Выданне «Даведніка па літаратурнай праўцы» Пятро Пятровіча Жаўняровіча доўга абмяркоўвалі як сярод выкладчыкаў, так і сярод студэнтаў. Кніга выклікала вялізную цікавасць ва ўсіх!
Пятро Пятровіч працаваў над «Даведнікам» дваццаць год. Падчас прэзентацыі ён расказаў пра асноўную мэту выдання: звярнуць увагу на праблемы сучаснага рэдагавання і пастарацца вырашыць іх.
Расповед пра сваё дзецішча аўтар пачаў з цытаты Уладзіміра Караткевіча: «Ці павінен паэт, які перакладае, памерці ў тым, каго ён перакладае?». Пятро Пятровіч перарабіў яе: ці павінен рэдактар, які працуе з тэкстам іншага чалавека, памерці ў тым, каго рэдагуе? Адказ: часткова так.
“Рэдактар – першы чытач твора. Ён павінен памятаць, што напісанае застаецца. І вялікасць слова аўтара заўсёды будзе стаяць на першым месцы”, – лічыць стваральнік “Даведніка па літаратурнай праўцы”.
Пятро Пятровіч звярнуў увагу на складанасць працы рэдактара:
– У рэдактараў падчас працы з тэкстамі ўзнікае шмат пытанняў пра перадачу тых ці іншых слоў на пісьме. У слоўніку 2012 года рэдактар бачыць адно напісанне, а калі разгортвае слоўнік 2016 года, бачыць ужо іншае. Такая сітуацыя склалася таму, што нашы мовазнаўцы мала прыслухоўваюцца да ўніверсітэцкай супольнасці, да выкладчыкаў. А калі няма на што арыентавацца, рэдактару самому трэба вызначаць, як правільна аформіць фразу.
Даследчык адзначае, што арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы, на якіх грунтуюцца першая і другая часткі “Даведніка па літаратурнай праўцы”, найбольш трывалыя. Таму што тут, па яго словах, нікуды не дзенешся. У нас прыняты закон “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які зацверджаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Каб зрабіць кнігу цікавай Пятро Пятровіч у якасці прыкладаў да правілаў дзе-нідзе выкарыстаў анекдоты, жарты. Аўтар падабраў багаты ілюстрацыйны матэрыял для выдання, ён хацеў, каб не было старонак з прыкладамі з тэкстаў толькі аднаго аўтара. Таму ў спісе аўтараў, сказы з твораў якіх прыведзены ў “Даведніку”, больш за шэсцьсот імёнаў.
Акрамя навуковай працы, выкладчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання займаецца і творчасцю: пераклаў на рускую мову творы Уладзіміра Караткевіча, на беларускую мову – раман “Браты Карамазавы” Фёдара Дастаеўскага і вершы Аляксея Канстанцінавіча Талстога.
Дар’я ШУПЕНЬКА, 2 курс