мовы залежыць ад нас, асабліва ад моладзі. У руках маладога пакалення ўсе магчымасці, каб раскрыц яе яшчэ больш.Студэнты розных ВНУ – моладзь нашай краіны – паведалі нам пра словы,якія здаюцца ім незвычайнымі.

Ганна Матусевіч, студэнтка 1 курса БДУ, факультэт журналістыкі:

— Тэлефанаваць! У маёй сям’і размаўляць «трасянкай» — звычайная практыка. Таму, калі трэба было паразмаўляць з кімсьці па тэлефоне, у нас «званілі». Проста, зручна, яшчэ і супадае з рускай мовай.У пятым класе ў школьнікаў змяняюцца ўсе настаўнікі. Нас пазнаёмілі з нашай новай настаўніцай беларускай мовы. Жанчына строгая, але справядлівая. З ёй трэба было заўсёды размаўляць па-беларуску. І вось у адзін дзень я была здзіўлена тым, што на занятках яна папрасіла прабачэння і сказала : «Мне трэба патэлефанаваць дачцэ, некалькі хвілін пасядзіце ціхенька». Мяне вельмі ўразіў гэты дзеяслоў. Як проста, мілагучна і зразумела — «патэлефанаваць». Пасля гэтага ў нашым класе яшчэ некалькі тыдняў чулася «патэлефануй», «тэлефаную», «трэба патэлефанаваць». І зараз я люблю карыстацца гэтым прыемным беларускім словам!

Раман Мілеўскі, студэнт 1 курса БРУ, электратэхнічны факультэт:

— Абібок. Я прымаў удзел у алімпіядзе па беларускай мове, але не заўсёды дасканала выконваў заданні, якія мне давала мая настаўніца, на што яна з усмешкай казала,маўляў, ну ты і абібок,Рома. Гэта быў не першы раз, калі я пачуў ад яе незвычайнае слова. Спачатку мне здалося, што гэта нешта прыемнае, бо вельмі прыгожа гучыць. А потым настаўніца растлумачыла мне, што абібок гэта той, хто лянуецца і што нічога прыемнага ў гэтым слове няма.Але я не пакрыўдзіўся, зараз я і сам так кажу пра сябе.

Вольга Сушко, студэнтка 1 курса МДУ ім.Куляшова, гісторыка-філалагічны факультэт :

— Гузік.Гэта было ў школе, але гэта здаецца мне вясёлым і зараз. Мая настаўніца — цудоўная жанчына, якая заўседы кажа прыемныя словы. І вось раніцай я заходжу на ўрок, а яна і кажа: “Вольга, выглядаеце цудоўна! Гэта новы пінжак? Раней не бачыла яго ў Вас.Як Вам падыходзіць гэты колер, але дзе гузік?”- “Наталля Валер’еўна, прабачце, я не зрабіла практыкаванне на сёння, я яго не зразумела”, — адказала я, падумаўшы, што гузік — гэта дамашняя работа. Настаўніца пасмяялася і растлумачыла, што гэта “пуговица» па-руску. Гузік я потым знайшла дома і старалася заўседы выконваць дамашнія практыкаванні.

«Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор ‒ мова», — калісь сказаў Алесь Разанаў. А нам застаецца гэты твор пранесці праз ўсе жыцце і з гонарам перадаць нашчадкам!

Па беларуску і сварыцца нельга, бо словы ліюцца як песня!У свой час Уладзімір Караткевіч на гэты конт выказаўся так : “Тут трэба, дарэчы, заўважыць, што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія “кленічы”. Бывалі такія майстры-імправізатары, што і не хацеў бы, а спынішся паслухаць сварку. Вынаходлівасць у параўнаннях — незвычайная”.

Наша мова мае свой шлях станаўлення, сваю гісторыю, дзе быу і росквіт, і заняпад. “ Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”, – піша Францішак Багушэвіч.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *