З мэтай папулярызацыі беларускай культуры і развіцця ў школьнікаў цікавасці да творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў, у сярэдняй школе № 42 г. Мінска праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У сувязі з гэтай падзеяй вучні 11 і 6 класаў вырашылі правесці літаратурна-музычны вечар «Не можа Беларусь без Купалы».
Галоўная ідэя мерапрыемства – данесці да гледачоў, што мінулае і будучае беларускай мовы вельмі багатае, паказаць, што трэба ганарыцца сваёй роднай мовай і старанна вучыць яе, а таксама даказаць тое, што ўрокі беларускай мовы і літаратуры зусім не сумныя, а, нават, наадварот, вельмі вясёлыя і пазнавальныя.
Само мерапрыемства адбылося ў апошнія дні лютага на тэрыторыі школы.
Падрыхтоўка да важнай падзеі пачала ажыццяўляцца за месяц. Вучні патрацілі шмат сіл і часу для таго, каб добра вывучыць свае рэплікі і «ўжыцца» ў ролі. Яны прадумвалі план выступу, складалі спісы неабходных рэчаў, рыхтавалі касцюмы…
Пастаноўка «Не можа Беларусь без Купалы» пачалася з прамовы вучня 11 класа, які граў ролю Гусляра. Пасля гэтага вучні 6 класа распавядалі пра беларускіх пісьменнікаў і чыталі іх вершы на памяць. Як толькі апошні ўдзельнік мерапрыемства з 6 класа прачытаў верш, 11 клас пачаў свой выступ, які быў пабудаваны на двух светах. Першы – свет, дзе жывуць Янка Купала, Якуб Колас, Ганна і іншыя. Другі – свет, дзе жывуць героі пастаноўкі «Паўлінка».
Нельга не адзначыць, што на мерапрыемстве, акрамя вучняў школы і настаўнікаў, прысутнічала шмат гасцей, якія ўважліва назіралі за прадстаўленнем, ужываліся ў ролі разам з акцёрамі, хваляваліся з героямі.
Літаратурна-музычны вечар доўжыўся каля гадзіны. Скончылася мерапрыемства песняй «Спадчына» «Песняроў» на словы Янкі Купалы.
Стваральнікам сцэнарыя літаратурна-музычнай імпрэзы з’яўляецца класны кіраўнік 11 класа Ж.А.Фралкова. Менавіта яна была тым чалавекам, які прапанаваў правесці падобнае мерапрыемства, тым самым стварыўшы невялікае свята.