Памяць сэрца, не змаўкай!

Новости

Я лічу, што пра вайну трэба пісаць, пра вайну трэба спяваць, але самае галоўнае, што пра яе нельга забывацца.

22 чэрвеня 1941 года – 9 мая 1945 года – гэта час, які пакінуў крывавы след у гісторыі Беларусі. Ён акутаны болем, жалем, слязьмі. Неба ў той час было не такое блакітнае, як зараз, здаецца, што і птушкі тады спявалі па-іншаму, сонца свяціла не так ярка. Траўка, якая штогод вясной выглядвала з-пад заснежанай зямлі, была ўжо не зялёнай, а чырвонай. Усё наваколле ў прамым і пераносным сэнсе было прапітана крывёй. Крывёй кожнага, хто абараняў Айчыну. Нам, сучасным беларусам, застаецца толькі памятаць пра тое, як змагалася зямля-маці за кожнага, хто зараз жыве і ходзіць па ёй.

Гісторыя жывая, пакуль мы памятаем пра яе. Часам нават не здагадваемся, але яна — ў словах, у песнях, у людзях. А апошняе найбольш праўдзіва. Менавіта таму я звярнулася да аднавяскоўцаў, якія на ўласныя вочы бачылі вайну, хаваліся па акопах, а потым з радаснай усмешкай крычалі на ўсе наваколле: “Перамога!” і  аплаквалі блізкіх, якія не вярнуліся дадому. Адна з такіх Грыцэвіч Надзея Іванаўна.       

Хто ў маёй вёсцы не ведае былую настаўніцу рускай мовы і літаратуры? Вучні любілі яе ўрокі, цанілі дабрыню, сардэчнасць, давяралі ёй усе свае сакрэты. Тое, аб чым я даведалася ў час сустрэчы з Надзеяй Іванаўнай назаўсёды застанецца ў маім сэрцах і памяці.

Да Вялікай Айчыннай вайны Надзея скончыла толькі тры класы. Вучылася добра. Марыла стаць настаўніцай. Калі ў вёску ўварваліся немцы, закапала ў зямлю гальштук і кнігі:

“Дарослыя і дзеці хаваліся ад фашыстаў, стараліся не пападацца ім на вочы. А тыя распараджаліся ў вёсцы: патрабавалі яйкі, сала, лавілі ў дварах курэй, гусей, свіней. А потым сталі адпраўляць моладзь у Германію. Пайшлі чуткі, што фашысты будуць браць у дзяцей кроў для раненых нямецкіх салдат. Гэта здарылася ў канцы мая 1944 года. На досвітку вылюдкі акружылі вёску і сталі хватаць, валачыць да машын сонных дзяцей. Гэтага ніхто не чакаў, бо забіралі раней толькі дарослых дзяўчат і хлопцаў. Жудасны плач разарваў вясковую цішыню, галасілі маці, бацькі”

Надзея Іванаўна змаўкае, вочы поўняцца слязьмі. Я разумею яе: столькі ўспамінаў нахлынула, ахапіла душу:

“Пасля іх ( дзяцей) везлі ў крытых брызентам машынах. Куды? Чаго? Яны не ведалі. Апынуліся ў лагеры ў вёсцы Дваранінавічы, дзе раней знаходзіліся ваеннапалонныя. Дваннаць дзяцей ноччу ўцяклі, але далёка ім не ўдалося адбегчы. Раніцай іх знайшлі і направілі сабак-аўчарак. Пакусаных, акрываўленых хлопчыкаў і дзяўчынак пасадзілі ў драўляныя бочкі, набітыя цвікамі. Дзеці з лагера павінны былі каціць гэтыя бочкі праз ўсю вёску. А побач ішлі немцы, перакладчыца на рускай мове паўтарала, што так будуць караць усіх, хто асмеліцца не падпарадкавацца ўладзе”

Няцяжка ўявіць сабе, што перажылі ў гэты моманты няшчасныя, якія знаходзіліся ў бочках, і тыя, другія дзеці, выканаўцы жудаснага загаду. Шэсць сутак Надзею з аднагодкамі везлі ў таварным цягніку:

“У кожным вагоне – два немцы з аўтаматамі. Усю дарогу дзеці плакалі, яны не ведалі, куды іх вязуць, што з імі будзе, ці ўдасца хоць калі вярнуцца на Радзіму.Спачатку быў лагер Капань. З ўсёй Германіі сюды прыязджалі баўэры і выбіралі сабе дзяўчынак і хлопчыкаў для работ па гаспадарцы. Упершыню тут дзеці зразумелі, на сабе адчулі, што значыць “браць кроў”. Ад голаду яны пухлі, цяжка хварэлі. На кожным кроку – здзекі, пакаранні, лаянка, папруга”

Восенню 1944 года Надзея Іванаўна разам з многімі беларускімі дзецьмі апынулася ў горадзе Дэсаў, у лагеры Норд – 1:

“Невыноснае жыццё, непасільная шасцігадзінная праца на заводзе, пасля абед, затым чатыры гадзіны іх вучылі забывацца ўсе дарагое і сэрцу роднае… У канцы дня знясіленых, стомленых, галодных дзяцей вялі на хімічны завод – і там яшчэ знаходзілі для іх работу.Начамі было неспакойна, горад бамбілі. Кладучыся спаць, не ведалі дзеці, ці дажывуць да раніцы, ці ўбачаць цераз лагернае акенца світанак. Але паявілася і надзея вызваліцца ад страшнага палону, бо дайшлі чуткі, што вайна хутка скончыцца. Але колькі пакут прыйшлося перанесці, пакуль дачакаліся дня вызвалення. Лагер з горада выгналі ў лес. Ішлі туды ноччу. У часы бамбёжкі клаліся на зямлю, каб перачакаць абстрэл шарэнгі з паветра. Многія потым не ўставалі. Астатнія спяшаліся хутчэй да лесу, каб уратавацца ад голаду, страляніны. Але, выбраўшыся з аднаго пекла, дзеці трапілі ў другое. У гэтым лесе стаялі нямецкія ваенныя часці. Самалёты бесперапынна зніжаліся, абстрэльвалі вяскоўцаў. Гарэлі зямля і неба. Дзіцячы лагер быў адціснуты ў балоты. Чатыры тушы забытых у час налёту коней падзялілі паміж дзецьмі; сырыя кавалкі мяса, вантробаў хутка былі з’едзены”.

Са слязьмі на вачах Надзея Іванаўны расказвае, як яна з групай дзяўчынак дапаўзла да поля, там нейкі час дзеці ляжалі, пакуль не скончылася бамбёжка, не сціхлі кулямётныя стрэлы. Цэлую ноч яны блукалі па лесе, пакуль не знайшлі сваіх.

А назаўтра, 16 красавіка, у чацвер, быў самы шчаслівы дзень у жыцці надзеі Іванаўны: прыйшло вызваленне. Немагчыма перадаць словамі радасць, якая перапаўняла маленькія сэрцы змучаных, ледзьве жывых дзяцей. Упершыню за доўгія гады яны змаглі паесці хлеба і, божа, якая радасць! – нават цукерак.

На Радзіму Надзея Іванаўна вярнулася толькі ў канцы верасня 1945 года, пасля доўгіх пошукаў яе забралі з Іеўскага дзіцячага дома Гродзенскай вобласці, дзе яна скончыла 4 класы:

    «Калі вярнулася дадому, пайшла адразу ў пяты клас. Не было падручнікаў, сшыткаў, але так хацелася вучыцца!»

Надзея Іванаўна з 1980 года працавала ў маёй школе. На жаль, яе вучням я не была, але са слоў аднавяскоўцаў ведаю, што гэта жанчына была поўнасцю адданая працы. Яна гераіня ва ўсіх сэнсах гэтага слова!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *