Калісьці Беларусь была краінай замкаў, бо тэрыторыя нашай краіны заўсёды знаходзілася на полі бітвы мацнейшых і больш агрэсіўных суседзяў. Некаторыя з гэтых волатаў адрэстаўрыраваны і адкрыты для наведвальнікаў, але ёсць і тыя, чый лёс у разы больш смутны…
Навагрудскі замак
Вельмі значная для гісторыі Беларусі архітэктурная пабудова, бо менавіта тут знаходзілася велікакняжацкая рэзідэнцыя да таго, як сталіца ВКЛ была перанесена ў Вільню. На працягу 11-16 стагоддзяў прайшоў вялікі шлях: ад прасцейшай агароджы-частаколу да магутнейшага шматвежавага замка. На жаль, падчас Паўночнай вайны 1706 года замак быў амаль дашчэнту разбураны, рэстаўрацыйныя працы не адбываліся. Зараз нават рэшткі замку знаходзіцца пад вялікай пагрозай знішчэння.
Гальшанскі замак
Чулі пра раман Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”? Верагодна, ён быў напісаны менавіта пра Гальшанскі замак. Як драўляная пабудова вядомы яшчэ з 13 стагоддзя, мураваным жа стаў пасля таго, як перайшоў да роду Сапег. Калісьці яго лічылі адным з самых прыгожых замкаў Літва. Але ў 1880 г. уладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы. Зараз засталіся толькі руіны.
Крэўскі замак
Менавіта тут адбылася адна з трагічна-містычных падзей беларускай гісторыі: у 1382 вялікі князь літоўскі Ягайла загадаў забіць свайго роднага дзядзьку Кейстута, так і адбылося. На працягу яшчэ некалькіх стагоддзяў замак быў значнай абарончай пабудовай, але з 17 стагоддзя, калі была разбурана першая вежа пачаў губляць свё стратэгічнае значэнне. Пасля многіх войн ад замка засталіся толькі рэшткі. У 1929 годзе была спроба закансервіраваць замак, але пасля Другой сусветнай вайны стан замка яшчэ пагоршыўся. Больш спроб адрэстаўраваць яго не было.
Быхаўскі замак
Гэты замак зараз знаходзіцца ў лепшым стане, чым папярэднія, да нядаўніх часоў у яго будынку знаходзіўся цэх па вырабу мэблі. Знаходзіцца Быхаўскі замак на ўсходнім канцы горада, на правым беразе ракі Дняпро. У 14-15 стагоддзях тут было размешчана больш ранняе пасяленне. На працягу многіх стагоддзяў замак іграў ролю асноўнага з умацаванняў Быхава. У 1590 годзе скінуў свае драўляныя і земляныя ўмацаванні – быў перабудаваны на камень. За сваю гісторыю перажыў шмат аблог.
Смалянскі
Замак знаходзіцца ля в. Смаляны і займае нізкі забалочаны ўчастак на левым беразе р.Адроўкі. Быў пабудаваны ў другім дзесяцігоддзі ХVІІ ст. Руіны замка сведчаць, што ён быў пабудаваны па традыцыйнай схеме: меў звычайную для замкаў таго часу браму-ўезд, якая была вышынёй з сам корпус замка. Гэта адзін з самых недаўгавечных замкаў Беларусі – яго руйнаванне пачалося ўжо ў ХVІІІ стагоддзі, а скончылася дзесьці праз 200 год, калі новы ўладальнік замка сенатар з Расіі Сямёнаў пусціў стары замак на новую цэглу.