У 80-х Полацк і Наваполацк лічыліся сталіцамі беларускага рока — фестываль “Рок-кола”, гурт “Мясцовы час”… Гэтыя назвы, мяркую, скажуць нямала чалавеку, які цікавяцца беларускай музыкай, яе гісторыяй і сучаснасцю.
Пасля нічога не было: доўгі перыпынак, абумоўлены распадам аднаго з найбольш яскравых беларускіх калектываў і спыненнем існавання “Рок-колы”. І вось наступіла новае стагоддзе, і гарады пачалі пакрысе ажываць. Паспрабуем каротка назваць асноўныя этапы рок-адраджэння Полаччыны.
У 1998 годзе ў Полацку ўтварыўся гурт “Версия” пад лідарствам Паўла Сляпцова. Выхад у 2001-м альбома “Век змеи” можна назваць пачаткам новай рок-эпохі. Песні з плыткі імгненна сталі гітамі, калектыў збіраў поўныя залы на сваіх сольніках… Перыяды актыўнай творчасці і музычнага зацішша перамяжаліся, але сёння “Версия” жыве і развіваецца. Сёлета гурту спаўняецца 15 год — немалая дата! Асабліва калі ўлічыць, што, па прызнанні музыкаў, першы штуршок да стварэння калектыву быў яшчэ ў 93-м…
З творчасцю Паўла Сляпцова цесна звязаны іншы полацкі гурт — “Indra”. Па прызнанні гітарысткі калектыву Марыны Шэф, усё пачалося яшчэ ў школьныя гады, калі яна пазнаёмілася з Вольгай Андрэявай, якая з’яўляецца вакалісткай гурта. У 2003 годзе адбыўся першы выступ музыкаў, і, устцпіўшы ў адзінаццаты год свайго існавання, музыкі маюць за плячыма тры альбомы. Першы амаль ніхто не чуў; другі, названы па загалоўнай песні “Сонцавакол” (беларускамоўная кавер-версія “Вороны” Сляпцова), разышоўся вялікім накладам — музыкі раздавалі запісаную ў Польшчы кружэлку бясплатна на канцэртах; трэці альбом, запісаны яшчэ ў 2010-м, музыкі дагэтуль афіцыйна не выдаюць, а патроху змяшчаюць трэкі з яго ў Інтэрнэце). Адносна стабільным застаецца склад — увесь час мяняюцца толькі басісты; першыя гады свайго існавання гурт выступаў з віяланчалісткай, якая цяпер жыве ў Мінску. Унёсак гурта “Indra” ў полацкі рок-н-рол цяжка пераацаніць: яны стварылі рок-клуб “LIVEinROCK”, які і сёння актыўна ладзіць канцэрты, арганізавалі аднайменны штогадовы фестываль беларускамоўнай рок-музыкі, на якім выступаюць маладыя гурты побач з масцітымі беларускімі рокерамі, зладзілі рэпетыцыйную кропку, якая доўгі час была базай для безлічы новаўтвораных гуртоў, шматлікія з якіх існуюць і сёння.
Можна назваць яшчэ шмат гуртоў: “МЫ”, сёння ўжо не існуючы — частка яго удзльнікаў сёння грае ў паспяховай камандзе “PaRAnoia Dolls”; “Вольные” з харызматычным дзядзькам Ларсам; “Perfect Life”, адметная рыса якога — шыкоўны жаночы вакал; маладыя металкоршчыкі “My Death Not For Me”, якія актыўна гастралююць па Беларусі; адзін з самых глыбокіх у плане адчування цяжкой музыкі калектыў “DevilWaltz”; нетыповыя альтэрнатыўчшыкі “Freelite”, прадстаўнікі хвалі пост-року “Detroit Hills”… Спіс можна працягваць яшчэ доўга.
Аўтар дадзеных радкоў зрабіў і свой унёсак у полацкую музыку. У 2009 годзе мы з сябрамі стварылі гурт “Горад N”, які сёння завецца “Sumarok”, зладзілі пэўную колькасць электрычных і акустычных канцэртаў і актыўна праводзім кватэрнікі ў Полацку. Да нас зусім нядаўна прыязджаў нават знакаміты беларускі бард Андрэй Мельнікаў, творчы шлях якога доўжыцца ўжо болей за дваццаць год!
…Віруе жыццё, ідзе час, гучыць жывая музыка на Полаччыне. І няхай так будзе заўсёды. То, можа, і вернем мы калі званне рок-сталіцы?..
Ігар ПАЛЫНСКІ.
На фота: сола-гітарыстка гурта «Indra», дырэктарка Полацкага рок-клуба Марына Шэф. Фота Міцяя Дзежыца, rock.ximik.info