Маларыцкае народнае вучылішча

Важное Город

У дарэвалюцыйны час асвета ў краіне развівалася марудна. Пад уздзеяннем грамадскага руху ў 50-60-ых гадоў ХІХ стагоддзя пачаліся праводзіцца рэформы ў галіне народнай адукацыі. Навучальныя ўстановы розных ведамстваў перайшлі ў падпарадкаванне Міністэрства народнай асветы. Былі ліквідаваны школы памешчыкаў, праваслаўнага і каталіцкага духавенстваў… Пачатковыя школы на вёсцы сталі называцца народнымі вучылішчамі.
Напачатку 1862г. пачатковая школа адкрылася і ў мястэчку Маларыта Брэсцкага ўезда. Тады яе наведвала 4 дзяўчынкі і 32 хлопчыкі. У вучылішча прымаліся дзеці, якія ўжо дасягнулі ўзросту 8 гадоў. Навучанне працягвалася на працягу 3 гадоў. Кожны клас сядзеў асобна. Акрамя таго, хлопчыкі сядзелі асобна ад дзяўчынак.
Маларыцкае вучылішча было адным на некалькі воласцей. У ім навучаліся дзеці з Маларыцкай, Олтушскай, Вялікарыцкай і Камянец-Жыравіцкай воласцей. Так працягвалася да 1917г. Пасля гэтага года ў населеных пунктах згаданых адміністрацыйных адзінак пражывала разам каля 40 тысяч чалавек. Аднак пачатковая школа па-ранейшаму была толькі адна ў Маларыце. У ёй у 1917г. навучалася 150 дзяцей.
У Маларыцкім вучылішчы, якое размяшчалася ў сялянскай хаце, цеснай і непрыстасаванай да заняткаў, існавалі матэрыяльныя цяжкасці. Урад амаль не выдзяляў сродкаў. Установа адукацыі знаходзілася на ўтрыманні сялян.
Архіўныя дакументы сведчаць, што заняткі ў школе пачыналіся 1 верасня і заканчваліся 1 мая. За партай удзень дзеці праводзілі 6 гадзін. Пасля заканчэння кожнага навучальнага года вучні здавалі экзамены. Вучыцца было нялёгка. Часта адзін падручнік прыходзіўся на ўвесь клас. Сшыткаў у школьнікаў зусім не было. Усе пісьмовыя работы выконваліся на аспідных дошках (дошка са слаістага мінералу чорнага колеру таўшчынёй 20 мм і памерам са школьны сшытак, на якой пішуць грыфелем ці палачкай).
У школах вялікае значэнне надавалася Закону Божаму і царкоўнаму спяванню. Настаўнік павінен быў назіраць за тым, каб вучні выконвалі абрады царквы і наведвалі яе кожную нядзелю. Штодзень заняткі пачыналіся і заканчваліся малітваю. Акрамя таго, у народных вучылішчах – у Маларыцкім таксама – дзяцей навучалі чытанню, пісьму і чатыром правілам арыфметыкі. Выкладаліся наступныя прадметы: 1. руская граматыка (чытанне кніжак грамадзянскага і царкоўнага друку, чыстапісанню і хуткапісу); 2.чатыры правілы арыфметыкі з простымі лічбамі з тлумачэннем мер, вагаў, манет і паказам “ужывання лічыльнікаў”; 3.Закон Божы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *