Цярністы шлях асветніка і наватара

Рецензия

Непаразуменне, шквал крытыкі, нават асуджэнне, пагрозы і пакаранні – усё гэта замест прызнання і ўзнагарод часта атрымлівалі магутныя асобы мінуўшчыны, якіх сёння мы лічым геніямі і чыю веліч нельга ўзяць пад сумненне. У сучасным грамадстве лічыцца дзікасцю караць, тым больш забіваць людзей за імкненне да ведаў, да новага. А ці заўсёды прадстаўнікі гэтага грамадства самі з належнай увагай ставіцца да тых, хто спрабуе прыўнесці ў жыццё штосьці новае?

Фота interfax.by

Паразважаць над гэтым пытаннем мяне і, спадзяюся, многіх гледачоў прымусіў спектакль “Кар’ера доктара Рауса” па п’есе Віктара Марціновіча ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Пастаноўка прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і прысвечана лёсу ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Хоць у спектаклі ўвага канцэнтруецца на асобе асветніка Скарыны, пастаноўку нельга лічыць гісторыяй жыцця аднаго пэўнага чалавека. Ды яна і не прэтэндуе на статус тэатральнага жыццяпісу Скарыны: шмат гістарычных недакладнасцей і аўтарскіх фантазій сустракаюцца ў пастаноўцы. “Кар’ера доктара Рауса” ̶ гэта хутчэй аповед пра цяжкія выпрабаванні і пакуты, якімі поўніцца шлях амаль кожнага першаадкрывальніка, вынаходніка, піянера. Аповед пра эмацыянальныя перажыванні чалавека, чые талент і веды доўгі час застаюцца незапатрабаванымі, чые ідэі ніхто не жадае прызнаць вартымі ўвагі. А яшчэ гэта спектакль ёсць заклік да роздуму, наколькі далёка ўперад мы адышлі ад тых, хто ствараў перашкоды і ўчыняў усялякія непрыемнасці Скарыне і іншым наватарам мінулых часоў.

Каб зрабіць падзеі шматвяковай даўніны бліжэй сучаснаму гледачу, стваральнікі спектаклю выбіраюць жанр “гістарычна недакладнай трагікамедыі” і эксперыментуюць са спалучэннем мінуўшчыны і сучаснасці. Нечаканыя перапляценні розных часоў – галоўная адметнасць “Кар’еры доктара Рауса”. Перад гледачамі ў адным абліччы паўстаюць адначасова вялікі ўсходнеславянскі асветнік пачатку Новага часу і сучасны перспектыўны вынаходнік ці прадпрымальнік. Гэтаму спрыяе тое, што ў пастаноўцы пра асветніка эпохі Адраджэння на сцэне стаіць металічная мэбля ў індустрыяльным стылі, галоўны герой носіць сучасны заплечнік і карыстаецца мультымедыйным праектарам для прэзентацыі ўласнага “стартапу”. На заднім плане сцэны – лічбавае табло з пазначэннем гадоў, калі адбываецца пэўная дзея. Усе адсылкі да сучаснасці прывялі мяне ў захапленне. Якім жа дзёрзкім, смелым і ў той жа час акуратным трэба быць, каб уставіць у спектакль пра Скарыну папсовыя песні з 1990-х кшталту “На белом покрывале января” і клятчастыя торбы з усё тых жа дзевяностых, паўжывога адваката ў судзе, загадзя падрыхтаваны прысуд, хамаватых паліцэйскіх, пры гэтым не сапсаваць карціну, а толькі дадаць пярчынкі і захапіць увагу гледача.

Падзякаваць аўтару п’есы, рэжысёру і трупе хочацца менавіта за смеласць. За смелыя паралелі з сучаснасцю, за смелыя фантазіі на тэму эмоцый і душэўнага стану чалавека, які жыў шмат стагоддзяў таму, за смелыя эксперыменты. Раней і не думаў сур’ёзна, што велічныя постаці са старонак падручнікаў таксама праходзілі праз расчараванні, здрады, непрыняцце, што ім таксама ўласцівы звычайныя чалавечыя пачуцці і перажыванні. І толькі апошнія моманты спектаклю мяне ўвогуле не ўразілі з-за сваёй прастаты і збітасці. Параўнанне лепшых часоў, перыяду росквіту культуры пасля доўгага знаходжання ў цемры нявуцтва з вясной, а першых спроб распаўсюдзіць навуку – з зернем, з якога хутка вырасце новае дрэва, зусім не здзіўляе і падаецца, што ў аўтара пад канец працы не засталося сіл на эксперыменты і пошукі.

Выключна пахвальных водгукаў заслугоўвае акцёрская ігра. Выканаўца галоўнай ролі Дзмітрый Давідовіч пераканаўча прадставіў Скарыну па-дзіцячы наіўным, але моцным духам рамантыкам-летуценнікам. Так выдатна сыграны ролі файнага хлопчыка ў галіфэ, суддзі, Лютара, што ў душы разгараецца сапраўдная нянавісць да першых двух і ўзнікае вялікая павага да апошняга.

“Кар’ера доктара Рауса” – выдатная пастаноўка пра энтузіяста, які грукаецца ў дзверы да ўсіх, хто здольны яму дапамагчы і тым самым зрабіць веды і навуку больш даступнымі простаму чалавеку. Ні адны дзверы яму не адчыняюць, але ён не пакідае надзеі, што яго веды і апантанасць стануць патрэбнымі чалавецтву.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *