Дадому

Новости

У твар б’е халодны вецер і калі-некалі ўразаецца апалае жоўтае лісце. Я хутаюся ў паліто, засланяю твар рукамі і хуткімі крокамі рушу да чыгуначнага вакзала. Сёння я еду дамоў, у сваё Краснае. Увечары я пазабуду пра шум сталічнага горада і нацешуся спакоем  родный вёскі.

А пакуль што спяшаюся: збіваючы прахожых, бягу на цягнік, які павінен адправіцца праз лічаныя хвіліны. Задыхалася. Але, мінуўшы некалькі соцен метраў, выдыхаю – паспела.  Паднялася ў вагон, узгрувасціла свае рэчы і , усеўшыся каля акна,  пачала ўважліва сачыць за пейзажамі, якія беглі за шклом.

А пейзажы былі чароўныя. Разналяровыя палеткі, якія чаргаваліся з паўголым асеннім лесам, хутка загіпнатызавалі мяне, і я ні аб чым не думала. Толькі заўважала калі-некалі, што гэтыя прыгожыя краявіды зусім не падобны да тых, якія я бачыла каля сваёй вёсцы ў дзяцінстве.

Тут, праз дзясяткі кіламетраў ад Мінска, гападыня – прырода. Глядзіш удалеч, а там успаханыя палі, потым схуднелы ад восені лес, за ім зноў палі і ніякіх табе прыкмет урбанізацыі, акрамя шашы ды чыгункі. А каля маёй вёскі ўсё па-іншаму. Краснае гэта і ня вёска нават ужо – аграгарадок. Знаходзіцца ён пад самым Гомелем. І трох кіламетраў не ад’едзеш ад горада, як віднеецца таблічка з тапонімам “Краснае”. І тут ужо няма такой улады у прыроды: за прыхожымі палеткамі, куды ні паглядзі, віднеюцца на гарызонте то жывёлагадоўчая ферма, то шматпавярховыя хаты, то белыя горы адкідаў хімічнага завода.

  • Прачынайцеся, — штурханула мяне ў бок суседка,- хутка Гомель.

Ну вось, я амаль што дома. На вакзале мяне  сустракаюць бацькі. Тата адразу выхапіў з рук сумкі, а маці нават увагі не надала гэтым рэчам- толькі паправіла шапку і крэпка абняла. Ад абдымкаў стала вельмі цёпла і ўтульна, абедзе мы адчулі сапраўднае шчасце, гэта было відаць па шчырым усмешкам на нашых тварах. З татай таксама ласкава павіталіся, а пасля ўсе селі ў машыну. Едзем дадому.

Мінуўшы горад, бацька набраў хуткасці, каб заехаць на мост, што стаіць напрыканцы аб’язной дарогі. Люблю гэты мост і люблю лавіць цёплае свежае паветра з акна, з’язджаючы з яго. Але сёння, на жаль, так не атрымаееца: восень выдалася ў гэтым годзе марозная.

Праязджаем школу. Там як заўсёды збіраецца моладзь.  Раней і я там гуляла са сваімі сябрамі. Чамусьці гэтае месца было у нас любімым, чымсьці вабілі нас старыя жалезныя арэлі і густы невялікі сквер. Сам жа будынак школы ніколі мне не падабаўся. Шэрыя кірпічныя сцены выглядалі злавесна, цёмныя вокны ўвечары нагадвалі шматлікія вочы мульцяшнага монстра, і только акуратны ганак з невялічкім сінім дахам рабіў усю кампазіцыю больш-меньш прыемнай.  Але зараз школа не здаецца мне такой змрочнай. І ўвоголе шмат добрага успамінаееца са школы: і цікавыя заняткі, і ўлюбёныя настаўнікі, і актыўнае, па-дзіцячаму  бестурботнае жыццё.

Памятаю, у пачатковых класах вадзілі нас у паход-экскурсію па вёсцы. Мы абыйшлі ўсё Краснае і не стаміліся, нягледзячы нават на тое, што былі малымі. Ды якакя там стома, калі расказваюць так многа цікавага. Менавіта тады я даведалася, што вёсцы нашай больш за 250 гадоў і што некалі “Красная слабада”, як яе тады называлі, належыла нейкім беларускім і расійскім князям. Ужо пазней, калі працавала ў школьным музеі, я знайшла і запомніла іх імёны: князь Чартарыйскі і князь Іван Фёдаравіч Паскевіч.

На той экскурсіі нас правялі па усім вясковым мемарыялам, прысвечаным Вялікай Айчыннай Вайне. У нас іх два: адзін стаіць у полі, яго пастаівлі ў гонар пяці байцоў, што ўдзельнічалі ў вызваленні Гомеля; другі — у цэнтры вёскі, там захаронена больш за паўтысячы савецкіх салдатаў.

Але я думаю, што праз некалькі год маленькіх вучняў павядуць яшчэ і на трэцці мемарыял. Зусім нядаўна каля аграгарадка пачалі раскопкі яшчэ аднаго пахавання. Археолагі гавораць, там ляжаць не толькі салдаты, але і мірныя жыхары Краснага, якія сталі ахвярамі карнікавых аперацый фашыстаў.  Жудасна і горка становіцца, калі прыходзіш у такія мясціны, чытаеш цыфры пахаваных і калі слухаеш расказы бабулі пра яе ваеннае дзяцінства.

Прыехалі. Адчыняю калітку- і ўсё здаецца нязвыклым. Але на самай справе магу прайсці тут з закрытімі вачыма, бо кожны каменьчык, кожная кветачка, кожны паварот знаёмы мне з дзяцінства.

Зайшлі у хату — адразу запахла бабулінай здобай. Яна чакала нас. Калі я падыйшла з ёй павітацца, добрыя старыя вочы напоўніліся слязамі. Я адчула неверагодную пяшчоту, убачыўшы сваю бабулю, і яшчэ больш неверагодную радасць, зразумеўшчы, што і яна адчувае тое ж самае.

Мы пакінулі рэчы і сабраліся ўсёю сямьёй за сталом. Маці і тата размясціліся побач, каля іх села бабуля, насупраць яе – дзед, мы з сястрой разам уселіся там, дзе засталася месца. Я распавядала ім пра сваё навучанне ва ўніверсітэце, пра самастойнае жыццё ў Мінску, пра студэнства, і яны, слухаючы з задавальненнем, смачна жавалі бабуліны піражкі і запівалі іх гарбатай. А потым гаворка павярнулася іншым бокам. Цяпер я ўмінала бабуліны гасцінцы, а сям’я расказвала пра самае цікавае: пра іх жыццё і жыццё нашай вёскі. Гаворка цягнулася некалькі гадзін,  а калі вечар уступіў у свае правы, усе разышліся па пакоях.

Скончыўся дзень. Я сапраўды забыла пра шум сталічнага горада, але ўдосталь нацешыццца спакоем малой радзімы не сумела. Мала для гэтага аднаго вечара, ды, па праўдзе казаць, і выхадных мала.  Тут, у краі свайго маленства, дзе ўсё здаецца добрым і пяшчотным, правесці бы некалькі тыдняў, а потым зноў уехаць у Мінск ці яшчэ куды, каб, вяртаючыся ў наступны раз, адчуць яшчэ большую радасць. Бо малая радзіма – гэта мая любоў і маё натхненне. І няма больш шчаслівага дня за той, калі я вяртаюся дадому.

Заўтра зраблю фотаздымкі матулі і таты, а яшчэ бабулю сфатаграфую і сястру абавязкова, каб глядзець у сталіцы на іх усмешкі і ўсміхацца самой. А зараз спаць, ловячы носам прыемны пах чыстай бялізны… Як у дзяцінстве.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *