Ці можна здаваць унутраныя іспыты на беларускай мове?

Абитуриент

У школе вы больш любілі беларускую мову і літаратуру, чым рускую? Вам лягчэй разважаць і пісаць на роднай мове? Менавіта таму вы вырашылі здаваць яе на ЦЭ? Калі на ўсе мае пытанні вы адказалі — так, то абавязкова здавайце ўнутраныя іспыты на беларускай мове! 

У 2023 годзе я адзіная з усіх абітурыентаў журфака пайшла па гэтаму шляху. Вынік — 9 за сачыненне, 8 за вусны экзамен. З 9 класа я наведвала алімпіядныя заняткі па беларускай мове, таму ў мяне была добрая база. Але я схлушу, калі скажу, што я зусім не хвалявалася. Бо у мяне не такі шырокі слоўнікавы запас, як у рускай мове. Але ўсё ж такі атрымалася добра.  

Я раю вам запісацца на летнія курсы, мне яны вельмі дапамаглі. Наша настаўніца Наталля Васільеўна там размаўляла як на беларускай мове, так і на рускай. Яна па палічках раскладвала нам усю інфармацыю. Амаль што кожны дзень на працягу двух тыдняў я пісала сачыненні і адпраўляла ёй. Менавіта так я пашырала свой слоўнікавы запас і атрымлівала прафісійныя парады ад свайго настаўніка. 

У першы дзень экзаменаў вы будзеце пісаць сачынне. На выбар вам прапануюць тры тэмы. І не хвалюйцеся, назвы будуць напісаны на дошцы як на беларускай мове, так і на рускай, каб вы дакладна не зрабілі памылак. За тыдзень да экзаменаў раю напісаць вам міні-сачыненні па розных тэмах: прырода, вайна, журналістыка і інш. Магчыма, гэта дапаможа вам менш хвалявацца, а яшчэ так у галаве ўжо будуць падрыхтаваны словы на роднай мове. 

За тыдзень да вуснага экзамену шмат чытайце на беларускай мове, выпісвайце нейкія цытаты, якія вам спадабаліся. Пачніце разважаць на роднай мове, бо без такой падрыхтоўкі вам будзе складана на экзамене сабраць усе думкі ў галаве і пераключыцца з адной мовы на другую. 

Ці атрымаеце вы нейкія бонусы? На жаль, не. У нашай краіне існуе дзве дзяржаўныя раўнапраўныя мовы і ўсе абітурыенты знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Але вы дакладна здзівіце камісію і запомніцеся ім.  

На якой мове пісаць — толькі ваш выбар. Але калі вы па-сапраўднаму любіце родную мову, то і не трэба ісці за ўсімі. Не бойцеся, камісія — гэта таксама людзі, якія не будуць лаяць вас за неспадзявана выкарыстанае рускае слова на вусным экзамене.  

Слухайце сваё сэрца, старанна рыхтуйцеся, не бойцеся цяжкасцей — і ўсё абавязкова атрымаецца! 

Філончык Яна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *