“Пакараць нельга памілаваць”: дзе паставіць коску? Гэтае пытанне стала лёсавызначальным для галоўнага героя савецкага мультфільма “У краіне нявывучаных урокаў”. Па сюжэце твора, Віцька Перастукін мусіць вызначыць месца знаку прыпынку, іначай яму пагражае смерць. Хлопцу-гультаю ўдалося знайсці адказ, але справа не ў косцы. Праз гэты мультфільм рэжысёр Юрый Прыткоў даносіць да гледача вельмі сур’ёзную думку: адукацыя – адна з найважнейшых рэчаў у жыцці, і таму людзям варта вучыцца, асабліва калі размова ідзе пра ўніверсітэт.
Кожны навучэнец нясе свой уласны багаж ведаў, вопыт, якім ён можа падзяліцца. Гэта значыць, што адукаваны чалавек здольны даць аснову для развіцця новых розумаў. Ён можа стаць настаўнікам для наступных пакаленняў. Як лічыў старажытнарымскі аратар Марк Фабій Квінціліян, нішто не можа быць больш высакародным, чым навучыць іншых таму, што найлепшым чынам ведаеш сам. Прыклад таму – славутыя беларускія асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, дзеячы культуры В. Ластоўскі, Я. Карскі, мастакі Я. Драздовіч, М. Савіцкі, пісьменнікі М. Багдановіч, Я. Купала, Я. Колас, В. Быкаў, У. Караткевіч… Асабліва трэба выдзеліць вядомага ва ўсім свеце беларускага першадрукара Францыска Скарыну, які нарадзіўся ў Полацку. Гэты адукаваны чалавек меў на мэце зрабіць навуку простай для “паспалітага люду” – для звычайных людзей. І ў яго атрымалася. 6 жніўня 1517 года пабачыла свет кніга “Псалтыр”, а ў перыяд з 1517 да 1519 года былі выдадзены некаторыя іншыя кнігі Бібліі. Дзякуючы менавіта Францыску Скарыне беларуская кніга сёлета адзначыла 500-гадовы юбілей.
Адукаваны чалавек – вялікая каштоўнасць, таму што навучанне патрабуе шмат рэсурсаў. І я зараз нават не пра грошы. Успомніце, як цяжка было бацьку патлумачыць вам задачу ў два дзеянні, калі вы прыйшлі з вуліцы і не хочаце нічога ўспрымаць. Узгадайце, як вы вучыліся чытаць. Падумайце, колькі часу правялі над кнігамі ў пошуках праўды…
Адукацыя патрабуе вялікай сілы волі, цярпення. Толькі пры дапамозе гэтых якасцей чалавек можа самаўдасканальвацца. Ні для каго не сакрэт: становіцца больш спрактыкаваным той чалавек, што няспынна працуе над сабой, бачыць уласныя недахопы, выпраўляе памылкі. Мовячы словамі беларускага журналіста Сяргея Дубаўца, калі першасным ёсць існаванне чалавека, дык у яго няма іншага кірунку, акрамя як да паляпшэння. Як і Сяргей Іванавіч, я вучуся на факультэце журналістыкі БДУ, актыўна працую над публікацыямі, імкнучыся да ідэалу.
Адукаваны чалавек – гэта чалавек, які ўмее думаць, які ўмее выкарыстоўваць свае веды на практыцы. Які сэнс у сухім запамінанні тэорыі? Навошта вучыць формулы, тэарэмы, правілы, алгарытмы, калі пасля гэтая інфармацыя нікому не патрэбная? Мне здаецца, адукаваны чалавек – найвялікшая каштоўнасць, калі ён прыносіць карысць грамадству. Нездарма Леанарда да Вінчы пісаў: “Жалеза ржавее, не знаходзячы сабе прымянення, стаячая вада гніе альбо замярзае на холадзе, а розум чалавека, не знаходзячы сабе прымянення, чэзне”. На мой погляд, выдатным прыкладам адукаваных людзей, якія знайшлі сваё месца ў жыцці і дапамагаюць іншым, з’яўляюцца нашы вучоныя. У 2012 годзе быў запушчаны ў космас першы беларускі спадарожнік. Нашы фізікі навучыліся вырошчваць ізумруды, як звычайныя, зялёныя, так і рэдкія чырвоныя. Беларускія праграмісты супрацоўнічаюць з найбуйнейшай у свеце кампаніяй “Google”. Вучоныя НАН Беларусі ствараюць сінтэзатар беларускага маўлення, каб у блізкай будучыні ўсе тэлефоны разумелі нашу родную мову. У лістападзе 2016 года беларускія ўрачы ўпершыню ў гісторыі краіны выканалі аперацыю па адначасовай перасадцы лёгкіх і сэрца. Сёння Беларусь актыўна займаецца вытворчасцю супрацьракавых прэпаратаў, якім няма аналагаў ва ўсім свеце. Хіба гэтых дасягненняў мала, каб сказаць, наколькі важная адукацыя?
Такім чынам, адукаваны чалавек – вялікая каштоўнасць, бо ён перадае неацэнны вопыт, няспынна развіваецца, патрабуючы новых рэсурсаў, і ўмее выкарыстоўваць свае веды на практыцы. Быць адукаваным варта, але галоўнае – быць яшчэ і патрэбным грамадству.
Канешне, калі б мяне спыталі наконт коскі, я б паставіў яе пасля слова “нельга”. Але і выраз быў бы ўжо іншы: “Гультаяваць нельга вучыцца”. А дзе пакінеце знак прыпынку вы?