Я ўпэўнены, што кожны чуў выраз “у цябе няма душы”. Спадзяюся, пачулі вы яго не ў свой адрас. Ніхто дэтальна не ўглыбляецца ў гэтыя словы, бо ўсе ведаюць, што маецца на ўвазе. А калі задумацца, то што з сябе ўяўляе тая душа, дзе яна знаходзіцца і, наогул, ёсць яна ў чалавека або гэта проста выдумка? Пытанняў шмат, але знайсці адзін канкрэтны адказ даволі складана. Душа – гэта не тое, што можна ўбачыць і да чаго датыкнуцца, яе наяўнасць можна толькі адчуць. Калі мы маем доўгія адносіны з чалавекам, то можам сказаць, добразычлівы ён ці не. Менавіта падчас такіх роздумаў мы робім выснову, ці ёсць у нашага сябра душа. Усё суб’ектыўна і індывідуальна, але сэнс заўсёды адзін.
Для многіх людзей па ўсім свеце храм – гэта будынак веры і надзеі, тое месца, дзе будуць лішнімі жарты, дзе ты можаш адчуць сябе сапраўдным. Вы бачылі, як выглядаюць храмы? Гэтыя велічныя пабудовы ўпрыгожваюць кожны горад, а вельмі часта іх можна пабачыць і ў вёсцы.
“Храм душы” ёсць у кожным з нас. А “дарога” да яго для асобнага чалавека будзе рознай. Яшчэ з дзяцінства мы самі або нашы бацькі намагаліся знайсці той занятак, які будзе падабацца нам: камусьці куплялі розныя маркі лялечных аўтамабіляў, кагосьці радавалі наборам маленькага посуду, а хтосьці быў ўдзячны і за энцыклапедыю з інфармацыяй пра жывёл.
Пачынаючы з садка і працягваючы школай мы знаходзім сабе кампанію людзей, з якой нам камфортна бавіць час. Кожны з удзельнікаў групы дзеліцца асабістым вопытам, які паспеў набыць у перыяд свайго кароткага жыцця. З часам адны людзі з кампаніі замяняюцца іншымі, бо хтосьці як раз зрабіў патрэбны яму выбар, выйшаў на “шлях да храма сваёй душы”.
Штогод установы адукацыі наведваюць людзі, якія праводзяць прафарыентацыйную дзейнасць. Падчас сустрэч вучні чуюць шмат інфармацыі аб самых розных прафесіях. Такія размовы – таксама спроба дапамагчы кожнаму школьніку знайсці “дарогу да храма душы”.
Куды ж трэба ісці, каб трапіць у той самы “храм”? Нікуды крочыць не трэба, ты ўсё ведаеш сам! Тым больш, што ў наш час існуе шэраг секцый, праграм, праектаў і устаноў, з дапамогай якіх ты станеш тым, кім хочаш.
Шмат людзей лічаць, што дапамога захавае свет. Я цалкам згодны з такім меркаваннем. Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі дае магчымасць кожнаму жадаючаму прыняць удзел у дапамозе ветэранам, дзецям вайны, а таксама тым людзям, якім патрэбна дапамога. У нашай дзяржаве існуе акцыя “Пасадзі дрэва!”, далучыўшыся да якой мы можам зрабіць планету крыху лепшай і зелянейшай.
Беларускія IT-спецыялісты лічацца аднымі з самых добрых у свеце. Ужо са школьных парт дзеці мараць паспрабаваць сябе ў робататэхніцы, праграміраванні, вэб-дызайне і іншых відах дзейнасці. Ствараюцца гурткі, падчас якіх можна ўдасканаліць свае веды ў пэўнай сферы. У 2005 годзе ў Мінску быў створаны “Парк высокіх тэхналогій”. У гэтым месцы сканцэнтраваны лепшыя ІТ-спецыялісты Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых дзяржаў. Многія з вас, напэўна, не толькі чулі, але і карысталіся такімі дадаткамі, як “Viber”, “MSQRD”, “Flo”. Так, гэта распрацоўкі беларускіх праграмістаў. “Парк высокіх тэхналогій” вывеў на “шлях да храма душы” не аднаго грамадзяніна нашай краіны.
У газеце “Звязда” я прачытаў цікавае інтэрв’ю з карэспандэнтам АНТ Аляксандрам Мацясам. Гэтага чалавека можна ўзяць у якасці прыклада таго, якім чынам можна высці на “дарогу да храма сваёй душы”. Аляксандр расказаў аб тым, як трапіў на тэлеканал, якіх герояў шукаў для сваіх сюжэтаў і што яму падабаецца ў размове з простымі людзьмі. Вельмі часта Аляксандр Мацяс робіць сюжэты пра звычайных рабочых, якія ўсё жыццё пасвяцілі сваёй справе. Для Аляксандра журналістыка – “дарога да храма душы”, такую выснову я зрабіў пасля прачытання інтэрв’ю.
Стаўце мэты, дасягайце іх і стаўце новыя, спрабуце, намагайцеся, удзельнічайце, не бойцеся памыляцца – вось, што мне хочацца параіць кожнаму, хто заблытаўся і не можа выйсці на “шлях да храма сваёй душы”.
